Навіны

Разгон мірных дэманстрантаў у Гародні. (фота).

У нядзелю шостага верасня гарадзенцы, як і многія іншыя жыхары Беларусі, выйшлі на чарговую акцыю пратэсту супраць катаванняў, затрыманняў, фальшаванняў і іншай несправядлівасці. Патрабаванні жыхароў гораду над Нёманам засталіся былыя, як і ў іншых пратэстоўцаў з іншых рэгіёнаў.

Ужо ад пачатку, калі пачалі фармавацца першыя калоны, стала зразумела, што сілавікі настроеныя прымяняць сілу супраць мірных дэманстрантаў. Ужо а палове другой на скрыжаванні вуліц Пушкіна і Астроўскага на калону, якая абмінала кардон сілавікоў, наляцеў АМАП і адбыліся першыя затрыманні. Людзям удавалася адбіць некаторых пратэстоўцаў, але сілавікі вырывалі з счэпак крайніх і цягнулі іх у аўтазакі.

Сітуацыя паўтарылася і недалёка ад шклозавода, дзе калона пратэстоўцаў рухалася да філармоніі. Там быў упершыню ў гэты дзень ужыты слезацечны газ. На жаль не апошні раз.

Галоўныя плошчы былі перакрытыя. На вуліцах з’явілася нават баявая тэхніка. Людзі ўсё ж прарываліся як маглі, каб аб’яднацца. Як ім перагароджвалі шлях, яны рухаліся іншымі маршрутамі, каб не канфліктаваць з сілавікамі. Нарэшце шматтысячная калона пайшла па вуліцы Перамогі, дзе ля універсама “Брэст” людзям дарогу перагарадзілі АМАПаўцы. Сілавікі чарговы раз ужылі газ і атакавалі мірных дэманстрантаў. Ужываліся спецсродкі, дубіны. Людзей, сярод якіх былі і жанчыны, брутальна цягнулі ў аўтазак па асфальце.

Газ і спецсродкі ў Гародні ў гэты дзень прымянялі і ў іншых месцах.

Людзі выяўлялі салідарнасць, адчынялі пад’езды і кватэры каб схаваць пратэстоўцаў, вывозілі і прывозілі іх назад на асабістых машынах.

Пратэстоўцы нават пасля разгону збіраліся зноў і патрабавалі ад сілавікоў ачысціць вуліцы і вызваліць затрыманых.

У выніку некалькі дзесяткаў затрыманых. Некаторых з іх ужо выпусцілі, пасля складання пратаколаў.

 

 

06.09.2020 Тэгі: акцыі, пераслед, Гародня

Відэа

праваабарончыя сайты