Навіны

У Гародні зноў ужылі неапраўданую сілу да мірных дэманстрантаў

У нядзелю, 6-га верасня гарадзенцы, як і іншыя грамадзяне Беларусі выйшлі на мірныя акцыі пратэсту супраць фальсіфікацый, несправядлівасці, арыштаў і здзеку з людзей. Менавіта збіццё людзей на мірных акцыях пратэсту 9-га – 12-га жніўня выклікала усеагульнае абурэнне і магутную хвалю пратэсту ў Беларусі. Здавалася, пасля гэтага сілавікам далі загад зменшыць злоўжыванне сілай. Але на доўга іх не хапіла. Не прайшло і месяца, як у гэту нядзелю гарадзенцы ўбачылі і баявую машыну на вуліцах свайго гораду, і брутальныя затрыманні, і ужыванне газу для разгону мірных дэманстрантаў, і нічым неабгрунтаванае ўжыванне спецсродкаў і сілы супраць іх.

Дзмiтрый Парахоўнiк прысутнічаў на мірнай акцыі ў Гародні супраць гвалту, катаванняў, парушэнняў заканадаўства і іншага беззаконня, якое адбываецца ў нашай краіне сёння. Каля 16.00 на вуліцы Гарнавых (прыпынак Малочны Мір), супрацоўнікі АМАПу перагарадзілі далейшы рух мірным пратэстоўцам. Калона спынілася ў 15-20 метрах ад супрацоўнікаў АМАПу, у гэты час супрацоўнікі АМАПу, падрыхтаваўшы спецсродкі (у тым ліку і газ), пачалі атаку на мірных пратэстуючых.

Убачыўшы тое, што ў бок Дзмітрыя бягуць супрацоўнікі АМАПу і ўжываюць слезацечны газ і дубінкі супраць пратэстуючых, ён паспрабаваў сысці ў бок, але калі зразумеў, што не паспее сысці, проста ўпаў на зямлю, абараняючы жыццёва важныя органы (галаву, жывот) і праз секунд 10-15 апынуўся ў асяроддзі супрацоўнікаў АМАПа.

Дзмiтрый ляжаў на зямлі і не аказваў ніякага супраціву, але атрымаў некалькі ўдараў дубінкамі ад супрацоўнікаў АМАПа зверху па руках, якімі абараняў галаву. Далей без папярэджання і просьбы прайсці разам з супрацоўнікамі АМАПу, яго ўзялі чатыры супрацоўнікі за рукі і ногі (пры гэтым з яго зляцеў абутак і парвалася майка), занеслі і кінулі яго ў аўтазак, суправаджаючы ўсе гэтыя дзеянні нецэнзурнай лексікай і пагрозамі яго жыццю і здароўю.

У аўтазаку яго кінулі ў камеру 1х1 метр з яшчэ адным чалавекам, было вельмі душна, не хапала паветра, хлопцы дыхалі праз маленькую адтуліну ў дзверы камеры (просьбы і скаргі на адсутнасць паветра супрацоўнікамі ігнараваліся).

Праз 40-60 хвілін іх даставілі ў РАУС Кастрычніцкага раёна горада Гародні. Па прыбыцці ў РАУС затрыманых выпусцілі па некалькі чалавек, і, аддаючы іх рэчы з аўтазака, адпраўлялі станавіцца да сцяны, дзе загадалі адключыць тэлефоны.

Пасля чаго, затрыманых па адным адпраўлялі ў будынак РАУС ў суправаджэнні супрацоўнікаў міліцыі для складання пратаколаў. Працэдура ўстанаўлення асобы і складання пратаколу заняла каля 1 гадзіны, на працягу якой пры просьбе паказаць асабістыя рэчы (сумка, кофта, куртка, тэлефон), тэлефон папрасілі пакласці на стол супрацоўніка міліцыі, каб ён меў мажлівасць яго забраць, абгрунтоўваючы гэта забеспячэннем выканання адміністрацыйнага спагнання ў выглядзе штрафу.

Копію пратаколу Дзмiтрыю Парахоўнiку не далі. На самым пратаколе ён пазначыў "з пратаколам не згодны".

У сувязі з тым, што Дзмітрый ні разу не прыцягваўся да якой-небудзь адказнасці, ён папросту не ведаў пра ўсе тонкасці адміністрацыйнага працэсу, па няведанні падпісаў ўсе паперы. Старэйшым лейтэнантам міліцыі, Панамаровым Аляксеем Андрэевічам, была складзена пастанова пра накладанне арышту на маёмасць, якая пасля была аддадзена на рукі.

З такой фармулёўкай сваіх дзеянняў, названых у пастанове аб накладанні арышту на маёмасць, Дзмітрый не быў згодны. Тэкст вышэйпаказанай пастановы быў складзены супрацоўнікам міліцыі "шаблонна", ніякіх тлумачэнняў супрацоўніку міліцыі не даваў (падпісаў паперы Дзмiтрый Парахоўнiк па няведанні і пад ціскам супрацоўніка міліцыі). Пасля чаго яго адпусцілі, сказаўшы чакаць позву ў суд.

У тым, якое рашэнне вынесе суд сумневаў няма.

А чарговую хвалю прымянення сілы да мірных пратэстоўцаў з боку сілавікоў можна разглядаць як вяртанне да нядаўніх метадаў разгону мірных дэманстрацый. Тым больш, што ў гэты дзень сілавікі прымянялі газ і неапраўданую сілу не толькі ў Гародні.

Відэа

праваабарончыя сайты