Навіны

Віктар Сазонаў: Рэпрэсіі будуць толькі нарастаць

Праваабаронца Віктар Сазонаў штодня займаецца маніторынгам пратэстаў у Беларусі і лічыць акцыю ў Гародні 6-га верасня чарговым пачаткам зверстваў прааахоўных органаў.

Кажа Віктар Сазонаў:

– Зверствы зноў пачаліся. І, зразумела, што дадзена адмашка, таму што як мы бачым, сілавікі выконваюць загады. Калі ім кажуць затрымліваць людзей не так жорстка, як яны гэта рабілі, яны гэта робяць. Калі быў выстаўлены тоўсты ланцуг гэтых АМАПАўцаў, і калі мы бачылі, як яны ўжываюць газ супраць мірных грамадзян, бачылі іхную атаку на мірных грамадзян, і бачылі жорсткае затрыманне, нават тое, як яны білі людзей, тое, як яны цягнулі  людзей.

Па словах Віктара Сазонава, рэпрэсіі будуць толькі павялічвацца:

– Перакананы, што затрыманні будуць працягвацца. Прычым не толькі на мірных акцыях, а будуць вылічвацца і затрымлівацца ў час, калі людзі будуць ісці на працу, альбо дахаты. Будуць хапацца людзі, якія ўдзельнічалі, альбо не ўдзельнічалі ў гэтых акцыях. Будуць іншыя формы ціску на грамадства апрабоўвацца і вынаходзіцца. Бо ўлада не збіраецца падпарадкоўвацца волі народа.

У Гародні у мінулыя выходныя было затрымана больш за сотню чалавек. Людзей выхоплівалі на прыпынках, забіралі бел-чырвона-белыя сцягі. А найбольш жорсткія затрыманні адбыліся каля ўніверсама “Брэст”, куды былі сагнаныя салдаты ўнутраных войскаў і гарадзенскі АМАП.    

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Чытай больш на: https://www.racyja.com/hramadstva/viktar-sazonau-represii-buduts-tolk/

09.09.2020
Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя

Відэа

праваабарончыя сайты