Навіны

Што важней для суда: інструкцыя ці чалавек?

Паводле артыкула 2.14 Працэсуальна-выканаўчага кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях справы аб адміністрацыйных правапарушэннях разглядаюцца адкрыта.

Аднак справы затрыманых у Смаргоні на несанкцыянаваным мерапрыемстве, якое адбылося ў дзень выбараў 9 жніўня, фактычна разглядаліся ў зачыненым рэжыме.

Так, 11 і 12 жніўня родзічы затрыманых бегалі ад РАУСА да суда і наадварот, каб атрымаць інфармацыю аб часе і месцы разгляду спраў іх родных. Але марна. Гэта інфармацыя была фактычна засакрэчанай.

Не мог патрапіць на судовыя працэсы і праваабаронца Алесь Дзергачоў.

З нагоды парушэння правоў родзічаў затрыманых і яго, ён напісаў зварот у кнігу заўваг і прапаноў суда.

У звароце звярнуў увагу на парушэнне судом прынцыпа галоснасці ў працы. Таму прапанаваў пры паступленні з РАУС у суд спраў затрыманых неадкладна вывешваць на дошцы аб’яў інфармацыю калі, які суддзя і ў якім памяшканні будзе разглядаць справу, або паведамляць родзічам па пералічаных у звароце 12 нумарах тэлефонаў.

Але суд праігнараваў прапанову.

Роўна праз 15 дзён пасля звароту, а дакладней 27.08.2020, старшыня суда Людміла Пятрова накіравала Алесю Дзергачову афіцыйны адказ. У ім паведаміла, што Інструкцыя Вярхоўнага суда абавязвае складаць спіс спраў для разгляду напярэдадні кожнага рабочага. А справы адміністрацыйна затрыманых мусяць разглядацца ў дзень паступлення адпаведных матэрыялаў у суд. Таму ўнясенне інфармацыі ў спіс аб іх прызначэнні да разгляду ў дзень паступлення пярэчыць Інструкцыі.

Ну калі фармальна нельга інфармаваць праз дошку прызначаных да разгляду спраў, то чаму б не інфармаваць неадкладна сваякоў праз тэлефон? На гэта Людміла Пятрова адказала, што сваякі не з’яўляюцца ўдзельнікамі адміністрацыйнага працэсу, а таму падстаў для іх інфармавання не мелася.

Відавочна, што фармальна-бюракратычны падыход – прыкмета сучаснай судовай сістэмы. Яе не турбуюць ні адарванасць ад знешняга свету адміністрацыйна затрыманых, ні слёзы іх родных.

Відаць, без пераменаў у сістэме не абыйсціся.

Відэа

праваабарончыя сайты