Навіны

Купалаўцы з намі, а мы – з купалаўцамі

Нацыянальнаму Акадэмічнаму тэатру імя Янкі Купалы 14 верасня спаўняецца 100 гадоў. У 1920-1926 гадах ён меў назву Беларускі дзяржаўны тэатр (БДТ), а ў 1926-1944 гадах – БДТ-1.

Нацыянальны Акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы – гэта наша нацыянальная Эльдарада ў Рэспубліцы Беларусь. А калі яна ёсць, то замкамі казачную і каштоўную краіну, якую мы маем у нашай сталіцы, якой мы ганарымся, якую любім, -- зачыніць немагчыма. Наша ўлада не ведае, ды і не чула, што некалі сказаў Мікалай Гогаль, а ён сказаў настурнае: “Тэатр нічуць не дробязь і зусім не пустая рэч. Гэта такая кафедра, з якой можна шмат сказаць свету дабра”. І Купалаўцы сказалі найперш свайму народу, што мы – беларусы, што мы хочам лепш жыць, тварыць, зарабляць так, каб можна было карміць сям’ю, адпачываць, жыць па-людску. Наша Эльдарада – не міфічная, а рэальная. У ёй працуюць людзі, у якіх ёсць сем’і і праблемы, радасці і клопаты. І тэатр Янкі Купалы, як і сам пясняр, былі і застаюцца з народам. Купалаўцы, як і мы ўсе, не любяць, калі нас абражаюць, п’юць, хлусяць, фальсіфіцыруюць…

Гітлераўцы ў гады Другой сусветнай вайны не закрылі беларускі тэатр № 1, ён у 1943 годзе прыязджаў у Слонім на гастролі. А сёння ў незалежнай краіне знайшліся "разумнікі", у якіх паднялася рука на наш вялікі тэатр – наша нацыянальнае Эльдарада. Калі пачынаюць закрываць у краіне тэатры – гэта бяда. У нас іх і так няшмат. А Беларусь – тэатральная краіна.

Для мяне Купалаўскі тэатр – храм мастацтва. Я любіў яго заўсёды і люблю цяпер. Пасля капітальнага рамонту я глядзеў на яго сцэне славутую “Паўлінку” па п’есе Янкі Купалы. Спектакль – шэдэўр сусветнага тэатральнага мастацтва. Яго паставіў Леў Літвінаў, а ролю Паўлінкі сыграла маладая артыстка тэатра Кацярына Алейнікава. У спектаклі былі заняты таленавітыя артысты, зоркі нашага тэатра Віктар Манаеў, Павел Харланчук, Арцём Бародзіч, Алена Сідарава, Тамара Міронава, Міхась Зуй і многія іншыя артысты тэатра.

Час бяжыць хутка. Я добра памятаю спекталі, дзе цудоўна ігралі свае ролі народныя артысты Здзіслаў Стома, Віктар Тарасаў, Галіна Макарава, Стэфанія Станюта…Мінск – гэта не толькі плошча Перамогі, цырк, парк Горкага… Мінск – гэта найперш наш Нацыянальны Акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы. Мінск пачынаецца з купалаўцаў.

Лічу, што тэрмінова трэба вярнуць Паўла Латушку і ўвесь калектыў у тэатр, урачыста адзначыць 100-гадовы юбілей тэатра і не жартаваць такімі дзікімі выбрыкамі ў адносінах да нашай залатой, каштоўнай, сцэнічнай Эльдарады – Купалаўскага тэатра. Бо купалаўцы з намі, а мы – з купалаўцамі.

Дарэчы, літоўскі тэатр “Alytaus teatras” у Алітусе нядаўна адкрыў свой новы тэатральны сезон акцыяй салідарнасці з Купалаўскім тэатрам. На акцыі гучалі вершы Янкі Купалы і была аформлена выстава з фотапартрэтамі купалаўцаў, якія звольніліся з тэатра ў знак салідарнасці з Паўлам Латушкам, і якія выступілі супраць тых, хто падняў рукі на беларускі народ, на нашу культуру і гісторыю.

Сяргей Чыгрын

13.09.2020 Тэгі: Сяргей Чыгрын

Відэа

праваабарончыя сайты