Навіны

У Гарадзенскім раённым судзе аштрафавалі 6 жыхароў Скідаля

Пасля судовага перапынку суддзя Дзмітрый Грышын амаль паўтары гадзіны праглядаў відэа, прадастаўленае скідзельскімі міліцыянтамі. У прысутных нават склалася ўражанне, што суддзя сапраўды хоча дэталёва разабрацца ў матэрыялах справы. Аднак, пастанова Грышына сталася прадказальна карнай. Не ўзяўшы пад увагу шматлікія працэсуальныя парушэнні з боку міліцыі і фактычную недаказанасць віны жыхароў Скідаля ў парушэнні заканадаўства, суддзя прысудзіў усім вялікія штрафы - Андрэй Міхальчук, Аксана Апасановіч, Валерый Кашаў, Уладзімір Іаскевіч, Васіль Будзько засуджаны да 22 базавых велічынь кожны, Дзмітрый Біліда - да 20 базавых штрафу. Відавочна, што гэта было не юрыдычнае, а палітычнае рашэнне, а суды разам з міліцыяй пераўтвараюцца ў карныя органы.

Але на гэтым пераслед скідальскіх жыхароў не заканчваецца. Проста ў судзе кіраўнік гарадскога аддзелу міліцыі Скідаля маёр Сяргей Базянкоў разам з сваім намеснікам маёрам Кісялёвым уручылі ім позвы з выклікам у міліцыю на 16 верасня. У дачыненні да актыўных грамадзян хутчэй усяго пачаты новы адміністрацыйны працэс.

***

15 верасня ў Гарадзенскім раённым судзе разглядаецца адміністрацыйная справа 6 жыхароў Скідаля, на якіх склалі пратаколы за нібыта несанкцыянаванае мерапрыемства, якое прайшло ў гэтым гарадку 6 верасня. У суд былі выкліканы Андрэй Міхальчук, Аксана Апасановіч, Валерый Кашаў, Уладзімір Іаскевіч, Дзмітрый Біліда, Васіль Будзько.

 

Судзяць за акцыю ў Скідалі 6 верасьня, калі гэтыя жыхары былі ў цэнтры гораду, у некаторых на плячах былі бел-чырвона-белыя сцягі. Усе справы працэсуальна аб'яднаныя ў адну. Вядзе разгляд суддзя Дзмітрый Грышын. Міліцэйскі орган, які пачаў працэс, прадстаўляе Аляксей Макрушыч. Паводзіны гэтага міліцыянта надзвычай дзіўныя - на ім пагоны старэйшага лейтэнанта міліцыі, аднак Макрушыч называе сябе капітанам.

Васіль Будзько, які прыехаў у суд хворым, напісаў хадайніцтва, каб адміністрацыйная справа разглядалася без яго прысутнасці. Суддзя задаволіў гэтае хадайніцтва. Міліцыя вельмі неахайна пачала і вяла адміністрацыйную справу - нікога з абвінавачаных не азнаёмілі з іх правамі, нікому не далі копію пратакола на рукі. Сведкамі ў суд міліцыянты прывезлі выпадковых мінакоў-скідальцаў. Адзін з іх увогуле інвалід 1-й групы і пасля інсульту мае вельмі кепскі зрок. Натуральна, што нічога асабліва ён не мог бачыць на вуліцы і ўцямнага не мог сведчыць на судзе. Паказанні іншых сведкаў таксама не пацвердзілі не толькі віну, але нават прысутнасць азначаных асобаў на вуліцы Леніна 6 верасня. У матэрыялах справы міліцыя недарэчна называе месца нібыта здзяйснення правапарушэння як плошча Леніна, а такога аб'екта ў Скідалі не існуе ўвогуле.

Ніхто з шасці чалавек сваю віну не прызнаў. Скідальцы спасылаліся на нормы Канстытуцыі і даводзілі, што нічога не парушалі. Фактычна масавага мерапрыемства не было, а была прысутнасць на вуліцы людзей з нацыянальнымі сцягамі, якія не забаронены ніякімі нарматыўнымі актамі. А калі дайшло да прагляду відэа, то выявілася, што старшы лейтэнант-капітан Макрушыч паблытаў дыскі і не прадставіў патрэбнае відэа ў поўным аб'ёме. У звязку з гэтым суддзя абвесціў у працэсе перапынак да 14.30.

Відэа

праваабарончыя сайты