Навіны

"Злачынствам супраць чалавечнасці" назвалі праваабаронцы масавыя катаванні ў Беларусі

Віцэ-прэзідэнт FIDH, намеснік старшыні Праваабарончага цэнтра “Вясна” Валянцін Стэфановіч

Віцэ-прэзідэнт FIDH, намеснік старшыні Праваабарончага цэнтра “Вясна” Валянцін Стэфановіч

Віцэ-прэзідэнт FIDH, намеснік старшыні Праваабарончага цэнтра “Вясна” Валянцін Стэфановіч 16 верасня прыняў удзел у віртуальнай прэс-канферэнцыя “Беларусь: Катаванні як мэтанакіраваная дзяржаўная палітыка”, якую праводзілі Сусветная арганізацыі супраць катаванняў (ОМСТ) і Праваабарончы цэнтр "Вясна".  Удзел у канферэнцыі бралі некалькі ахвяраў катаванняў ў Беларусі ў перыяд з 9 да 13 жніўня.

На думку Валянціна Стэфановіча вельмі важна было данесці інфармацыю пра масавыя катаванні да грамадскасці, да міжнародных сродкаў масавай інфармацыі, асабліва напярэдадні слуханняў па сітуацыі ў Беларусі ў Савеце па правах чалавека ААН, якія адбудуцца ў наступную пятніцу.

“Мы зараз чуем усё больш з розных дзяржаўных крыніц, СМІ, асабіста Лукашэнкі, ад міністра унутраных спраў, што такога нічога не было, што нас тролілі сінякамі, а дзяўчаты проста мазалі “попы фарбай”, каб паказаць сляды збіцця. Пад час прэс-канферэнцыі мы пачулі тры розныя расповяды ад розных людзей, якія ў нечым аднолькавыя, а ў нечым – розныя, пачулі шакуючыя факты пра тое, як падвяргаліся сэксуальнаму гвалту жанчыны і дзяўчыны, якіх распраналі на вачах у амапаўцаў, як здзекваліся над імі, пагражаючы згвалціць,” - казаў праваабаронца.

Генеральны сакратар Сусветнай арганізацыі супраць катаванняў (ОМСТ) Джэралд Стэйброк напачатку канферэнцыі адзначыў, што ўсе сёння “павінны разумець цяперашні крызіс не толькі як палітычны, але, перш за ўсё, як крызіс правоў чалавека. І ў гэтым крызісе правоў чалавека катаванні з'яўляюцца цэнтральнай часткай тых рэпрэсій, сведкамі якіх мы сталі. Пасля выбараў мы бачылі наўмысную, спланаваную і арганізаваную палітыку жорсткасці, у якой катаванні, жорсткае і зневажальнае абыходжанне неслі наўмысны сэнс пакарання альбо папярэджання”.

staberock.jpg
Джэралд Стэйброк. Фота: facebook.com/WorldOrganisationAgainstTorture

 

“Мы бачылі як з часам мянялася тактыка. Але катаванні і гвалт застаюцца. І адна з рэчаў, якую мы бачылі, у прыватнасці, акрамя гвалту, які працягваецца, асабліва ў міліцэйскім транспарце і падчас затрыманняў і г.д., а таксама вяртання да новых затрыманняў, гэта расправа і пагрозы ахвярам катаванняў і жорсткага абыходжання. Дзяржава не хоча вырашаць сітуацыю. І вось мы зноў у сферы злачынства супраць чалавечнасці. Мы бачым, што няма ні прызнання праблемы, ні суперажывання ахвярам, ​​ні выбачэнняў. Пацярпелыя, калі яны звяртаюцца па медыцынскую дапамогу, рызыкуюць трапіць пад судовы пераслед. Людзі, якія звяртаюцца са скаргамі, падвяргаюцца рэпрэсіям праз незаконныя абвінавачванні, якія ім будуць неадкладна прад’яўленыя. Такім чынам, мы маем справу з катаванням як наўмыснай палітыкай, спалучанай з беспакаранасцю і расправай над ахвярамі”, -  адзначыў Джэралд Стэйброк.

Валянцін Стэфановіч канстатуе, што катаванні ў Беларусі насілі масавы і сістэмны характар.

“Гэта не было эксцэсам двух-трох чалавек. Гэта пракацілася па ўсёй краіне і, відавочна, гэтыя дзеянні былі падрыхтаваныя. Іх задача – пакараць людзей за удзел у мірных дэманстрацыях, за выказванне свайго меркавання і ўвогуле, за падтрымку ня тых кандыдатаў, якіх трэба было. Гэта былі палітычна матываваныя катаванні, што з’яўляецца злачынствам супраць чалавецтва," - адзначыў Стэфановіч.

Праз два дні Савет па правах чалавека ААН правядзе тэрміновае абмеркаванне сітуацыі ў Беларусі.

Джэралд Стэйброк лічыць, што ў сітуацыі, калі краіна "не гатовая прызнаць крызіс у галіне правоў чалавека і зрабіць захады па выпраўленні становішча, жыццёва важна, каб КПЧ ААН дзейнічаў рашуча і прыняў моцную рэзалюцыю, каб спыніць такія парушэнні, як катаванні, забяспечыць адказнасць вінаватых і наладзіць эфектыўны працэс расследавання і збору фактаў, як гэта было зроблена ў іншых краінах."

 

http://spring96.org/be/news/99542

Відэа

праваабарончыя сайты