Навіны

Эдвард Дмухоўскі: Невядомыя затрымалі вельмі гвалтоўна

З гарадзенскай турмы 29 верасня выйшаў грамадскі актывіст Эдвард Дмухоўскі, якога 27 верасня затрымалі невядомыя на адной з гарадзенскіх вуліц.

Кажа Эдуард Дмухоўскі: – З боку пад’ехаў бус з людзьмі ў такой зялёнай форме. Іх называюць касманаўтамі або гемадрыламі. Людзі, якія там стаялі, пачалі ўцякаць. І я пачаў уцякаць. Але не здолеў уцячы. Мяне злапалі.

РР: Ці прымянялі да вас якую фізічную сілу?

– Мяне адразу ўдарылі, я прысеў, схапілі, зацягнулі ў свой бус, сказалі, каб я лёг на падлогу. Я сказаў, што на падлогу я класціся не буду. Мяне пачалі біць.

Па словах Эдварда Дмухоўскага, на ўсіх затрыманых у Гародні складалі аднолькавыя пратаколы:
 
– Яны ўзялі ў мяне тлумачэнні. А пасля я пачытаў іхні пратакол. Пратакол быў аднолькавы на ўсіх, не важна, дзе чалавека затрымалі. У сэнсе: быў у раёне кінатэатра “Усход”, удзельнічаў у інаўгурацыі Ціханоўскай, крычаў: „Жыве Беларусь!” і розныя такія рэчы. Мяне там не было – каля кінатэатра “Усход”. Таму я адмовіўся падпісваць гэты пратакол. Там міліцыянт распісаўся. І потым нас завезлі ў гарадзенскую турму.
 
 
Па словах Эдуарда, ахоўнікі турмы ставіліся да затрыманых лагодна. Справу Эдварда Дмухоўскага адправілі ў Ленінскі РАУС на дапрацоўку, бо пад час судовага разбіральніцтва сведка зазначыў, што Дмухоўскага ні каля "галактыкі", ні каля кінатэатра "Усход" не бюыло, як і заяўляў сам затрыманы ў сваіх тлумачэннях.
 
Беларускае Радыё Рацыя
 
Фота "Гарадзенскай вясны" і Сяргея Апановіча


 

Відэа

праваабарончыя сайты