Навіны
Народ — гаспадар
Шаноўныя чытачы, пасля даўжэйшага перапынку вяртаюся ізноў у свой фельетонны куточак, каб распавядаць вам, як глядзіцца мне гэты свет сваімі вачыма. Перапынак не быў вынікам ані маёй крыўды на род чалавечы, ані творчай імпатэнцыі. Проста, падзеі звязаныя з прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі выклікалі такі ўзрыў грамадскіх пратэстаў беларускага народа, што вырашыў я адступіць сваю паласу гродзенскім аўтарам Уладзіміру Хільмановічу і Віктару Сазонаву, каб яны шырэй прадставілі ніўскім чытачам сваё бачанне склаўшайся ў Беларусі сітуацыі. Калі чытаю іхнія тэксты, проста ганаруся памкненнямі да свабоды і незалежнасці нашага народа.
Дзякую ўсім тым людзям, хто па ўсёй Беларусі адстойвае зараз наша найважнейшае, за дні годнасці і гордасці, якія аб’ядноўваюць усіх беларусаў, нягледзячы на месца пражывання.
Таксама не менш важным для рэдакцыі было запісаць стан духу і эмоцый непасрэдных удзельнікаў, а не толькі высновы вонкавага наглядання за ходам падзей з суседняй Беласточчыны, хаця не без меншых эмоцый, але ўсё ж такі без шырэйшага кругагляду. Ад свайго імя, але думаю, што не саграшу, выступаючы таксама ад імя чытачоў, калі падзякую Валодзю і Віктару за тое, што маючы штодзень на галаве дзясяткі іншых спраў, абавязкаў і пагроз, ніколі нас не падвялі, паспяваючы заўсёды тэрмінова даслаць свае тэксты ў рэдакцыю па панядзелках раніцай. А кожны з нас, хто хаця крыху дакрануўся і паспрабаваў журналісцкай прафесіі, добра ведае, што значыць тэрміновае напісанне тэкстаў.
Увогуле ў гэтым месцы выказваю словы пашаны і павагі ўсім незалежным журналістам у Беларусі за тое, што нягледзячы на рэпрэсіі і пераслед, патрапілі данесці беларускай і міжнароднай супольнасці праўду пра жорсткія падзеі апошніх двух месяцаў. Наша беластоцкая, ніўская рэдакцыя салідарная з вамі. Маштабнасць і працягласць беларускіх пратэстаў вярнулі беларускі народ і яго дзяржаўнае будаванне ў важны суб’ект міжнароднай супольнасці. Хочаш, не хочаш, але ўсялякія аналітыкі ці палітыкі мясцовага ці далейшага, замежнага балбатання мусяць, быццам каўкнуўшы ўмоўную жабу, перастаць трубіць у медыя і сведчыць сваімі дзеяннямі, што Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка з’яўляецца гарантам беларускай незалежнасці. Ім было выгадна гаварыць з дыктатарам і падтрымліваць яго русіфікатарскую палітыку, а не ўшаноўваць і ўзмацняць беларускую тоеснасць, і не бачыць беларускага народа як адзінага паўнапраўнага гаспадара на сваёй зямлі. Такім чынам яны самі дазволілі ў рэальнасці на шматгадовы працэс пашырэння рускага міру і на дзеянні зялёных чалавечкаў. Любілі адно гаварыць, а другое рабілі і ў сапраўднасці такім чынам дазвалялі дыктатару Беларусі гуляць па ўсіх ягоных правілах. А цяпер гарлапаняць пра пагрозу з боку аднаго і другога светаў.
На шчасце хлусня, з якой беларускім патрыётам прыходзілася змагацца цягам дваццацішасцігадовага ўладарання Лукашэнкі, правальваецца на вачах усіх звычайных людзей не толькі ў самой Беларусі. Вяртання да мінулага не можа быць, але няўмольна ўзнікае адно пытанне: а што далей? Ці чакае нас перамога над дыктатарам, ці можа крывавая помста з яго боку над беларускім народам? Такія пытанні ставіць сабе кожны беларус. Таксама ў нас, на Беласточчыне. Тут, у нас, усе разважанні маюць яшчэ адну адметнасць і спалучаны яны са своеасаблівым падляшскім рэлігійным містыцызмам. Людзі ўзгадваюць і па-новаму тлумачаць біблейскія словы пра будучыню, вялікую вайну і канец свету. Паводле іх Расія будзе толькі невялікай дзяржавай вакол Масквы. Новая сусветная вайна мае тады пачацца з невялікай краіны і бачыцца ім зараз... Расія або Беларусь.
Тут важна, каб зусім не здурэў сённяшні кіраўнік Расеі (РасПуцін, як называюць яго некаторыя старажылы нашых вёсак). Пра ўсе такія справы пачуў я ў кабінеце свайго акуліста. Так, так акуліста, а не... акультыста. Ён падзяліўся са мною пачутым ад пацыентаў з гайнаўскага староння. Не хочацца дапускаць да сябе змрочных думак, але зараз зямны шар бачыцца людзям адной, вялікай бочкай пораху.
Яўген Вапа