Навіны

Рада Еўропы і Еўрасаюз у чарговы раз заклікалі Беларусь адмяніць смяротнае пакаранне

Рада Еўропы і Еўрасаюз у чарговы раз заклікалі Беларусь адмяніць смяротнае пакаранне. Пра гэта гаворыцца ў сумеснай заяве вярхоўнага прадстаўніка ЕС па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Жазэпа Барэля і Генеральнага сакратара СЕ Марыі Пейчыновіч-Бурыч з нагоды Еўрапейскага і Сусветнага дня супраць смяротнага пакарання, які адзначаюць 10 кастрычніка, паведамляе партал naviny.by.

"Рада Еўропы і ЕС яшчэ раз заклікаюць Беларусь, адзіную еўрапейскую краіну, у якой дагэтуль праводзяцца пакаранні смерцю, скасаваць смяротнае пакаранне і далучыцца да пераважнай большасці краін, якія раз і назаўжды адмовіліся ад гэтай жорсткай і бесчалавечнай практыкі", — гаворыцца ў заяве.

У ім вітаецца агульнасусветная тэндэнцыя да скарачэння прымянення смяротнага пакарання.

"У 2019 годзе, другі год запар, пакаранні прыводзіліся ў выкананне толькі ў 20 краінах свету. Гэта гістарычны мінімум, але гэта на 20 краін больш, чым павінна быць, — падкрэсліваюць прадстаўнікі ЕС і Рады Еўропы. — Таму мы карыстаемся выпадкам, каб заклікаць усіх сябраў ААН падтрымаць рэзалюцыю аб мараторыі на ўжыванне смяротнага пакарання на 75-й сесіі Генасамблеі ААН у снежні 2020 года".

У заяве таксама адзначаецца, што Сусветная кааліцыя супраць смяротнага пакарання, якая аб'ядноўвае больш за 150 НДА, асацыяцый адвакатаў, мясцовых органаў улады і прафсаюзаў, прысвяціла 2020 год праву на эфектыўную абарону.

"Парушэнне гэтага фундаментальнага права непрапарцыйна моцна закранае найбольш уразлівых членаў грамадства, якія не могуць дазволіць сабе дасведчаных адвакатаў або могуць быць не знаёмыя з прававой сістэмай, — падкрэсліваюць прадстаўнікі Рады Еўропы і ЕС. — Неабходна, каб сістэмы правасуддзя прадугледжвалі сродкі для падрыхтоўкі эфектыўнай абароны, уключаючы пры неабходнасці паслугі дакладнага пісьмовага і вуснага перакладу".

"Вінаватыя ў здзяйсненні злачынстваў павінны быць прыцягнутыя да адказнасці і пакараныя. Аднак досвед краін, якія адмянілі смяротнае пакаранне, паказаў, што смяротнае пакаранне не прадухіляе гвалтоўных злачынстваў і не спрыяе стварэнню больш бяспечнага грамадства. Наадварот, забойства як пакаранне падсілкоўвае цыкл бессэнсоўнага гвалту", — гаворыцца ў заяве.

Яго аўтары заклікаюць дзяржавы-назіральнікі Рады Еўропы, якія яшчэ не адмянілі смяротнае пакаранне "садзейнічаць адкрытаму абмеркаванню перашкод, якія стаяць на іх шляху да адмены смяротнага пакарання".

Беларусь — адзіная ў Еўропе краіна, дзе працягваюць ужываць смяротнае пакаранне. За апошнія 20 гадоў расстраляна больш за 400 асуджаных да вышэйшай меры пакарання. З пачатку 2020 года вынесена ўжо тры смяротныя прысуды.

У кантэксце Сусветнага дня супраць смяротнага пакарання кампанія "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі" традыцыйна ладзіць тэматычны Тыдзень адукацыйна-асветніцкіх падзей. Сачыць за імі можна на старонцы Тыдня на Facebook.

https://dp.spring96.org/be/news/99899

Відэа

праваабарончыя сайты