Навіны

10 кастрычніка ў свеце адзначаецца Дзень барацьбы супраць смяротнага пакарання

Смяротнае пакаранне з’яўляецца крайняй формай пазбаўлення чалавека яго правоў — праз наўмыснае пазбаўленне жыцця дзяржавай. Гэта жорсткае, бесчалавечнае і прыніжаючае чалавечую годнасць пакаранне. Яно парушае права на жыццё, абвешчанае ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека.

Міжнародны дзень супраць смяротнага пакарання — завяршаючы дзень адукацыйна-асветніцкага Тыдня супраць смяротнага пакарання ў Беларусі, які пачаўся 5 кастрычніка і праходзіць пад лозунгам "Смяротнае пакаранне — элемент сістэмы гвалту". Такая канцэпцыя была абраная таму, што апошнія месяцы ў Беларусі яскрава паказалі, што гвалт з боку дзяржавы ў адносінах да грамадзян — цяперашняя беларуская рэальнасць. 

 

Чаму смяротнае пакаранне – элемент сістэмы гвалту

Каардынатар кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі" Андрэй Палуда распавёў, чаму была абраная менавіта такая канцэпцыя Тыдня.

Кожны дзень адукацыйна-асветніцкага Тыдня прысвечаны пэўнаму аргументу супраць смяротнага пакарання. На старонцы Тыдня ў Facebook можна знасці гэтыя асноўныя аргументы, гісторыі, якія пацвярджаюць гэтыя аргументы, і яшчэ шмат цікавых і карысных публікацый па тэме.

 

Тыдзень супраць смяротнага пакарання ў Беларусі 2020

Аргументы супраць смяротнага пакарання, гісторыі судовых памылак, адукацыйныя матэрыялы па тэме

Адзін з аргументаў — рэлігійны, які гучыць як «Не забі!». Прэс-сакратар Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі Юрый Санько распавёў пра пазіцыю касцёла па пытанні смяротнага пакарання:«Касцёл заўсёды стаяў на абароне жыцця ад самага пачатку да натуральнай смерці».

 

Завяршаючай падзеяй Тыдня супраць смяротнага пакарання стане ўжо традыцыйны канцэрт "Рок за жыццё", які ў гэты раз пройдзе ў анлайн-фармаце. На адной сцэне збяруцца топавыя беларускія гурты і выканаўцы: NIZKIZ, Дай Дарогу!, Петля Пристрастия, Лера Яскевіч, Уладзімір Пугач, Tor Band і Разбітае Сэрца Пацана. У госці на канцэрт завітаюць праваабаронцы Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Андрэй Палуда, спартсменка Аляксандра Герасіменя, паэт Андрэй Хадановіч, амбасадар Швейцарыі Клод Альтэрмат і іншыя.

Трансляцыя стартуе ў 19.00 на YouTube каналах Еўрарадыё і Радыё Свабода, а таксама ў сацыяльных сетках.

 

https://dp.spring96.org/be/news/99900

Відэа

праваабарончыя сайты