Навіны
Як жыць з эпідэміяй?
Мінуў чарговы тыдзень нарастаючай каранавіруснай ліхаманкі. Пра аніякі яе адварот не паведамляюць усеўладныя сродкі масавай інфармацыі. Наадварот, маем дачыненне з сумнымі рэкордамі новых захворванняў у Падляшскім ваяводстве, Польшчы, свеце. З панядзелка, 19 кастрычніка вяртаемся да чарговых абмежаванняў у гэтак званай „чырвонай зоне”, якой распараджэнні ўжо ў многім нагадваюць тое ўсё, што было ў пачатку вясны. На мінулыя выходныя прыйшлося мне падарожнічаць рэйсавым аўтобусным транспартам у роднае, пушчанскае наваколле.
У пятніцу ў бусе не было аніякіх яшчэ забарон сядзець разам побач сябе, але, вяртаючыся ў нядзелю вечарам, на фатэлях ляжалі ўжо картачкі з надпісам, што могуць на іх сядзець толькі па адной асобе. Гэта быў аўтобусны курс дафінансаваны са сродкаў Маршалкоўскай управы і трэба спадзявацца, што будзе ён нядзельным вечарам надалей спалучаць Гайнаўку з Беластокам. У выпадку прыватных перавозчыкаў у сувязі з дыстанцыйным навучаннем моладзі сярэдніх і вышэйшых школ, а таксама са змяншэннем у такой сітуацыі пасажыраў, можам спадзявацца нерэнтабельнасці спалучэнняў і чарговага закрывання рэйсаў. Асцярожнасць, асцярожнасць, асцярожнасць — заклікаюць нас усе з усіх бакоў.
Праблемы, праблемы, праблемы — такая сітуацыя на практыцы абазначае кожнаму з нас. Перажываюць яе ўсе — ад маладога да старога. Кожнаму яна нязручная з уласнага і векавога пункту гледжання. Маштаб грамадскіх і псіхічных разрушэнняў міжчалавечых сувязей зараз і на будучыню здаецца пашырае толькі з’яву адзіноты ў самоце. Слухаючы суботні канцэрт пажаданняў на Радыё Рацыя, у вельмі многіх тэлефанаваннях адчувалася заклапочанасць і няўпэўненасць, што да далейшага жыцця. Жаданні здароўя гучалі зараз з яшчэ зусім новым акцэнтам, а каранавірусу жадалася зыходзіць на лес цёмны і ваду. Запамяталіся мне мудрыя словы адной са слухачак, якая падвяла сённяшні час больш-менш такімі словамі: „О, да чаго дайшло, што чалавек баіцца чалавека”. Страх, трывога і трапятанне сэрца за сямейнікаў, блізкіх і родных, боязь ці не знойдземся раптам на каранціне і ці не захварэем будучы заінфекаванымі ад тых жа родных... Некаторыя старажылы сцвярджаюць наўпрост: „Нам то хіба будзе капец, калі не дай Божа каранавірус дападзе сямейных апекуноў. Хто нас накорміць, абмые, завядзе ў туалет. А цяпер напаліць яшчэ ў хаце”.
Словы трывогі плывуць разам са словамі малітвы да Усявышняга пра ласку для грэшных людзей і спраў. Менавіта ў старэйшых людзей абвостранае пачуццё адказнасці за справы блізкіх, спалучанае з бяссільнасцю ў дачыненні да каранавірусных выклікаў вядзе з упэўненасцю да паніжэння абарончага імунітэту арганізма і росту псіхозных фрустрацый. Неўрозы, бяссоніца, зыход надзеі — тыя прызнакі, што кладуцца цяжкім досведам на душах і сэрцаў нашых бацькоў і дзядоў. Адзіным „дабром” ад пандэміі каранавіруса, лічыць мой тата, ёсць тое, што кожную нядзелю раніцай пачалі трансляваць па тэлебачанні праваслаўныя багаслужбы. Для яго і дзясяткаў тысяч старажылаў старой, вясковай даты магчымасць правесці божую нядзельку з малітвай у храме, адначасова будучы ў роднай хаце, то тая незвычайная, духоўная радасць удзелу ў супольнасці духу малітоўнага дня. У гэты час багаслужба нясецца па ўсёй хаце і ўдзельнічаюць пры поўнай цішыні ўсе бачныя і нябачныя жывотныя дому гэтага.
Таксама трансляцыі з розных храмаў божых выконваюць важную пазнавальную місію для кожнага праваслаўнага верніка. Ён, быццам паломнік, наведвае чарговыя мясцовасці і цэрквы, дзе моліцца разам са сваімі братамі і сёстрамі ў веры. Трансляцыя ў апошнюю нядзелю літургіі з Легніцы на ўкраінска-лэмкаўскай мове выклікала набалелую тэму і каментарый бацькі: „О, бачыш як воны там у цэрквы трымаюцця своёго. А ўнас...”. А ў нас маем зусім другі час. Літургію з Легніцы слухаў я таксама з вялікай увагай і духоўнай асалодай ад пабачанага і пачутага. Пра каранавірус і думка нават не з’явілася.
Яўген ВАПА