Навіны

У панядзелак Алеся Краўцэвіча не выпусцілі на волю

У панядзелак, 26 кастрычніка, Алесь Краўцэвіч, доктар гістарычных навук, аўтар шматлікіх навуковых і папулярных працаў, якога затрымалі напярэдадні, так і не выйшаў на волю. Да гэтай пары невядома - ці суд над ім яшчэ не адбыўся, ці прафесару прысудзілі суткі зняволення ў ізалятары.

БЕЛАРУСКАЕ ГІСТАРЫЧНАЕ ТАВАРЫСТВА ў такой сітуацыі прыняла адмысловую заяву. У ёй гаворыцца наступнае:
 
25 кастрычніка ў Гародні быў затрыманы гісторык Аляксандр Краўцэвіч. Гэта адбылося, калі ён, як і тысячы гарадзенцаў, штомпрыйшлі ў цэнтр горада, рэалізоўваў права на выказванне ўласнага меркавання, гарантаванае Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь. Міліцыя чарговы раз ужыла гвалт супраць людзей, якія патрабавалі адстаўкі грамадзяніна Лукашэнкі, вызвалення палітзняволеных і расследавання злачынстваў супраць мірных пратэстоўцаў. 
Доктар гістарычных навук Аляксандр Краўцэвіч – выбітны даследчык гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, аўтар 15 навуковых манаграфій, шматлікіх артыкулаў, а таксама папулярнай тэлепраграмы “Загадкі беларускай гісторыі” (Белсат). Ягоная навуковая і культурніцкая дзейнасць, грамадска-палітычная пазіцыя заслугоўваюць ўшанавання, а не арышту і судовага пераследу. А. Краўцэвіч падзяліў лёс раней затрыманых вядомых беларускіх гісторыкаў Андрэя Радамана, Андрэя Мацука, Міколы Волкава, Алеся Смаленчука, Алеся Пашкевіча ды інш., якія таксама былі пакараныя за выступ у абарону праўды і справядлівасці, свабоды слова.
Беларускае гістарычнае таварыства патрабуе неадкладнага вызвалення Аляксандра Краўцэвіча ды іншых незаконна затрыманых 25 кастрычніка грамадзян нашай краіны. Выказваем упэўненасць, што злачынцы ў форме, а таксама іх непасрэдныя начальнікі з Гародні і Менску ў свой час будуць прыцягнутыя да адказнасці і пакараныя адпаведна заканадаўству Рэспублікі Беларусь.
 
Ад імя Беларускага гістарычнага таварыства
Алесь Смалянчук, доктар гістарычных навук, прафесар Інстытута
славістыкі ПАН
Захар Шыбека, доктар гістарычных навук, ганаровы прафесар
Тэль-Авіўскага ўніверсітэта
Сяргей Токць, доктар гістарычных навук
Генадзь Сагановіч, др габілітаваны
Генадзь Семянчук, кандыдат гістарычных навук
Альбіна Семянчук, кандыдат гістарычных навук
Іна Соркіна, кандыдат гістарычных навук
 
Гэты зварот працягваюць падпісваць многія іншыя вядомыя навукоўцы.
 
26.10.2020

Відэа

праваабарончыя сайты