Навіны

590 гадоў з дня смерці Вялікага князя Вітаўта

Вялікі князь Вялікага Княства Літоўскага Вітаўт нарадзіўся ў 1350 годзе ў Старых Троках.

Вітаўту выпаў цяжкі і драматычны шлях на вяршыню дзяржаўнай улады. Ягоны бацька Кейстут загінуў ад рук забойцаў падасланых Ягайлам. Вітаўт таксама быў зняволены ў Крэўскім замку, але здолеў вырвацца на волю. Пасля жорсткай і ўпартай барацьбы з Ягайлам шалі вагаў схіліліся на бок Вітаўта. У 1391 годзе ён заняў Гарадзенскі замак, а праз год увайшоў у Новагародак. Паводле падпісанага там пагаднення ўлада ў Вялікім Княстве пажыццёва перадавалася Вітаўту.

Вітаўт у маладосці, партрэт невядомага мастака 

Атрымаўшы тытул вялікага князя Літвы і Русі, Вітаўт узяўся актыўна умацоўваць Вялікае Княства. Ён настойліва і паспяхова працягваў Альгердаву  палітыку пашырэння дзяржавы найперш за кошт славянскіх земляў. У 1404 годзе да Вялікага Княства канчаткова далучылася Смаленская зямля з старажытным крывіцкім Смаленскам. Пад пратэктарат вялікага князя трапілі Ноўгарад Вялікі і Пскоў.

Пасля трох паходаў Вітаўта на Маскву з маскоўскім князем Васілём I было дасягнутае пагадненне, паводле якога межы паміж нашай краінай і Масковіяй праходзілі па рацэ Угры – прытоку Акі. Па смерці маскоўскага князя Вітаўт падпарадкаваў Цвярское і Разанскае княствы, а таксама землі ў вышнявіне Акі. На поўдні ён авалодаў нізавінай Дняпра, дзе нашая дзяржава атрымала выйсце да Чорнага мора.

Крыжакі пасля, пасля перамогі Вітаўта пад Грунвальдам, адмовіліся ад прэтэнзіяў на Жамойць, што яшчэ больш умацавала пазіцыі Вялікага Княства ў Еўропе. Жамойць ды астатнія землі з балцкім жыхарствам займалі менш за 1/15 тэрыторыі Вялікага Княства, якое за Вітаўтам стала найбуйнейшай краінай Еўропы. Дзяржаўнае жыццё ў Княстве праходзіла ў беларускіх нацыянальных формах.

Вітаўт на пано ў Гародні

Прызнаннем вагі Вялікага Княства ў тагачаснай геапалітыцы сталася запрашэнне Вітаўта на чэшскі трон. Вялікі князь атрымаў яго ў час нацыянальна-вызвольнага і рэфармацыйнага руху чэхаў, вядомага як гусіцкія войны. Каб не канфліктаваць з каталіцкім светам, наш гаспадар адказаў на прапанову тым, што накіраваў на дапамогу гусітам 5-тысячнае беларускае войска. На чале яго стаяў Вітаўтаў пляменнік Жыгімонт Карыбутавіч, здольны палкаводзец, які праславіўся ў Грунвальдскай бітве. У траўні 1422 года Жыгімонт увайшоў у Прагу, дзе пазней быў выбраны чэшскім каралём. Ліцьвіны, многія з якіх прынялі гусіцкую веру, ваявалі поплеч з чэхамі болей за дзесяць гадоў. За Вітаўтам нашая дзяржава мела дыпламатычныя зносіны з усімі значнымі заходнееўрапейскімі краінамі, а таксама з Асманскай (Турэцкай) імперыяй і Маскоўшчынай.

Вітаўту прапанавалі каралеўскую карону імператар Святой Рымскай імперыі германскай нацыі Сігізмунд I і рымскі папа Марцін V, якія спадзяваліся, што наш гаспадар дапаможа задушыць гусіцкі рух. Гэтая прапанова таксама была сведчаннем міжнароднага аўтарытэту нашай дзяржавы. Вітаўт даў згоду на каранацыю, якая была прызначаная на восень 1430 года. На ўрачыстую цырымонію ў сталіцу Княства з’ехаліся чужаземныя манархі ды іншыя высокія госці. Усе цярпліва чакалі, калі будучы кароль адужае хваробу і ўстане з ложка. Аднак 27 кастрычніка ў Троках сэрца Вітаўта спынілася.

Пасля сябе Вітаўт Вялікі пакінуў самую буйную ў Еўропе дзяржаву, якая ў гады ягонага княжання дасягнула найвышэйшай магутнасці. Менавіта ў часы Вітаўта Вялікае Княства стала вялікім не толькі паводле наймення і тэрыторыі, якая складала болей за 900 тысяч квадратных кіламетраў (дзеля параўнання: тэрыторыя Рэспублікі Беларусь – 207,6 тысячы квадратных кіламетраў), але і паводле сваёй палітычнай ролі ў Еўропе.

У 2013 годзе ў Нацыянальным Вялікім тэатры Беларусі прайшла прэм'ера балета “Вітаўт” кампазітара Вячаслава Кузняцова. У гонар Вітаўта ёсць помнік у Гародні з суцэльнага дуба. 25 ліпеня 2009 года ў Берасці адкрытая скульптурная кампазіцыя, прысвечаная 990-гадовай гісторыі горада. Сярод шасці бронзавых фігур у кампазіцыі помніка ёсць скульптура і Вітаўта. Помнік Вітаўту з дуба ўсталяваны і ў вёсцы Пеляса Воранаўскага раёна ў 2010 годзе. Вышыня яго больш за 6 метраў.

 

27.10.2020

Відэа

праваабарончыя сайты