Навіны

Каляндар круглых і юбілейных датаў на лістапад 2020 году

1 лістапада

У лацінскім абрадзе сьвята Усіх Сьвятых.

2 лістапада

Дзяды, дзень памінаньня памерлых.

3 лістапада

480 гадоў таму (1540) – Вялікая княгіня літоўская і польская каралева Бона Сфорца пацьвердзіла Гародні магдэбургскае права і загадала мець пячатку з гербам.

175 гадоў таму (1845) – У Каменцы Падляскай (Польшча) нарадзіўся Зыгмунт Глогер, польскі этнограф, археолаг, краязнавец які дасьледаваў Заходнюю Беларусь. Між іншым раскопваў курганы каля Ваўкавыска, удзельнічаў з М. Федароўскім у археалагічных і этнаграфічных экспедыцыях.

130 гадоў таму (1890) – У Слоніме нарадзіўся Канстанцін Пушкарэвіч, беларускі-расейскі славіст, літаратуразнавец, педагог.

4 лістапада

20 гадоў таму (2000) – У Парэччы (Слонімскі р-н) усталяваны памятны крыж у гонар паўстанца Міхала Валовіча і яго паплечнікаў. Штогод у гэтай мясцовасьці адбываецца дзень памяці выдатнай асобы нашай гісторыі.

5 лістапада

770 гадоў таму (1250) – Забіты Елісей Лаўрышаўскі, беларускі Сьвяты. Жыў у Лаўрышаве на Наваградчыне. У праваслаўным манастыры, што знаходзіцца непадалёк Лаўрышава каля Гнесічаў, у Лаўрышаве і ў Наваградку яму пастаўлены помнікі.

6 лістапада

80 гадоў таму (1940) – У Вільні памёр Лявон Вітан-Дубейкаўскі, дзеяч беларускага нацыянальнага руху, паэт, архітэктар, будаўнік. Пахаваны на могілках Росы.

40 гадоў таму (1980) – У Нью Ёрку памёр Станіслаў Станкевіч, беларускі грамадзка-культурны дзеяч, літаратуразнавец, публіцыст, дзеяч эміграцыі (Нямеччына, ЗША). Нараджэнец в. Арляняты (Смургонскі р-н).

7 лістапада

230 гадоў таму (1790) – У в. Жырмуны (Вараноўскі р-н) нарадзіўся Караль Падчашынскі, асьветнік, архітэктар, дасьледнік, педагог.

12 лістапада

100 гадоў таму (1920) – У в. Борхаў (Рагачоўскі р-н) нарадзіўся Андрэй Макаёнак, драматург, народны пісьменьнік Беларусі. У 1945-46 жыў і працаваў у Гародні.

90 гадоў таму (1930) – У в. Шаматова (Смургонскі р-н) нарадзіўся Восіп Блізьнюк, удзельнік антыкамуністычнага падпольнага вучнёўскага руху ў Смургонях, вязень савецкіх канцлягераў.

13 лістапада

395 гадоў таму (1625) – Памёр Саламон Рысінскі (нар. у 1560 (?) у в. Рысін, цяпер Себежскі р-н Пскоўскай вобл.), паэт, філосаф, этнограф, педагог у ВКЛ. Верагодна, што пахаваны ў в. Дзяляцічы (Наваградзкі р-н).

35 гадоў таму (1985) – У Гародні памёр Антон Валынчык, беларускі хормайстар, кампазітар, педагог. Нараджэнец в. Мяльканавічы (Слонімскі р-н)  Пахаваны ў Гародні на могілках па прасп. Касманаўтаў.

14 лістапада

115 гадоў таму (1905) – У в. Баброўня (Гарадзенскі р-н) нарадзіўся Міхась Васілёк (сапр. Касьцевіч), беларускі паэт, актывіст Грамады, ТБШ.

15 лістапада

35 гадоў таму (1985) – Памёр Аляксандар Калодка, грамадзкі дзеяч, правазнавец, публіцыст, вязень фашыстоўскіх канцлягераў, дзеяч беларускай эміграцыі (Аўстралія). Нараджэнец в. Церабостынь (Карэліцкі р-н). Пахаваны на беларускіх могілках Фоўкнер у Мэльбурне.

16 лістапада

Дзень Маці Божай Вострабрамскай – апякункі Беларусі.

20 лістапада

35 гадоў таму (1985) – У Беластоку памёр Юрка Геніюш, беларускі пісьменьнік і публіцыст. Нараджэнец Зэльвы.

21 лістапада

190 гадоў таму (1830) – Памёр Ян Сьнядэцкі, астраном, матэматык, філосаф, асьветнік Рэчы Паспалітай. Сямейны маёнтак і пахавальная капліца былі ў Гародніках (Гарадках, Ашмянскі р-н). Пахаваны ў Яшунах (Летува).

22 лістапада

305 гадоў таму (1715) – Нарадзіўся Антон Скарульскі, рэктар Наваградзкага езуіцкага калегіюму ў 1760-64.

220 гадоў таму (1800) – Памёр Саламон Майман (сапр. Хейман, нар. у 1753 ці 1754), філосаф-асьветнік. Нараджэнец Міру (Карэліцкі р-н).

24 лістапада

50 гадоў таму (1970) – У Клюшчанах (Астравецкі р-н, па іншых зьвестках у Вільні) памёр Адольф Клімовіч, беларускі каталіцкі, грамадзкі дзеяч, журналіст, выдавец, вязень савецкіх канцлягероў. Пахаваны ў Клюшчанах.

25 лістапада

225 гадоў таму (1795) – Кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі ў Гарадзенскім Новым замку адрокся ад дзяржаўнага трону.

80 гадоў таму (1940) – Масква без згоды Вярхоўнага савету БССР перадала Летуве Друскенікі, землі Сьвянцянскага раёну і некалькі сельсаветаў суседніх раёнаў.

26 лістапада

135 гадоў таму (1885) – У Канстантынопалі памёр Адам Міцкевіч, паэт, асьветнік, філамат. Пахаваны ў Парыжы. 4.7.1890 парэшткі былі перавезены ў Кракаў і зьмешчаны ў Вавельскім замку.

95 гадоў таму (1925) - У Менску нарадзіўся Юрый Семяняка, беларускі кампазітар. Жыў і працаваў у Гародні ў 1944-50 гг.

90 гадоў таму (1930) – У Оршы нарадзіўся Уладзімір Караткевіч, народны пісьменьнік Беларусі. Часта бываў у Гародні.

27 лістапада

120 гадоў таму (1900) – У в. Слачва (Наваградзкі р-н) нарадзіўся Вячаслаў Лаўскі, беларускі грамадзка-культурны дзеяч, педагог, адзін з заснаваньнікаў беларускага студэнцкага руху.

100 гадоў таму (1920) – Пачалося антысавецкае Слуцкае паўстаньне (доўжылася да 28 сьнеж. 1920). Нацыянальны Дзень Герояў.

29 лістапада

190 гадоў таму (1830) – Пачатак нацыянальна-вызвольнага паўстаньня.

30 лістапада

275 гадоў таму (1745) – У маёнтку Сяхновічы (Жабінкаўскі р-н) нарадзіўся Тадэвуш Касьцюшка (паводле інш. зьв. 4.2.1746), дзяржаўны і вайсковы дзеяч, кіраўнік паўстаньня 1794 году.

 

01.11.2020 Тэгі: каляндар

Відэа

праваабарончыя сайты