Навіны

Ад Свіслачы да Курапатаў

   Гарадзенцы, якія штодзённы выходзяць на мірныя акцыі пратэсту ў горадзе над Нёманам, знайшлі час каб патрапіць і ў Свіслач, на традыцыйную акцыю ўшанавання памяці паўстанцаў і ўсіх палеглых за Беларусь. Мясцовыя жыхары і актывісты Свіслачы прыходзяць да памятных мясцін ужо каторы дзень. Гэтым годам, калі штодзённа беларусы выказваюць сваё цвёрдае рашэнне дамагчыся зменаў у сваёй краіне, было вырашана не абіраць адмысловага дня для традыцыйнай свіслацкай акцыі, а заклікаць прыязджаць на ўшанаванне памяці герояў калі хто можа. І людзі прыязджаюць калі могуць. На памятных мясцінах ляжаць свежыя кветкі, гараць свечкі, лампады…

   У Мінску, на восемдзесят пяты дзень мірных пратэстаў, людзі зноў выйшлі пад бела-чырвона-белымі сцягамі. Больш за пяцьсот крымінальных спраў заведзена на удзельнікаў акцый. Больш пятнаццаці тысяч адміністратыўных. І гэтыя лічбы імкліва растуць. Безліч затрыманых, збітых, параненых… І на вялікі жаль, ёсць і загінуўшыя. І гэта ўсё людзі, у руках якіх пераважна былі кветкі і сімволіка. Такога жорсткага пераследу і запалохвання мірных пратэстоўцаў гісторыя наўрад ці ведае. На тое, каб зламаць іх волю кінуты ўвесь сілавы рэсурс. Але людзі выйшлі зноў.

   Гэтым разам, яны пайшлі ў Курапаты. Было бы дзіўна, каб абралі іншы маршрут. Наперадзе Дзяды, восеньскія дні ўспаміну і памінання, калі, як і ў веснавую Радаўніцу, беларусы ушаноўваюць памяць сваіх памерлых продкаў.

   Усяго адзін год спатрэбіўся беларусам, каб ад месца перазахавання парэшткаў паўстанцаў Кастуся Каліноўскага і самога кіраўніка паўстання, дайсці пад нацыянальнымі сімваламі ажно да Курапатаў, да месца масавых сталінскіх расстрэлаў жыхароў Беларусі. Сімвалізм гэтага дзеяння перабольшыць немажліва. Завяршылася вялікае кола адраджэння памяці і даніны павагі. І гэтая даніна павагі тым, хто быў да нас, аддадзеная. Беларусы з гонарам і ўдзячнасцю прайшлі праз успамін мінулага, і тым самым ачысціліся для будучыні. Пачынаецца новая беларуская эра.

   Гэта быў насычаны год. Год інтэнсіўнага і імклівага Беларускага Адраджэння. Яшчэ нядаўна палітвязень Павал Севярынец, які і сёння знаходзіцца за кратамі, трымаў у Курапатах з сваімі паплечнікамі ганаровую варту. Стаяў у дзень і ў ночы, каб не дазволіць уладам завершыць пачаты імі ганебны і подлы крыжалом. Сёння беларусы пайшлі ў Курапаты дзясяткамі тысяч, пад узрывы светлашумавых гранат, пад свіст гумовых куль і выстаўлены супраць мірных людзей экіпераваны да зубоў і абстаўлены спецтэхнікай арсенал сілавікоў.

   Але людзі дайшлі, неўзіраючы на збіццё, затрыманні, арышты, запалохванні. Напэўна Павал Севярынец, якога чамусьці абмінаюць міжнародныя ўзнагароды, усё ж атрымаў самую вялікую ўзнагароду ў сваім жыцці. Тысячы і тысячы суайчыннікаў, якія прарваліся праз кардоны і шыхты сілавікоў, каб памаліцца ў Курапатах, ускласці там кветкі, запаліць свечкі і лампады, ушанаваць памяць нявінна загінулых суайчыннікаў і ёсць тая ўзнагарода. І не толькі яму, тая ўзнагарода, але і ўсім тым, хто раскрыў грамадству гэтае месца, давёў праўду да людзей, паказаў сапраўдныя твары таго і гэтага рэжыму, хадзіў гэтымі сцежкамі на масавыя акцыі з васьмідзесятых гадоў мінулага стагоддзя, ужо тады падвяргаўся пераследу, маліўся за сваіх продкаў, ставіў там свечкі і новыя крыжы, заклікаў іншых расплюшчыць вочы і глянуць у твар праўды, і тым самым паказаць, што мы, беларусцы, ёсць нацыя, ёсць нязломны народ. І што мы проста ёсць людзі, якія шануюць сваіх продкаў і напярэдні памінальных дзён лічым сваім абавязкам аддаць даніну памяці тым, хто быў да нас.

   Сілавікі ганяліся за людзьмі не толькі ў горадзе, але і ў чыстым полі перад Курапатамі! Улады не пускалі людзей памаліцца і паставіць свечкі на месцы масавых расстрэлаў іх продкаў! Людзей хапалі і жорска затрымлівалі за спробу патрапіць на масавую магілу нявінна забітых суайчыннікаў!

   Але людзі прарваліся туды. Славутая Ніна Багінская прайшла праз Курапаты па калідоры з бела-чырвона-белых сцягоў і пад крыкі на роднай мове: “Мы разам, нас многа, за намі перамога!” Ну, і вядома ж, пад неўміручае: “Жыве Беларусь!!!”.

   У Курапатах загарэліся свечкі і лампады….

   Народ гатовы да Адраджэння і варты яго!

   Віктар Сазонаў.

Відэа

праваабарончыя сайты