Навіны

Абвінавачванне гарадзенцу Юзэфу Нямеру выстаўлена

   У Беларусі пачалося вынясенне прысудаў па справах, заведзеных на ўдзельнікаў мірных акцый пратэсту, якія ўжо тры месяцы штодзённа праходзяць у краіне. Гародня тут вызначылася не толькі колькасцю заведзеных крымінальных спраў, але і хуткай дастаўкай гэтых спраў у суды. Суды зараз ужо не толькі выносяць прысуды па адміністрацыйных справах, якіх штампуюць так шмат, як этыкеткі на тавар канвеерным спосабам, але ўжо дайшлі і да разгляду крымінальных спраў.

   У Кастрычніцкім судзе Гародні 10-га лістапада працягваўся адзін з такіх судоў. Дзяржаўны абвінаваўца Сяргей Петрашко запраціў для абвінавачваемага Юзэфа Нямеры вынесці пакаранне па артыкуле 342 штраф у памеры 200 базавых велічынь, а па артыкуле 364 два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Пракурор лічыць, што пратэст Юзэфа Нямеры быў накіраваны на звяржэнне і дыскрэдытацыю дзеючай улады.

   63-х гадовы Юзэф Нямера удзельнічаў у мірнай акцыі пратэсту ў Гародні 6-га верасня. Там ён стаў бараніць жанчыну ад жорсткіх дзеянняў АМАПу. Пацярпелы бок сцвярджае, што пры гэтым Юзэф нейкім чынам штурхануў супрацоўніка міліцыі.

   Такім чынам спадара Нямеру вінавацяць і ў арганізацыі і ўдзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і ў гвалце або пагрозе прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў.  

   Юзэф Нямера не можа зразумець адкуль на яго навалілася арганізацыя нейкіх групавых дзеянняў і не прызнае сваёй віны па гэтым артыкуле. А тое, што ратаваў жанчыну не адмаўляе.

   Адвакат лічыць запрошанае пракурорам пакаранне вельмі жорсткім, просіць суд кіравацца законам і прапануе апраўдання па артыкуле 342. Вырак суда будзе крыху пазней.

   Засталося даведацца зараз, як суд расцэніць памкненні 63-х гадовага мужчыны, які кінуўся на дапамогу жанчыне. Напэўна у трэніраваных і фізічна моцных работнікаў Аддзелу Міліцыі Асобага Прызначэння хапае сілаў, каб затрымаць намнога слабейшую фізічна жанчыну без неабгрунтаванага ўжывання спецсродкаў. І гэты фактар хіба што трэба ўлічваць. Бо менавіта гэта абурыла гарадзенца і абудзіла ў ім натуральнае жаданне дапамагчы чалавеку, з якім, на яго думку, абыходзяцца неапраўдана жорстка.

Відэа

праваабарончыя сайты