Навіны
Сумная каранавірусная статыстыка
Калі Шаноўныя Чытачы чытаеце гэтыя словы, сітуацыя вакол нас ёсць ужо зусім іншая ад той, якую апісваю. Спецыфіка тыднёвіка дае нам большыя магчымасці рэфлексіі, аналізу ці прачытання салідных рэпарцёрскіх запісаў, але ў канфрантацыі з непрадказальна зменлівай, штодзённай рэчаіснасцю апынаемся на прайграных пазіцыях. Таму дагэтуль, пішучы пра каранавірус, стараўся я пазбягаць усялякіх статыстычных даных, бо ў момант здачы газеты да друку і яе выхаду розніца ў лічбах захворванняў значна разыходзілася. Пішучы гэтыя словы, мелі мы чарговыя абмежаванні, якія ўвайшлі ў сілу з мінулай суботы і панядзелка і маюць абавязваць да 29 лістапада. Не буду іх тут прыводзіць, бо штодзённае жыццё прымушае ўсіх нас прытрымлівацца новаўвядзенняў. Аднак хуткі рост хворых пад трыццаць тысяч штодзень і рост лічбы памерлых, мабыць, прыме форму чарговага распараджэння ў выглядзе нацыянальнага каранціну. Ні больш, ні менш, абазначае ён нам абавязковую хатнюю ізаляцыю і адміранне гаспадаркі. Калі пакуль яшчэ няма гэтага драконавага закону, то непазбежна возьме ён нас цягам найбліжэйшага часу. Ужо зараз Літва, Грэцыя абвясцілі пра трохтыднёвае замарожванне грамадскага жыцця, а іншыя краіны ўводзяць падобныя жорсткія абмежаванні, толькі не называючы іх сапраўдным іменем. Пасля папярэдняга фельетона, у якім апісаў я траўматычную для мяне смерць нашай сваячкі, якая пайшла ў шпіталь на аперацыю, а вярнулася не на вёску, толькі ў каранавіруснай труне адразу на могілкі, адазваліся нашы чытачы і расказалі мне пра падобныя выпадкі з розных куткоў Падляшша. Не ведаю ў чым справа, але выглядае гэта яшчэ і так, што людзям вясковага складу жыцця неяк вокамгненна ў шпітальным асяроддзі паніжаецца імуналагічная сістэма арганізма. Мабыць, гэта занадта далёка ідучыя абагульненні, але наогул патрапіць зараз у сістэму аховы здароўя на практыцы абазначае магчымасць застацца і без здароўя. Апісваючы назіранні за каранавіруснай заразай, ціснулася мне заўсёды ў галаву пытанне: а колькі ахвяр сярод людзей, якія хварэюць іншымі хваробамі — анкалагічнымі, сардэчнымі ці дыябетам, калі няма доступу да непасрэднай дапамогі? Мы сёння таксама дакладна не ведаем, бо не было тэставання сярод тых, якія памерлі ад інфаркту ці інсульту, што даканаў іх каранавірус. Не ведаем таксама колькі людзей ужо захварэла іншымі цывілізацыйнымі хваробамі, якія без доступу да дыягностыкі ў рэальнасці маюць перад сабою толькі некалькі месяцаў жыцця. Проста спасцігаюць нас драмы, пахаванні, незалечаныя гадамі траўмы для сямейнікаў. І вось у апошніх днях мінулага тыдня быццам па маёй просьбе на адным з інтэрнэт-рэсурсаў з’явілася інфармацыя, што ў кастрычніку бягучага года памерла найбольш людзей у параўнанні з мінулымі гадамі. У апошнім яго тыдні было гэта 12 257 асоб, тыдзень раней — 12 244. Звыш 10 тысяч памерлых было зафіксаваных паміж 10 і 18 кастрычніка. Звычайная сярэдняя статыстычная памерлых за тыдзень у Польшчы была дагэтуль на ўзроўні 7,7 тысяч. Так вялікай колькасці памерлых цягам сямі дзён не было ў дзяржаве ад пяці гадоў. Першая, веснавая хваля каранавіруса ў Польшчы не прынесла так драматычных статыстык як напрыклад у Італіі ці Іспаніі. У рэальнасці ў аналагічным перыядзе колькасць памерлых была ніжэйшай чымсьці год ці два. Для скептыкаў такія даныя былі доказам на тое, што эпідэмія гэта выдумка, звычайная маніпуляцыя ўлад. Усё пачало рэзка змяняцца на зломе верасня і кастрычніка. І яшчэ адно параўнанне, якога нельга абмінуць. Паміж 31 жніўнем а 1 лістападам 2020 года ў краіне памерлі 84 054 асобы. У аналагічным перыядзе год раней (2019), адышло ў вечнасць 68 203 чалавек. Значыць, розніца складае амаль 16 тысяч ахвяр больш. За сухімі лічбамі хаваецца чалавечы боль і смутак. Што будзе з намі? Пакуль адказу няма.
Яўген ВАПА