Навіны

Разгляд крымінальнай справы Сяргея Рымшы (фота)

У Гародні 19 лістапада ў судзе Ленінскага раёну працягваецца разгляд крымінальнай справы Сяргея Рымшы. Яго вінавацяць адразу па двух артыкулах крымінальнага кодэксу - 342 (Арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і 364 (Гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў). Справу разглядае суддзя Юрый Казакевіч. Пракуратуру прадстаўляе Мікіта Мыслівец. Інтарэсы Рымшы прадстаўляе адвакат Аляксандр Бірылаў.

Крымінальная справа датычыць падзей, якія адбыліся ў Гародні 9 жніўня. Тады позна ўвечары ў таніраваны мікрааўтобус з сілавікамі паляцеў камень. Пасля гэтага Сяргея Рымшу затрымалі, збілі, завезлі ў Ленінскі РАУС, пазней яму паведамілі, што на яго пачатая крымінальная справа.

У чацвер, 19 лістапада, працягнулася апытанне сведак. Як сведка была выклікана лекарка хуткай дапамогі. Яна пацвердзіла, што бачыла, як камень трапіў у міліцэйскую "газэль" і бачыла як супрацоўнікі міліцыі пабеглі за групай людзей у той бок, адкуль нібыта прыляцеў камень. Хто канкрэтна кідаў камень лекарка не бачыла, магчыма мужчына ў чорнай кашульцы. На пытанне суддзі, ці мог быць гэтым чалавекам Сяргей Рымша, доктарка адказала, што ён зусім не падобны на таго чалавека ў чорнай кашульцы. 

Наступным сведкам выступіў інспектар ДАІ Дзмітрый Кулеш. Ён расказаў, што бачыў скопішча людзей ў раёне танка-помніка на вуліцы Парыжскай Камуны, паведаміў, што чуў стук каменя па металу міліцэйскай машыны, але не бачыў, хто яго кідаў. Інспектар пацвердзіў, што ў руках людзей палак ці нейкай зброі не было, прысутныя крычалі толькі "Жыве Беларусь!" і трымалі бел-чырвона-белыя сцягі. Хто кідаў камень у бок міліцэйскай машыны - інспектар не ведае.

Наступным сведкам выступіў іншы інспектар ДАІ Аляксей Ціхановіч. Ён пацвердзіў, што бачыў нацыянальныя сцягі ў той вечар у руках людзей, якія выкрыквалі лозунгі і тое, што каля танка адбываліся затрыманні. Хто кідаў камень, інспектар не бачыў, гуку ўдару не чуў.

Наступны сведка - кіроўца тралейбуса Халопік. Ён паведаміў, што людзі не перашкаджалі руху тралейбуса і праходзілі міма. Кіроўца бачыў, што людзі ўцякалі ад АМАПу. Пра тое, хто і як кідаў камень, ён нічога не ведае.

Яшчэ адзін сведка - таксама кіроўца тралейбусу Уладзімір Семаковіч. Ён пацвердзіў, што бачыў, як людзі ўцякалі ад АМАПу. Счэпак людзей і нейкіх гвалтоўных дзеянняў з боку людзей ён не бачыў. Потым рух перакрылі і тралейбус нейкі час стаяў.

Усе сведкі сказалі, што падзеі таго позняга вечара яны не здымалі на камеру сваіх мабільнікаў. Фактычна іх сведчанні ніяк не пацвярджаюць віну Сяргея Рымшы.

Працяг справы ў судзе Ленінскага раёна адбудзецца 25 лістапада а 10.30.

 

 

Відэа

праваабарончыя сайты