Навіны
Затрыманні на Маршы. Хроніка пераследу 30 лістапада
Праваабаронцы "Вясны" збіраюць новыя факты палітычнага пераследу ў Беларусі 30 лістапада: затрыманні на мірных сходах і дома, выклікі ў міліцыю, новыя крымінальныя справы, вобшукі і іншыя формы ціску.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:
|
Паведамляецца, што 30 лістапада зноў затрымалі лекара-неўролага Руслана Бадамшына, які нядаўна вызваліўся пасля адбыцця 15 сутак. Яго затрымалі ў трэці раз.
Раніцай 30 лістапада ў Мінску ў сябе дома затрымалі 27-гадовага Андрэя Макарэвіча. У 6:50 да яго ўварваліся ў кватэру 10 сілавікоў-"касманаўтаў". Усіх паклалі на падлогу. Па папярэдняй інфармацыі, яму ставяць у віну "экстрэмісцкія выказванні ў сацыяльнай сетцы, абразы ў тэлеграме", але пакуль невядома, каго канкрэтна. У Андрэя дома правялі ператрус, пасля якога вынялі кампутар, тэлефон, бчб-сімволіку. Пасля ператрусу хлопца павезлі ў Заводскае РУУС.
Як перадае тэлеграм-канал "Хрысціянская візія", каталіцкага святара Вячаслава Барка з Расонаў выклікалі 30 лістапада ў крымінальны вышук «у якасці асобы, у дачыненні да якой вядзецца адміністрацыйны працэс». Раней яго ўжо выклікалі ў Следчы камітэт у якасці сведкі ў рамках крымінальнага працэсу, а на справе прымусілі даваць пісьмовыя тлумачэнні з нагоды Youtube-каналу, які вядзе святар.
Стала вядома, што 30-гадоваму Аляксею Санчуку прад'явілі абвінавачванне па ч. 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Хлопца затрымалі 4 лістапада на рэпетыцыйнай кропцы ў Мінску з барабаншчыкамі. Тады затрымалі не менш за 10 музыкаў. Пасля гэтага Аляксея асудзілі на 15 сутак, пасля якіх ён на волю не выйшаў.
"Яго збілі, прымусілі тэлефон адкрыць, а там ён пункты збору хлопцам на Марш прызначае. І ўсё — для іх ён арганізатар масавых беспарадкаў. Яго павінны былі выпусціць пасля 15-ці сутак 19 лістапада, але не адпусцілі і 26-га. Яму прад'явілі абвінавачванне. На дадзены момант ён знаходзіцца ў СІЗА на Валадарскага, але яго павінны перавесці ў Жодзіна, так як мера стрымання абраная пад вартай", — распавялі "Вясне" яго таварышы-музыкі.
30 лістапада ў Мінску адбыўся традыцыйны "Марш мудрасці", але сілавікі не далі яму паўнавартасна адбыцца: перакрывалі дарогу, акружалі іх і зажымалі ў кольца, затрымалі некалькі чалавек. Прозвішчы затрыманых высвятляюцца.
Спіс затрыманых 30 лістапада на Маршы:
- Рокач Ілля Аляксандравіч
- Сусліна Марына Іванаўна
- Дабравольская Людміла Альгердаўна
- Талочка Віктар (фатограф "Спутніка", вызвалілі з Цэнтральнага РУУС)
- карэспандэнтка «РИА Новости» (вызвалілі)
- Рашэтнікаў Сяргей (Цэнтральнае РУУС)
- журналіст Дабратвор Ілля (Цэнтральнае РУУС)
- Наўгародскі Якаў Якаўлевіч
- Валатоўская Святлана Мікалаеўна (Маскоўскае РУУС)
Інфармацыя дапаўняецца.
http://spring96.org/be/news/100691