Навіны
Мы ўжо разам 65 гадоў!
Шаноўныя чытачы «Нівы», вельмі мне прыемна паінфармаваць, што з канцом лістапада гэтага года Праграмная рада тыднёвіка «Ніва» завяршыла поўнасцю рэалізацыю гадавога праекта пад назовам „Wsparcie Tygodnika Białorusinów w Polsce „Niwa” w zakresie ułatwienia jego dostępności dla czytelników oraz umożliwienia opracowania i udostępnienia cennych materiałów archiwalnych».
Праект рэалізаваўся дзякуючы падтрымцы Нацыянальнага інстытута свабоды з Варшавы. (Realizacja projektu była możliwa dzięki Narodowemu Instytutowi Wolności w Warszawie. Zadanie finansowane ze środków otrzymanych z NIW - CRSO w ramach Programu Rozwoju Organizacji Obywatelskich na lata 2018-2030).
Гэта новая ўстанова, якая, між іншым, сродкамі спрыяе замацаванню грамадзянскіх арганізацый у Польшчы. Праграмная рада тыднёвіка „Ніва”, маленькая як структура, але мы стараемся працягваць непаўторную справу — выдаваць газету нацыянальнай меншасці, якой у сакавіку 2021 года споўніцца 65 гадоў.
Каб зразумець важнасць гэтай падтрымкі для «Нівы», трэба нагадаць, што цягам апошніх гадоў дафінансаванне на выдаванне газеты скарацілася вельмі рэзка і фактычна паставіла рэдакцыю на мяжы выжывання. І гадамі не было ахвотных, каб дапамагаць развіццю газеты ў выкліках сучаснага свету. Мы, як рэдакцыя, ведалі пра патрэбу неабходных дзеянняў і звярталіся з прапановамі да розных устаноў, але ўсе ўвогуле ад іх адмахваліся рукамі і тлумачэннямі пра нястачу сродкаў. А надта не наваюеш на камп’ютарах пятнаццацігадовай даўнасці, рамантаваных на ўсялякія магчымыя спосабы і тады, калі ў нервах чакаеш фінансавага завяршэння года з адвечным пытаннем, ці хопіць нам увогуле грошай. Таму хачу падзякаваць усёй рэдакцыі за вытрымку, карэспандэнтам і Вам, шаноўныя чытачы, што былі, ёсць і маю надзею што надалей будзем разам наступнымі дзесяцігоддзямі, так як ад першага ніўскага нумара.
А цяпер паясню, якія справы ўдалося нам зрэалізаваць, дзякуючы падтрымцы ў тых нялёгкіх часах. Напісанне праекта і яго каардынацыя гэта аграмадная грамадская праца сябра беларускай справы Марціна Рэмбача, якому вельмі сардэчна дзякую за падняты выклік. Праект спалучаў тры рэчы — першае, магчымасць закупіць новае, тэхналагічнае абсталяванне неабходнае ў рэдакцыйнай працы. За гэтую частку адказваў Адам Паўлоўскі, які замаўляў новыя камп’ютары, сканеры, друкарку, праграмы, каб больш бяспечна і выгадна можна было забяспечыць унутраны рэдакцыйны працэс. Аднаўленне тэхнічнага патэнцыялу рэдакцыі завяршылася яшчэ ў канцы 2019 года згодна з парадкам праекта.
Другі элемент развіцця тыднёвіка гэта стварэнне платформы для продажу „Нівы” ў электронным варыянце. Усе бачым як на нашых вачах проста маланкава змяняецца спосаб чытання і распаўсюду прэсы. Продаж электронных выданняў стала для рэдакцый жыццёвай неабходнасцю па простай прычыне — магчымасці чытання газет і іх парталаў на сучасных мабільных тэлефонах і электронных камунікатарах. У маштабе Польшчы гадамі абмірала агульнапольская сетка продажу ў кіёсках „Рух”. Кіёскі, у якіх мы прадавалі „Ніву”, перш за ўсё ў Гайнаўцы, Бельску, Беластоку і іншых павятовых гарадах, перасталі фізічна існаваць. Дастаткова прайсціся па цэнтры Беластока і спрабаваць набыць газету ці білет — кіёска са свечкай прыходзіцца шукаць. Таксама вялікія гандлёвыя цэнтры і дыстрыбутары прэсы не зацікаўлены такімі малатыражнымі выданнямі, як „Ніва”. Іх праблема заключаецца і ў тым, што такія загалоўкі проста прывальваюцца агульнапольскімі шматтыражнымі выданнямі, якія даплачваюць грошы за гэтак званую экспазіцыю. А тут трэба памятаць і пра маржу для прадаўцоў прэсы, якая перавышае ўжо 40% цаны газеты. Беручы пад увагу цану „Нівы”, у рэдакцыйную касу вяртаецца мізер і то яшчэ з вялікай адтэрміноўкай. Засталася толькі пошта, але большасць яе паслуг можна ўжо таксама аформіць, не выходзячы з хаты, у электронным варыянце. Ну і няшчасны каранавірус даклаў тут сваю манету, бо людзі проста баяцца выходзіць на вуліцу. Таму атрыманыя сродкі на стварэнне электроннай сістэмы продажу для нас проста шанц на існаванне, каб са сваімі тэкстамі даходзіць да чытачоў ва ўсім свеце. Ну і, зразумела, працаваць да чарговых, круглых юбілеяў.
Тут былі патрэбныя спецыялісты — інфарматыкі і прыхільнікі нашай ініцыятывы. Дзякуючы Тамашу Аляксейчыку, нягледзячы на каранавірусныя абмежаванні і каранціны, удалося стварыць электроннае выданне штотыднёвіка. Дастаткова зайсці на сайт https://e-niva.org і спачатку бясплатна зарэгістравацца. Пасля завяршэння працэсу Вы можаце набыць бягучы выпуск тыднёвіка, а таксама архіўныя нумары. Прапанова таксама ўключае месячную, квартальную, паўгадавую і гадавую падпіску. У гэтым месцы схіляю галаву і выказваю словы падзякі людзям, сябрам «Нівы», якія вельмі станоўча адгукнуліся на нашу прапанову. Вы не толькі рэгістраваліся, але падтрымалі нас сваёй падпіскай, вельмі часта гадавой. Звыш пяцьсот аперацый куплі газеты было ўжо зарэгістраваных у плацежнай сістэме, якая абслугоўвае нашу электронную продаж. Заахвочваем Вас да рэгістрацыі і далейшых пакупак. Такім чынам мы самі, як беларусы, паказваем, што патрапім і такім чынам самаарганізавацца і самарэалізавацца. Зразумела, мы надалей будзем даступнымі і ў папяровым варыянце. Бо ж той, хто любіць пах кніжкі і папяровай газеты, заўсёды хоча іх мець у руках, як філіжанку любімай кавы, ці кубак смачнай гарбаты. Адкрываць, закрываць, гартаць і чытаць любімую газету — гэта каштоўнасць, якую ўжо столькі гадоў дацэньваюць нашы чытачы.
Трэцяя частка праекта гэта тытанічная праца над упарадкаваннем фатаграфічнага архіва «Нівы» і выданнем альбома. Словы падзякі накіроўваю перш за ўсё да Паўла Грэся, які ўзяў на свае плечы аграмадны абавязак па ўпарадкаванні фотаархіва „Нівы”, а затым па стварэнні сваёй мастацкай канцэпцыі напаўнення альбома архіўным зместам. Сваю вельмі важную цагліну ў графічна-мастацкі выгляд выдання ўклаў Юрка Асеннік, якому прыйшлося ахвяраваць сваім часам коштам іншых спраў. Кранальны літаратурны ўступ да альбома напісаў Міхал Андрасюк, які прачытаеце ў гэтым нумары на дзевятай старонцы. Чытайце, напэўна не пашкадуеце. Без эмоцый і заангажаванасці згаданых людзей вялікая частка гісторыі жыцця беларусаў Беласточчыны была б яшчэ недаступнай шырэйшаму колу зацікаўленай грамадскасці ў Польшчы, Беларусі і іншых краінах.
Так склалася, што выдадзены зараз альбом стане падарункам для рэдакцыі і асяроддзя „Нівы” ў наступаючым годзе. Не аглянуліся мы, а менавіта ўжо ў сакавіку 2021 года адзначым юбілей 65-годдзя выхаду першага нумара „Нівы”. Гартаючы архіўныя старонкі „Нівы” і альбома можам сказаць, што і дзякуючы нам у пэўнай ступені ўдалося зберагчы для агульначалавечай памяці і эмоцый наступных пакаленняў непаўторны свет беларускай нацыянальнай меншасці на гэтай зямлі.
Яўген Вапа