Навіны

У чаканні

Нягледзячы, што амаль кожны дзень прыносіць пераважна сумныя навіны, жыццё ідзе сваёй непазбежнай хадой. І вось ужо зіма чарговы раз змяніла восень і адбылося гэта досыць выразна. Снег выпаў літаральна па календары і мароз таксама не замарудзіў, не спазніўся. У прыродзе сёлета якраз усё як належыць. У гісторыі ў прынцыпе таксама нічога незвычайнага. Чалавецтва на планеце ніколі не магло жыць без войнаў, а пандэміі і навалы розных хваробаў перыядычна прыходзілі на зямлю і забіралі соткі тысяч, а то і мільёны ахвяраў. Усё гэта ўжо было неаднаразова і заўсёды мінала.

Беларусы зараз у чаканні – Калядаў і Новага году, а галоўнае – у чаканні змены грамадска-палітычнай сітуацыі ў краіне. Гэтае чаканне доўжыцца са жніўня з вядомых бурлівых падзей у час так званых выбараў. За гэты час многія прыйшлі ў адчай і з’ехалі з краіны, многія натхніліся нязломнай духовай сілай беларускага народу і працягваюць выходзіць на акцыі мірнага пратэсту, а трэція перажываюць досыць супярэчлівыя пачуцці, якія чаргуюцца ў іхных душах. Гэтую палітру настрояў і гаму перажыванняў вельмі добра ілюструюць допісы людзей ў сацыяльных сетках. І ўсё ж, нягледзячы на цяжкія страты і жорсткі пераслед ужо дзясяткаў тысяч грамадзян Беларусі, падаецца, што пераважаюць жыццясцвярджальныя паставы і вера ў лепшае. 

Ва ўсёй гэтай сітуацыі сапраўды ёсць прынамсі некалькі з’яваў, што дадаюць аптымізму і дазваляюць меркаваць так. Па-першае дрымотны стан нацыі, які доўжыўся чвэрць стагоддзя, дакладна скончыўся. Па-другое, пра нашу краіну Беларусь і змаганне народу са злом даведаўся ўвесь свет. Па-трэцяе, наступае перыяд новага нацыянальнага Адраджэння. Таму сведчанне вяртанне ў шырокі ўжытак нацыянальнай сімволікі, якую так адчайна імкнецца нішчыць цемрашальская ўлада. Але як можна знішчыць белы і чырвоны колеры, з якіх складаецца наш сцяг!? Гэтыя сімвалы вечныя, а ў сённяшняй рэальнасці фактычна адбыўся народны рэферэндум, які вярнуў бел-чырвона-белы сцяг і герб “Пагоня” у шырокі ўжытак. Нягледзячы на пераслед і кары за іх. Так што патрыятызм грамадзян Беларусі расце. Наступны крок – адраджэнне і паўнавартаснае вяртанне ў жыццё беларускай мовы. З гэтым будзе цяжэй, чым з сімволікай, але адно цягне другое і спакваля наша мова, якая дадзена нам Богам і продкамі, зойме сваё належнае месца. На яе карысць і дынамічнае развіццё на інтэрнэт-прасторы.

Да пазітыўных з’яваў варта залічыць і развейванне ілюзій у галовах грамадзян Беларусі наконт палітыкі Масквы ў дачыненні нашай краіны. Многім нарэшце адкрыліся вочы на сапраўдную сутнасць гэтай палітыкі. Адзін з маіх блізкіх сяброў, праўда, лічыць, што гэта не так і варта толькі крамлёўскаму ўладару нешта зрабіць па вызваленні Беларусі ад іхнага ж стаўленніка, ранейшыя ілюзіі забуяюць з новай сілай. Ну а мне падаецца, што ранейшага зацьмення мазгоў ужо не будзе, што адсотак людзей, здольных на самастойнае і крытычнае мысленне ўсё ж істотна вырас.

Іншае чаканне звязанае са спадам эпідэміі каронавірусу. Яна стаміла людзей псіхалагічна, фізічна і нават матэрыяльна. І хоць канца гэтай пошасці пакуль не відаць, людзі спадзяюцца, што ўрэшце сітуацыя будзе не такой напружанай і ў іх жыццё вернуцца ранейшыя маленькія радасці і звыклыя нармальнасці.   

Але галоўнае чаканне звязанае традыцыйна з штогадовым цудам Божага Нараджэння. Ужо дзве тысячы гадоў менавіта гэтая з’ява дае духовыя сілы, умацоўвае веру ў дабро, дорыць надзею хрысціянскім народам і кожнаму асобнаму чалавеку. Цуда, якое мы заўсёды чакаем з асаблівым трымценнем. Для хрысціян нашай краіны зараз надышло сапраўднае выпрабаванне на трываласць. Што радуе, як ніколі вернікі розных канфесій – праваслаўныя, каталікі абодвух абрадаў, пратэстанты розных кірункаў – аб’ядналіся і згуртаваліся супраць зла, выступаюць за праўду і супраць гвалту, арганізоўваюць грамадскую падтрымку і моляцца за выбаўленне ад змрочнага і гвалтоўнага. Такое адзінства не можа не радаваць.

Беларусь і беларусы зараз у чаканні…

Уладзімір Хільмановіч    

Відэа

праваабарончыя сайты