Навіны

Марыну Палікарпаву засудзілі да двух гадоў "хатняй хіміі"

17 снежня ў судзе Ленінскага раёна Гародні прадоўжыўся і завяршыўся разгляд крымінальнай справы жыхаркі гораду Марыны Палікарпавай.

У заключны дзень судовага разбіральніцтва адбыўся допыт судовага медэксперта Віктара Мацецкага, які праводзіў дзве судмедэкспертызы і асведчанне Марыны Палікарпавай.

Далей пракурор Мікіта Мыслівец зачытаў матэрыялы адміністрацыйнай справы брата абвінавачанай, які праходзіў па крымінальнай справе як сведка. Гэты сведка даў свае дадатковыя тлумачэнні.

Пракурора і суддзю цікавіла як фота 51 цялеснага пашкоджання Палікарпавай трапілі да журналістаў і былі апублікаваны. Палікарпава сказала, што сваёй згоды на гэтыя публікацыі з фотаздымкамі не давала.

Пасля гэтага адвакат задавала пытанні "пацярпеўшым" амонаўкам Бандарчук і Мазуркевіч пра абгрунтаванне заяўленых сум кампенсацыі ажно на 5 тысяч (!) рублёў. Ён спытаў ці праходзілі яны лячэнне - амонаўкі адказалі, што не, але, маўляў, яны перажылі маральныя пакуты, бо былі апублікаваныя іх персанальныя дадзеныя, на адрас іх сем'яў сыпаліся пагрозы. 

"Пацярпеўшыя" амонаўкі заявілі, што маюць прэтэнзіі да артыкулаў на Радыё Свабода і рэсурсе s13, дзе было інтэрв'ю Палікарпавай з фотаздымкамі. Адвакат на гэта заявіла, што гэтыя артыкулы не маюць дачынення да разглядаемай справы і яе не датычаць. 

Далей адбыліся судовыя спрэчкі. Пракурор Мыслівец заявіў, што Палікарпава супрацьдзеіла законным дзеянням супрацоўнікаў УУС. Пракурор лічыць, што віна Марыны Палікарпавай поўнасцю даказаная. Пракурор Мікіта Мыслівец урэшце запатрабаваў асудзіць Палікарпаву на 2 гады і 6 месяцаў, а таксама спагнаць з яе суму маральнай кампенсацыі і выдаткі на судмедэкспертызу. Амонаўкі Дар'я Бандарчук і Марыя Мазуркевіч поўнасцю падтрымалі дзяржаўнага абвінаваўцу.

Прамова адваката Кацярыны Грыцкевіч была скіраваная на адваротнае. Адвакат заявіла, што доказамі папярэдняга следства, судовага следства, даследавання матэрыялаў справы віна Палікарпавай зусім не даказаная. Законнасць яе затрымання 9 жніўня міліцыяй таксама вельмі сумнеўная. Па-сутнасці Палікарпава не брала ўдзелу ў масавым мерапрыемстве. Затрыманне, якое праводзіў камандзір узводу ОМОН Аляксандр Седач, было незаконным. У справе няма аніводнага відэа з рэгістратараў і відэакамер, якое б пацвярджала віну Палікарпавай. А паказанні Седача ў судзе вельмі супярэчлівыя. Дастаўленне Палікарпавай амонаўцамі на чале з Седачам у міліцэйскае аўто, дзе знаходзіліся Бандарчук і Мазуркевіч, было незаконным. Палікарпава не мела ніякага намеру прычыніць Бандарчук і Мазуркевіч нейкія пашкоджанні. З іншага боку "пацярпеўшыя" паводзілі сябе вельмі непрафесійна, груба, у час інцыдэнту назваліся прозвішчам Лукашэнка. У зашчапленні кайданкаў Палікарпавай не было ніякай патрэбы, а тым больш у здушвальным прыёме з боку амонаўкі. У такой сітуацыі Палікарпава інстынктыўна ўкусіла яе за руку, ратуючы сваё жыццё.

У апошнім слове Палікарпава сказала, што яна эмацыйна абараняла сябе і сваё жыццё. Канфлікт узнік з-за таго, што Бандарчук і Мазуркевіч  зневажалі яе ў грубай нецэнзурнай форме. Папрасіла таксама суд улічыць усе яе характарыстыкі і 32-гадовую сумленную працу.

Пасля 14.30 быў агучаны прыгавор. Судзя Руслан Гурын прызнаў Марыну Палікарпаву вінаватай і прызначыў ёй пакаранне - 2 гады зняволення без накіравання ва ўстанову адбыцця пакарання (так званая "хатняя хімія"). Таксама Палікарпава мусіць заплаціць па 1500 рублёў "пацярпеўшым" Бандарчук і Мазуркевіч, 162 рублі дзяржпошліны і 440 рублёў за судмедэкспертызу.

Абскардзіць гэты, несправядлівы на думку многіх, прысуд можна ў 10-дзённы тэрмін. 

фота назіральніка-праваабаронца Рамана Юргеля

17.12.2020

Архіў

Красавік 2021
1234
567891011
12131415161718
19202122232425
2627282930

Відэа

праваабарончыя сайты