Навіны

У Абухаве была затрыманая Галіна Дзербыш

10 снежня ў аграгарадку Абухава была затрыманая пенсіянерка Галіна Дзербыш. Затрымалі яе і змясцілі пад арышт, калі дома была толькі малодшая дачка. Перад гэтым у доме прайшоў ператрус. Галіна Дзербыш вядомая таксама сваёй актыўнай грамадскай пазіцыяй. Не раз яна змагалася за свае правы, была незалежнай назіральніцай на розных выбарах.

Цяпер Галіну Дзербыш падазраваюць ажно па артыкуле 289 Крымінальнага Кодэксу (Акт тэрарызму). Па версіі спецслужбаў яна нібыта мае дачыненне да "групы Мікалая Аўтуховіча". Менавіта пра Галіну Дзербыў згадваў учора ў сваім выступе старшыня КГБ РБ Іван Церцель.

Афіцыйную паперу пра тое, што Галіна Дзербыш затрыманая, яе старэйшая дачка атрымала толькі праз тыдзень пасля гэтага - 17 снежня. Дачка Настасся апошнія дні доўга не магла знайсці сваю маці - ні то яе трымалі ў ізалятары на Гая, ні то ў следчым ізалятары на Кірава. Паводле апошніх звестак Галіна Дзербыш нібыта на Кірава. Дадамо, што ў Галіны Дзербыш другая група інваліднасці.

Фармальнай падставай для затрымання стала тое, што па словах дачкі Дзербыш, у іх доме быў знойдзены чэк з Ваўкавыскай запраўкі. Насамрэч сям'я ездзіла па сабаку ў Камянецкі раён Берасцейскай вобласці. Па дарозе назад на аб'езнай дарозе каля Ваўкавыску яны запраўляліся на запраўцы №69.

Сёння Настасся Дзербыш атрымала афіцыйнае ўведамленне, што яе маці ўзятая пад варту і ўтрымліваецца ў гарадзенскай турме.

Архіў

Іншыя навіны

Відэа

праваабарончыя сайты