Навіны
Сумныя польскія гадавіны
На мінулым тыдні ў медыйнай прасторы ў Польшчы дамінавалі ўспаміны пра дзве гістарычныя падзеі — пяцідзясятую гадавіну крывавых рабочых пратэстаў у снежні 1970 года на Узбярэжжы і трыццаць дзявятая гадавіна ўвядзення ваеннага становішча 13 снежня 1981 года. Паміж абедзвюма падзеямі толькі адзінаццаць гадоў розніцы, але колькі спраў грамадска-палітычнага кшталту перамалолі ў такім прамежкавым часе польскія жорны гісторыі. Рабочыя пратэсты ў снежні 1970 года былі выкліканы павышэннем цэн на харчовыя прадукты. Такое рашэнне прыняў палітычны тандэм — першы сакратар камуністычнай партыі Уладзіслаў Гамулка і прэм’ер-міністр Юзэф Цыранкевіч. Пратэст рабочых, задушаны войскам і міліцыяй, прынёс смяротныя ахвяры і адмену павышэння коштаў на прадукты. Наступіла таксама змена кіраўніцтва партыі і ўрада, пачыналася дэкада Эдварда Герэка і Пятра Ярашэвіча, змеценых дзесяць гадоў пазней чарговай хваляй пратэстаў, звязаных з нараджэннем Салідарнасці (у гэтым годзе адзначалася яе саракагоддзе).
Карнавал Салідарнасці завяршыўся 13 снежня 1981 года ўвядзеннем ваеннага становішча генералам Войцехам Ярузельскім, які ў сваіх руках трымаў тады поўню дыктатарскай улады. Адным словам, атрымаўся класічны вайсковы пераварот сілавікоў. Усе дзяржаўна-адміністрацыйныя органы былі толькі фігурантамі ва ўнутранай і вонкавай палітыцы генерала. Таксама грамадскія ўтварэнні часу ваеннага становішча кшталту Патрыятычнага руху нацыянальнага адраджэння мелі быць тым фігавым лістком, які легітымізаваў бы дыктатуру Ярузельскага. Ва ўсіх тадышніх афіцыйных выступленнях адным з аргументаў генерала наконт такой развязкі быў тэзіс, што дзякуючы яму ў Польшчу не ўвайшлі савецкія войскі і не дайшло да ўнутранай польска-польскай вайны. Зараз з дакументаў вынікае, што менавіта Ярузельскі сам неаднойчы прасіў у Крамлі аб інтэрвенцыю. Там яму адказвалі, што парадак павінен навесці сваімі ўласнымі, польскімі рукамі. Саветы тады ўжо мелі на галаве ўваход у Афганістан і клопаты не толькі ваенныя, але і закалот на міжнароднай арэне, уключна з байкотам алімпійскіх гульняў 1980 года ў Маскве.
Наступіла эпоха вайны з уласным народам і рэалізацыя планаў па захаванні ўлады шляхам трансфармацыі, а ў канчатковым выглядзе — выгаднай камуністычнаму кіраўніцтву дамоўленасці з часткай апазіцыі пры круглым стале. Асноўныя сферы — банкаўская, бізнесовая, медыйная, судовая — ва ўмовах ІІІ Рэчы Паспалітай аказаліся прыстанішчам і месцам для кар’ер членаў уладнага апарату. У 1989 годзе пад пільным наглядам міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі Чэслава Кішчака прайшлі размовы круглага стала па «дэмакратычнай і бяскроўнай перадачы ўлады ў Польшчы». Па дарозе да 1989 года з боку ўлады былі крывавыя пацыфікацыі і забойствы рабочых, смерць духоўных, арышты, інтэрнаванні і турмы для людзей нязгодных з рэжымам, прымушанне людзей да эміграцыі ў адзін бок, а нават завочныя прысуды на кару смерці для польскіх дыпламатаў, якія выступілі супраць сістэмы Ярузельскага. Тысячы людзей было выкінутых з працы за свае палітычныя погляды. А верыфікацыйныя камісіі ў сваю чаргу пазбаўлялі людзей права займацца прафесіямі, звязанымі з грамадскімі справамі, журналістыкай, культурай.
Адной з самых яркіх прыкмет тайных міліцыйных аперацый была інвігіляцыя і шантаж апазіцыйных дзеячаў. Сёння мы ўжо ведаем, што і сам Лех Валэнса меў перыяд супрацоўніцтва са спецслужбамі, да чаго доўгімі гадамі не прызнаваўся сябрам і польскаму грамадству. Ягоныя захады весці з камуністамі перамовы і дамаўляцца пра падзел улады і гарантыю бяспекі для камуністычных апрычнікаў некаторыя гісторыкі лічаць вынікам кампраматных дакументаў, будучых у руках Чэслава Кішчака. Дарэчы, пра такое сведчыць факт, што ўдава Кішчака перадала Інстытуту нацыянальнай памяці скрынкі з дакументамі на Валэнсу, якія ён трымаў у сябе ў якасці ахоўных грамат, што гарантавалі яму недатыкальнасць. Можна толькі дадумвацца колькі такіх дакументаў надалей знаходзіцца на руках вышэйшых, ці ніжэйшых рангам афіцэраў цывільных і вайсковых службаў бяспекі.
Яўген Вапа