Навіны
Рамуальда Улана будуць судзіць пад Новы год
Вядомы смаргонскі дзеяч Рамуальд Улан паведаміў у сваім фэйсбуку, што на 28 і 29 снежня, напярэдадні самага Новага года, запланаваныя слуханні ў Смаргонскім раённым судзе па яго крымінальнай справе.
Былы ўладаннік «Новой газеты Сморгони» Рамуальд Улан абвінавачаны па крымінальнай справе "Паклёп" (артыкул 188 КК Рэспублікі Беларусь). У яго дома і ў офісе раней прайшлі ператрусы.
26 верасня Улана, які зараз індывідуальны прадпрымальнік, што робіць друкаваныя паслугі, затрымалі. У час вобшукаў была забраная аргтэхніка - усяго 13 пазіцый. Гэтая тэхніка была патрэбная для працы, фактычна бізнэс прадпрымальніка ўлады заблакавалі. Забралі нават кнопкавы тэлефон, які Улан купіў для свайго цесця, чалавека ў сталых гадах.
Смаргонскія сілавыя структуры пачалі крымінальную справу за нібыта распаўсюд сведама ілжывых звестак, якія ганьбяць іншую асобу (паклёп). Сутнасць справы ў тым, што па горадзе ў верасні былі расклеены ўлёткі з асабістымі звесткамі супрацоўнікаў міліцыі, якія на думку смаргонскіх жыхароў ілжэсведчылі ў судах супраць удзельнікаў мірных пратэставых акцый.