Навіны
Хрысціянскія выклікі
Яшчэ па традыцыі распачаўся наш калядна-навагодні марафон на памежжы Усходу і Захаду. Хаця з каранавіруснымі перасцярогамі і сямейнымі абмежаваннямі, хрысціяне ва ўсім свеце ўсё ж такі аддаюць павагу нараджэнню Ісуса Хрыста, зыходзячы ў большасці з намоленасці папярэдніх пакаленняў. Гэта яшчэ, як здаецца, сіла традыцыі, а не адчуванне, выцякаючае з глыбіні сваёй, асабістай, хрысціянскай веры. Хрыстовае Раство было рэальнай, гістарычнай падзеяй, якой не аспрэчыць нават найбольшым скептыкам ці атэістам. Усё, што было звязанае з таямніцай нараджэння і лёсавызначальнасцю ў далейшым развіцці свету, стала ўжо спляценнем сферы сакрум і сферы духу. Хрысціянства, як рэлігійная сістэма, з цягам часу прыняло ролю аднаго з элементаў цывілізацыйных падмуркаў еўрапейскай тоеснасці, якая не выбудоўвалася толькі мірным шляхам.
Хрысціянства спазнала рэлігійныя войны, змаганне за першынство і ў свецкім уладаранні, крывавыя канфлікты з навуковымі і інтэлектуальнымі іншадумцамі, а таксама занадта блізкае сябраванне з палітычнымі сістэмамі гэтага свету. Гэта таксама і тое вымярэнне зямнога быцця хрысціянскіх цэркваў, якое не прыносіць ім ані хвалы Божай, ані чалавечай удзячнасці. Гвалтоўныя французская і бальшавіцкія рэвалюцыі свой палітычны план рэалізоўвалі, між іншым, на лозунгах жорсткага змагання з касцельнымі і царкоўнымі структурамі як тым элементам цемрашальства, які стаіць на дарозе да чалавечага прагрэсу і роўнасці. Канцэптуальна і інтэлектуальна вайну з рэлігіяй як падмуркам сістэмы ўлады абвясцілі свету марксісты і леніністы. План знішчэння ў пыл і прах духоўнай сферы і матэрыяльнай спадчыны монатэістычных рэлігій быў уведзены розных адценняў камуністычна-марксісцкімі рэжымамі па ўсім свеце. Мільёны ахвяр змагання з рэлігіяй гэта таксама вынік функцыянавання «адзіных і правільных» свецкіх ідэалогій. А тым жа ідэалогіям часта з захапленнем падтрымку аказвалі гэтак званыя міжнародныя, інтэлектуальныя аўтарытэты, якіх дыктатуры ўспрымалі ў якасці звычайных карысных ідыётаў.
Менавіта тая ганарыстасць і празмерная любоў духоўнага сану да зямной раскошнасці цягам стагоддзяў была і ёсць галоўнай прычынай пратэстных настрояў у грамадстве. І гэта не толькі грахі матэрыяльнай прагі, абжорства, п’янства, пралюбадзейства. Самымі балючымі з’яўляюцца скрываныя і замоўчваныя дзесяцігоддзямі педафільскія і гомасексуальныя скандалы сярод святарства. Свой гнеў людзі выліваюць не толькі ўнутры саміх царкоўных структур ці ў публічнай дыскусіі. У сённяшнім свеце, на жаль, набывае ён форму атакі не толькі вербальнай, але і фізічнай. І гэта не толькі ў краінах ваюючага ісламу, але і ў свецкай постхрысціянскай Еўропе.
Зараз супраць хрысціянству сваю атаку скіравалі ідэалагічна модныя фарміраванні сённяшняга свету. Для іх быццё цяпер хрысціянінам гэта нейкі дысананас і грамадска-цывілізацыйная адсталасць. І няма права на адкрытае прызнанне ў сваёй веры. Гадамі, заднімі дзвярыма ўводжаны з усіх бакоў, а цяпер і адкрыта змутаваны камуна-марксізм становіцца адным з сімвалаў сусветнай палітычнай і грамадскай карэктнасці. Калі ізноў усе маем быць паклоннікамі адзінай, свецкай ідэалогіі, то спадзяюся, што не будзе гэта апошняя лебядзіная песня «праваабарончага свету». Пішу гэтыя словы з вялікім сумам, бо, на жаль, назіранне і абарона правоў хрысціян ва ўсім свеце перад пераследам не трывожыць грамадскую думку і не заўважаецца міжнароднымі арганізацыямі абароны правоў чалавека. Калі не хочам заўважыць бяды адных і застаемся глухімі і сляпымі на іх праблемы, то проста такім чынам затрачваем памаленьку часцінку чалавецтва і сябе.
Кожны з нас не ёсць без граху, у тым ліку і духоўныя айцы. Але менавіта над усімі намі адбудзецца адзіны і справядлівы суд Божы. Памятаю расказы сваіх бацькоў і суседзяў пры нагодзе розных свят пра распісаныя іконы, на якіх менавіта адлюстраваны таксама епіскапы і святары на роўні з іншымі грэшнікамі, якія Гасподняй рукою правальваюцца ў пякельную бездань. І тое натуральнае думанне і разуменне грэшнасці чалавечага роду і здаровы падыход да рэлігійнасці не рабілі з нашых продкаў ваюючых бязбожнікаў, але Богам любімых хрысціян свядомых сваёй слабасці.
Яўген Вапа