Навіны

Рэгіянальны каляндар на студзень

1 студзеня

160 гадоў таму (1861) – У в. Лаша (Гарадзенскі р-н) нарадзіўся Яўхім Карскі, філолаг-славіст, мовазнавец, літаратуразнавец, фальклярыст, этнограф, палеограф, археограф, бібліёграф, педагог, заснаваньнік навуковага беларусазнаўства.

2 студзеня

75 гадоў таму (1946) – У Бутырскай турме (Масква) закатаваны Фабіян Абрантовіч, уніяцкі духоўнік, грамадзка-культурны дзеяч, філосаф, рэлігійны педагог. Нараджэнец Наваградку  (засьценку Вераскоўшчына).

35 гадоў таму (1986) – У Чыкага памёр Уладзімер Тарасевіч, рэлігійны і грамадзкі дзеяч беларускага замежжа (ЗША). Нараджэнец в. Клешнякі (Шчучынскі р-н).

3 студзеня

95 гадоў таму (1926) – У в. Бортнікі (Бабруйскі р-н) нарадзіўся Алесь Ліпень, беларускі, мастак, скульптар. Жыў у Гародні з 1950 г.

35 гадоў таму (1986) – Памерла Людміла Жамойціна (па мужу-Янкоўская), беларуская настаўніца, у 1939-41 працавала ў Лідзе, пасьля вайны ў эміграцыі (Польшча). Нараджэнка в. Клімавічы (Лідзкі р-н).

4 студзеня

430 гадоў таму (1591) – Каралём Жыгімонтам ІІІ Слоніму наданы гарадзкі герб.

7 студзеня

Каляды (Раство Хрыстова) па юльянскім праваслаўным календары.

9 студзеня

405 гадоў таму (1616) – У Наваградку прайшоў публічны дыспут езуітаў з пратэстантамі.

220 гадоў таму (1801) – У Вялікай Бераставіцы нарадзіўся Восіп Кавалеўскі, гісторык, філамат, адзін з заснаваньнікаў манголазнаўства.

80 гадоў таму (1941) – У Хадзявічы (Слонімскі р-н) нарадзілася Валянціна Ададурава (дзявочае Клыбік), беларуская паэтка, педагог.

10 студзеня

115 гадоў таму (1906) – У Іркуцку (Расія) памёр Цэлястын Цэханоўскі (нар. у 1835 у маёнт. Горлава, Дрыбінскі р-н), лекар, паўстанці грамадзянскі кіраўнік Гародні ў паўстанні 1863 году.

11 студзеня

10 гадоў таму (2011) – У штаце Ню-Ёрк (ЗША) памёр Уладзімір Набагез (нар. у 1919), дзеяч беларускай эміграцыі (Бельгія, ЗША). Нараджэнец в. Сялец (Наваградзкі р-н).

13 студзеня

315 гадоў таму (1706) – Пачалася двухмесяцавая аблога шведскім войскам Гародні, у выніку яе расейскі гарнізон адступіў, а шведы занялі горад.

14 студзеня

105 гадоў таму (1916) – У засьценку Амбружын (Ашмянскі р-н) нарадзіўся Уладзіслаў Чарняўскі, беларускі каталіцкі сьвятар, перакладнік літургічных тэкстаў на беларускую мову.

15 студзеня

135 гадоў таму (1886) – У Докшыцах нарадзіўся Іван Аляхновіч, беларускі праваслаўны сьвятар. Працаваў у Жыжме (Івейскі р-н), Дакудаве (Лідскі р-н), Турэйску, Раковічах (Шчучынскі р-н).

90 гадоў таму (1926) – У Заходняй Беларусі выйшаў першы нумар сатырычнага часопісу “Маланка” (выдаваўся ў Вільні да 26 сьнеж. 1928, выйшлі 43 нумары).

16 студзеня

195 гадоў таму (1826) – У в. Шастакова (Камянецкі р-н) нарадзіўся Рамуальд Траўгут, адзін з кіраўнікоў паўстаньня 1863 году. Вучыўся ў Сьвіслацкай гімназіі.

17 студзеня

100 гадоў таму (1921) – У Сяньне памёр Андрэй Зязюля (сапр. Аляксандар Астрамовіч), беларускі каталіцкі сьвятар, паэт. Нараджэнец в. Навасады (Ашмянскі р-н).

19 студзеня

1656 – У Берасьці памёр Казімір Леў Сапега, дзяржаўны і грамадзкі дзеяч ВКЛ. Фундаваў Дзятлаўскі касьцёл Ушэсьця Дзевы Марыі (1624-46 гг.).

20 гадоў таму (2001) – У Гейнсвіле (штат Флорыда, ЗША) памёр Ян Пятроўскі, рэлігійны дзеяч, літаратар, выдавец, дзеяч беларускай эміграцыі (Нямеччына, Аўстрыя, ЗША). Працаваў пастарам у Дзярэчыне (Зэльвенскі р-н).

20 студзеня

130 гадоў таму (1891) – У в. Дуляўцы (Ваўкавыскі р-н) нарадзіўся Фабіян Ярэміч, беларускі грамадзка-культурны дзеяч.

23 студзеня

40 гадоў таму (1981) – У Супрасьлю памерла Вера Матэйчук-Маслоўская (нар. у в. Агароднікі Беластоцкага пав.), беларуская настаўніца, грамадзкая дзяячка. Вучылася ў Сьвіслачы.

30 гадоў таму (1991) – Памерла Алеся Чабатар (дзявоч. Бушма, нар. у 1910 у в. Дзяляцічы, Наваградзкі р-н), дзеячка беларускай эміграцыі (Аўстралія)

26 студзеня

15 гадоў таму (2006) – У Гародні памёр Павал Жук, вязень ГУЛАГу, удзельнік Нарыльскага паўстаньня, ствараньнік Гарадзенскай абласной Асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсіяў.

27 студзеня

135 гадоў таму (1886) – У в. Блудзень (цяпер в. Першамайская, Бярозаўскі р-н) нарадзіўся Васіль Дружчыц (Друшчыц), беларускі гісторык, педагог. Вучыўся ў Жыровічах.

28 студзеня

10 гадоў таму (2011) – У ЗША памёр Барыс Данілюк, дзеяч СБМ, беларускай эміграцыі (Нямеччына, ЗША). Нараджэнец в. Старыя Дзевяткавічы (Слонімскі р-н).

 

02.01.2021 Тэгі: каляндар

Архіў

Красавік 2021
1234
567891011
12131415161718
19202122232425
2627282930

Відэа

праваабарончыя сайты