Навіны

Крымінальныя справы ў судзе Ленінскага раёну

6 студзеня ў судзе Ленінскага раёну Гародні ідуць паседжанні адразу па трох крымінальных справах, датычных удзельнікаў масавых мірных дэманстрацый і пратэстаў.

Вядомая многім суддзя Алена Пятрова працягнула разглядаць крымінальную справу гарадзенкі Юліі Аршун. Справа на Аршун паводле артыкулу 369 - за знявагу прадстаўніка ўлады.

Яшчэ адна суддзя - Ганна Лявусік на закрытым судовым паседжанні разглядае справу Дзмітрыя Чарапко. Справа па частцы 1 артыкулу 368 Крымінальнага Кодэксу.

Таксама ў гэты дзень прадоўжыўся разгляд крымінальнай справы Сяргея Рымшы. Напомнім, што справу вядзе суддзя Юрый Казакевіч. 6 студзеня ў судзе апытваўся сведка з боку Рымшы - Канстанцін Мядзведзеў. Таксама праглядваўся відэазапіс з дня інцыдэнта, зроблены гэтым сведам. Потым суд задаволіў хадайніцтва пракурора і дэманстраваў відэазапіс без гуку з відэарэгістратара міліцэйскай аўтамашыны.

Пасля гэтага адвакат Рымшы агучыў некалькі дакументаў з матэрыялаў справы і звярнуў увагу на працэсуальныя парушэнні. Так, дакумент пра затрыманне Рымшы не мае ні рэгістрацыі, ні прастаўленай даты. Яшчэ адна істотная супярэчнасць - дата азнаямлення з пратаколам экспертызы 12.08.2020, а дата накіравання на экспертызу - 11.08.2020. Узнікаюць пытанні па законнасці такіх дзеянняў.

Урэшце дзяржаўны абвінаваўца папрасіў перапынак для падрыхтоўкі ўдзелу ў судовых спрэчках. Суддзя Казакевіч прызначыў наступнае паседжанне на 14.30 14 студзеня 2021 года.

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты