Навіны

Мікалай Аўтуховіч. Змаганне за радзіму.

Гэты Новы Год ветэран баявых дзеянняў на тэрыторыі Афганістана ў складзе Савецкай Арміі Мікалай АЎТУХОВІЧ ужо 9-ты раз сустрэў у турме. 7 студзеня 2021 года Мікалай АЎТУХОВІЧ 9-ты раз сустракае ў турме свой дзень нараджэння. І! 9-ты раз статусныя, пры пасадах, савецкія ветэраны вайны ў Афганістане не павіншуюць зняволенага МІКОЛУ з днём нараджэння, не павіншуюць таго МІКОЛУ, які ў свой час, будучы прадпрымальнікам, шмат асабістых сродкаў ахвяраваў на падтрымку Ваўкавыскага грамадскага аб'яднання "Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане".
І ніякім іншым чынам гэтыя статусныя ветэраны не выкажуць сваю салідарнасць з АЎТУХОВІЧАМ. Бо! Ні разу дагэтуль не выказалі нават маральную падтрымку. А вось адваротнае - было. У 2011 годзе М.АЎТУХОВІЧ другі раз сядзеў у турме. І ў гэтым 2011 годзе пры падтрымцы Міністэрства абароны Беларусі, Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэту і Гродзенскага абласнога грамадскага аб'яднання "Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане" была выдана кніга "УДАЛЕЧЫНІ, ЗА РАКОЮ: Воіны-інтэрнацыяналісты Гродзенскай вобласці ў афганскай вайне 1979-1989".
У тым ліку ў кнізе апублікаваны ўспамін тагачаснага кіраўніка ваўкавыскага аб'яднання БСВВА, дзе ён пафасна піша: "Калі ў мяне пытаюцца, што найбольш запомнілася ў той вайне, не задумваючыся адказваю: узаемавыручка і вайсковае братэрства". Аднак! У кнізе, у спісе нараджэнцаў і жыхароў Ваўкавыскага раёна, якія ваявалі ў ДРА, няма нараджэнца і жыхара Ваўкавыску, кавалера ордэна "Чырвоная Зорка" і медаляў "За баявыя заслугі" і "За адвагу" Мікалая АЎТУХОВІЧА... У згаданага кіраўніка раённага ветэранскага аб'яднання некуды зніклі памяць, узаемавыручка і вайсковае братэрства, адно засталіся тры ордэны за Афганістан і цынічны пафас, гэтаксама як і ў ягонага начальніка, кіраўніка абласнога аб'яднання БСВВА, прозвішча якога красуецца на вокладцы кнігі.
Наўмысна не называю гэтых "герояў", бо не вартыя яны таго, каб іх імя ўзгадвалася побач з імем Міколы АЎТУХОВІЧА. Гэтаксама, як ніхто сёння не памятае і не называе ТЫХ ветэранаў Другой сусветнай вайны, якія ваявалі ў складзе Рабоча-сялянскай Чырвонай Арміі, а ў часы незалежнай Беларусі зневажалі і бэсцілі ветэрана-франтавіка Васіля БЫКАВА.
У Расіі ў 2007 годзе быў такі выпадак. У Маскве арыштавалі апазіцыйнага палітыка, 13-га чэмпіёна свету па шахматах Гары Каспарава. 12-ты чэмпіён свету Анатоль Карпаў, які па жыцці заўсёды калыхаецца разам з лініяй улады, тым не меней, выказаў салідарнасць, прыйшоў на Лубянку праведаць Каспарава, падтрымаць яго, у тым ліку перадаў Гары Кімавічу апошні нумар шахматнага часопіса. Нашым прыўладным афганцам далёка да гэтага...
У дакументальным фільме рэжысёра Вольгі Мікалайчык "Падарожжа па бясконцай вайне" (2012 год) Мікалай АЎТУХОВІЧ пра ўдзел у баявых дзеяннях на тэрыторыі Афганістана кажа так: " Гэта не Айчынная вайна... Не за Радзіму". У 2020 годзе М.АЎТУХОВІЧ ніяк не ўдзельнічаў у так званых "выбарах" прэзідэнта, дзе паміж сабою счапіліся існая ўладная групоўка на чале з Лукашэнкам (гэта групоўка, дбаючы пра ўласны інтарэс, супраціўляецца аншлюсу - канчатковаму далучэнню Беларусі да Расеі) і групоўка калабарантаў Ціханоўскіх / Цапкалаў / Бабарыкаў, якія з лёгкасцю пагадзіліся выканаць даручэнне маскоўскіх заказчыкаў мацней прывязаць нас да расейскай імперыі, да "русского мира".
АЎТУХОВІЧ яшчэ да 9 жніўня 2020 года папярэджваў суайчыннікаў, што ўдзел у выбарчых гульнях па сцэнару маскоўскіх паліттэхнолагаў прывядзе да разгрому грамадства, аслабіць нашу дзяржаву, яшчэ больш павялічыць нашу залежнасць ад Расеі ажно да поўнай страты суверэнітэту Беларусі, што гэта - "не наша вайна".
Адстойванне суверэнітэту Беларусі, няўдзел у маскоўскіх гульнях і выкрыццё хцівых калабарантаў - такі ў 2020 годзе шлях Мікалая АЎТУХОВІЧА ў змаганні за Радзіму! Сардэчна віншую шаноўнага Мікалая АЎТУХОВІЧА з 58 днём нараджэння! Здароўя табе МІКОЛА, беражы сябе!
 
 
7 студзеня 2021 года. Міхась ВАРАНЕЦ, ветэран вайны ў Афганістане, г. Слонім
 
 
 
 
 
 

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты