Навіны

Чаго хочацца беларусам

   У Новы год зазвычай у людзей з’яўляюцца новыя жаданні. Часам, аднак, дамінуюць і старыя, якія пакуль не здзейсніліся. Мяркую, менавіта з такімі надзеямі беларусы перакрочылі з драматычнага 2020-га ў невядомы 2021-ы год.

   Дык чаго хочацца беларусам у Новым годзе?

   Хочацца, каб урэшце мінула праклятая эпідэмія знішчальнага каронавірусу.

   Хочацца не хварэць і не губляць блізкіх нам людзей.

   Хочацца, каб беларуская мірная рэвалюцыя дасягнула свайго галоўнага выніку – рэальных пераменаў у краіне.

   Хочацца, каб усходні сусед урэшце пакінуў нас у спакоі і не лез з сваёй “дапамогай”.

   Хочацца, каб скончыўся тэрор супраць беларускага народу.

   Хочацца, каб людзі, якія ажыццяўляюць гэты тэрор, зразумелі, што яны чужыя на гэтай зямлі.

   Хочацца каб “муры рухнулі” і пачалася адбудова занядбанай дзяржавы.

   Хочацца, каб з турмаў выйшлі ўсе, каго незаконна зняволілі толькі за іх перакананні і жаданне быць вольнымі.

   Хочацца, каб дадому вярнуліся ўсе, хто быў змушаны пакінуць радзіму, эміграваць не па сваёй волі.

   Хочацца, каб у краіне аднавілася прававое поле і заканадаўства стала рэальна абараняць людзей ад гвалту.

   Хочацца, каб судзейскія мантыі апранулі людзі, якія будуць кіравацца выключна законамі і справядлівасцю.

   Хочацца, каб наш нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг зноў залунаў над дзяржаўнымі будынкамі.

   Хочацца каб у дзяржаве з’явіліся свабодныя і дэмакратычныя выбары з роўнымі магчымасцямі і сумленным падлікам галасоў.

   Хочацца каб ва ўрад уваходзілі не ідэалагічна “правільныя” “шасцёркі”, а кампетэнтныя прафесіяналы ў сваёй сферы.

   Хочацца каб прадпрыемствамі і ўстановамі кіравалі адукаваныя спецыялісты.

   Хочацца каб прадпрымальнікам далі свабоду дзейнасці і ўсталявалі нармальныя падаткі.

   Хочацца, каб зноў адкрыліся беларускамоўныя школы і дзіцячыя садкі і маленькія беларусы навучаліся на роднай мове.

   Хочацца, каб у вышэйшыя навучальныя ўстановы таксама паўнавартасна прыйшла мова тытульнай нацыі, а звольненыя за свае погляды выкладчыкі зноў занялі месцы за кафедрамі.

   Хочацца каб акторы купалаўскага тэатру, а таксама іншыя звольненыя артысты зноў выходзілі на сцэны сваіх родных тэатраў, а ў вялікіх кінатэатрах краіны нарэшце паказалі кінастужку “Купала”, якая пакуль так і не выйшла на шырокія экраны.

   Хочацца, каб святары розных канфесій служылі выключна Богу і навярталі сваю паству да любові і добрых учынкаў. 

   Хочацца, каб зноў адкрыліся межы і нашы людзі маглі вольна перамяшчацца па Еўропе і ў далейшыя краіны свету.

   Хочацца зноў сустракацца з сябрамі і аднадумцамі за шчодрым сталом і цёплай бяседай.

   Хочацца новых лірычных, а не трагічных песень і вершаў. 

   Хочацца снежнай, але ў меру, зімы з невялікімі маразамі, сонечнай ранняй вясны з бярозавым сокам, цёплага ласкавага лета, прыгожай каляровай восені з чароўным лістападам і шчодрымі дарамі лесу.

   Хочацца, каб з Новым 2022 годам па дзяржаўным тэлебачанні грамадзян віншавалі нарэшце зусім іншыя асобы.

   Такія простыя чалавечыя жаданні і надзеі, я перакананы, пераважнай бальшыні насельнікаў беларускай зямлі. Яны гучалі, пісаліся ў сацыяльных сетках перад самым надыходам 2021 года, яны задумваліся ў час адліку апошніх секунд мінулага каляндарнага адрэзку і прамаўляліся пад звон бакалаў шампанскага. Бальшыня суседніх з намі народаў нават не разумее каштоўнасці нібыта простых рэчаў, якія даступныя ім з дзяцінства і якія яны не да канца цэняць у сваіх дзяржавах. Беларусы пра многае такое толькі мараць, але і стараюцца набліжаць свае мары.    

   У кожным разе, як казаў герой папулярнай кінастужкі, дык вып’ем жа за тое, каб нашы жаданні супадалі з нашымі магчымасцямі! За свабодную і новую Беларусь!

Уладзімір Хільмановіч

 

08.01.2021

Архіў

Красавік 2021
1234
567891011
12131415161718
19202122232425
2627282930

Відэа

праваабарончыя сайты