Навіны

"Працэс чатырох" у судзе Ленінскага раёну

У судзе Ленінскага раёна Гародні 6 студзеня пачаўся працэс па крымінальнай справе аб гвалце над міліцыянтамі (суддзя Генадзь Мазайла).

На лаве падсудных чатыры чалавекі: Міхаіл Юдзін, Вадзім Хіжнякоў, Сяргей Яфімовіч (жыхары Гародні) і Андрэй Севяртока (Масты Гарадзенскай вобласці). Ім ад 33 да 49 гадоў.

Мужчын абвінавачваюць у тым, што 27 верасня, "дзейнічаючы ў змове, яны ўчынілі гвалт у дачыненні да міліцыянераў". Вядомыя прозвішчы двух пацярпелых — Заяц (жанчына-міліцыянер) і Башко.

Паводле матэрыялаў справы, Севяртока ля кінатэатра „Усход” ударыў Заяц кулаком па галаве і нагой па назе, Яфімовіч кінуў у яе невядомы прадмет. Затым Юдзін ударыў Башко па тулаве, руцэ і галаве, а Хіжнякоў кінуў у Башко невядомы прадмет. У Заяц сіняк на назе, у Башко — „фізічны боль і пакуты”.

Усіх чацвярых фігурантаў абвінавачваюць паводле арт. 364 Крымінальнага кодэкса (гвалт у дачыненні да работніка міліцыі), Севяртоку — таксама паводле арт. 413 (уцёкі з-пад варты), бо ў дзень затрымання ён апынуўся ў бальніцы, адкуль збег. Пазней яго зноў затрымалі.

Пацярпелыя заявілі хадайніцтва пра тое, каб іх дапытвалі скрыта дзеля іх бяспекі. Суддзя хадайніцтва задаволіў.

Падсудныя віну не прызналі, акрамя Севяртокі, які прызнаў часткова гвалт у дачыненні да міліцыянтаў.

На наступным пасяджэнні 11 студзеня дапытаюць абвінавачаных і пацярпелых.

belapan.by

08.01.2021

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты