Навіны

Нядзельная раніца ў Менску пачалася з дваровых акцый пратэсту ў мікрараёнах

Пратэстныя акцыі ў мікрараёнах Менска пачаліся 10 студзеня з самай раніцы.

Як паведамляюць тэлеграм-каналы, прыхільнікі перамен выйшлі на лакальныя маршы з бел-чырвона-белымі сцягамі і сцягамі з сімволікай сваіх мікрараёнаў у Серабранцы, Зялёным Лузе, у раёне вуліц Захарава і Пуліхава, у пасёлку Хацежына і вёсцы Копішча Мінскага раёна.

Інтэрнэт-карыстальнікі паведамляюць пра аўтазакі, прыпаркаваныя ля 4-й гарадской бальніцы (вул. К.Лібкнехта), а таксама на скрыжаванні праспектаў Любімава і Газеты „Звязда”.

Сілавікі актывізаваліся пасля таго, як 4 студзеня генпракурор Андрэй Швед заявіў пра неабходнасць спынення дваровых акцый, якія, паводле яго слоў, „ажыццяўляюцца за грошы замежных спонсараў”.

7 студзеня занепакоенасць дваровай актыўнасцю выказаў Аляксандр Лукашэнка ў час наведвання мінскага храма Узвіжання Крыжа Гасподняга. Ён назваў удзельнікаў маршаў пратэсту „невялікі купкай”. „Дрэнна, калі яны ходзяць па вуліцы, яшчэ горш, калі яны ідуць у двары, будзе невыносна, калі яны прыйдуць у вашы кватэры. Мы не павінны гэта дапусціць”, — сказаў Лукашэнка.

Паводле інфармацыі валанцёрскага тэлеграм-канала „Спісы затрыманых”, за апошнія два дні, 8 і 9 студзеня, былі затрыманыя 13 чалавек. Траіх пасля адпусцілі. Аднаго паспелі асудзіць (9 студзеня, у суботу, суды працавалі). Затрыманыя знаходзяцца ў ізалятарах у 1-м завулку Акрэсціна (Мінск), а таксама ў Жодзіне, Баранавічах і Магілёве.

Дваровыя пратэсты супраць гвалту і фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў праходзяць з сярэдзіны лістапада.

belapan.by

Чытай больш на: https://www.racyja.com/hramadstva/nyadzelnaya-ranitsa-u-mensku-pachalasya-z/

10.01.2021
Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты