Навіны

Яшчэ адзін крымінальны працэс у Гародні (абноўлена)

12 студзеня ў судзе Ленінскага раёну Гародні пачаўся яшчэ адзін крымінальны судовы працэс. На лаве падсудных ажно 5 чалавек - браты Уладзімір і Юрый Седзянеўскія, Аляксандр Якубоўскі, сёстры Жанна Захаркевіч і Надзея Сцепанцова. Працэс вядзе суддзя Ганна Лявусік. Дзяржаўным абвінаваўцам выступае старшы памочнік пракурора Аліна Чужаземец.

Усіх іх вінавацяць паводле артыкулаў 342, частка 1 і 364 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь. Справа пачатая за падзеі ў Гародні 6 верасня 2020 года.

У справе фігуруюць ажно 11 пацярпелых супрацоўнікаў МУС. Ніхто з іх на першае судовае паседжанне не з'явіўся. Суд пастанавіў выклікаць іх на іншае паседжанне. Пры тым прозвішчы "омоновцев" у справе зменены, гэта тлумачыцца нібыта мерамі бяспекі ў дачыненні да іх.

Паводле версіі абвінавачання дзеянні падсудных па ўдзеле ў мітынгу былі наўмысна злачыннымі. Так Аляксандра Якубоўскага вінавацяць, што ён замінаў службовай дзейнасці супрацоўнікаў міліцыі, стаяў, узяўшыся за рукі з іншымі чатырма абвінавачанымі, а потым прычыніў фізічны боль супрацоўніку УУС. Надзея Сцепанцова нібыта таксама мела злачынны намер парушыць грамадскі парадак і замінала службовым абавязкам супрацоўнікаў ОМОНу. Яна, на думку абвінавачвання, прычыніла фізічны боль ажно 9 "омоновцам", узяла ўдзел у далейшым несанкцыянаваным шэсці і рабіла замах на грамадскі спакой. Сцепанцова рукой ударыла супрацоўніка ОМОН. Уладзімір Седзянеўскі ўзяў удзел у незаконных групавых дзеяннях, "натхняў навакольных" на удзел у несанкцыянаваных дзеяннях, парушаў грамадскі спакой, негатыўна рэагаваў на патрабаванні супрацоўнікаў міліцыі, прычыніў боль "омоновцам", замінаў руху грамадскага транспарту, удзельнічаў у незаконным шэсці. Аналагічныя абвінавачванні выстаўляюцца Юрыю Седзянеўскаму і Жанне Захаркевіч.

Усе пяцёх абвінавачаных у поўным аб'ёме не прызнаюць сваю віну. Пракурор з сваёго боку заявіла, што віна падсудных пацвярджаецца пісьмовымі матэрыяламі справы. Пасля гэтага пачалося даследаванне матэрыялаў справы з доказамі віны.

Першым быў дапытаны Аляксандр Якубоўскі. Ён засведчыў, што раней не быў знаёмы з іншымі абвінавачанымі па гэтай справе. У дзень падзей, 6 верасня, ішоў на курсы праграмавання і ўбачыў групу людзей на вуліцы Гарнавых. Якубоўскі сцвярджае, што ніякіх заклікаў да масавага мерапрыемства не чуў і ніхто з людзей не парушаў грамадскі парадак. Ніхто нікога не папярэджваў пра нейкія парушэнні заканадаўства. Яго асабіста схапіў невядомы ў балаклаве, без усялякіх апазнавальных знакаў, пацягнуў, ударыў, потым адпусціў. Ніякіх мэтных дзеянняў людзі не рабілі, проста інтуітыўна ўзяліся за рукі, калі на іх наляцелі невядомыя ў чорным адзенні. Якубоўскі адказаў на пытанні пракурора і заявіў, што ў мірных грамадзян не было ніякой агрэсіі і заклікаў да гвалтоўных дзеянняў. Наадварот быў гвалт у дачыненні да мірных людзей, яго асабіста таксама затрымалі і завезлі Кастрычніцкі РАУС, пазней аштрафавалі на 20 базавых велічынь паводле артыкулу 23.34.

Далей адбыўся допыт Надзеі Сцепанцовай. Яна сказала, што акрамя роднай сястры Жанны Захаркевіч, іншых трох абвінавачаных раней не ведала. 6 верасня збіралася паехаць у гандлёвы цэнтр, на вуліцы Гарнавых убачыла групу людзей, якая мірна ішла па ходніку, нічога не парушаючы. Ніхто нікога ні пра што не папярэджваў, убачыла людзей у чорным і балаклавах, якія пырскалі на людзей газам. Расказала, што перажыла тады шок ад распылення газу і брутальных дзеянняў людзей у чорным. Калі бальшыня людзей разбеглася, частка натоўпу стала штурхаць ззаду яе на людзей у чорным. Адзін з людзей у чорным закрычаў, што ён з Расеі, потым гэта крычалі і іншыя і пры тым яны брудна лаяліся матам. Ніхто з людзей не наносіў удараў невядомым у чорным, наадварот, гэта "чорныя" білі людзей, Сцепанцова бачыла як адзін з іх душыў чалавека каленам. Ніякіх удараў невядомым у чорным, якія, як выявілася, былі "омоновцамі", Сцепанцова не здзяйсняла. У яе спаўзла сумка з правага пляча і давялося здзейсніць рух, каб утрымаць сумку і яна не ўпала - менавіта гэтае дзеянне следства палічыла чамусці "ударам". Толькі 10 лістапада Сцепанцову выклікалі ў Следчы камітэт і тады яна  даведалася, што праходзіць па крымінальнай справе.

Пасля гэтага ў паседжанні абвесцілі перапынак да 14.30.

Пасля абеду былі апытаныя іншыя абвінавачаныя - Уладзімір і Юрый Седзянеўскія, Жанна Захаркевіч. Наступнае паседжанне суду 13 студзеня а 10.30.

фота праваабаронца Рамана Юргеля

 

 

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты