Навіны

Новая эпоха

   Гэтыя святочныя дні, паміж праваслаўнымі Калядамі і старым Новым годам, ёсць надзвычай спрыяльнымі для разваг і роздуму. Так было заўсёды, яшчэ з часоў майго дзяцінства, калі менавіта гэтаму часу нашы людзі надавалі адценне найбольшай таямнічасці і містыцызму. Ну а гэтым разам і без усялякай містыкі становіцца зразумела, што за адзін мінулы год змянілася цэлая эпоха…

   Тое, што эпоха ў Беларусі змянілася канчаткова і незваротна, я хіба што ўжо тысячны раз інтуітыўна адчуў напрыканцы мінулага году, пасля чарговага знакавага выпадку. Адзін бацька выклікаў міліцыю на сваіх дзяцей за тое, што тыя вывешвалі ў вокнах іх кватэры бела-чырвона-белыя фіранкі. Міліцыя загадала зняць тыя фіранкі, бо яны ў нацыянальных беларускіх колерах. Але арыштоўваць дзяцей не стала. Нават ім стала агідна ад таго, што бацька даносіў на родных дзяцей…

   Пасля гэтай інфармацыі мне ўспомніліся некалькі знакавых эпізодаў з дзяцінства. У той час, калі я вучыўся ў савецкай школе, нам на занятках у прыклад ставілі Паўліка Марозава, непоўнагадовага дзіцёнка, які данёс на сваіх бацькоў уладам. Што там стала пасля яго подлага даносу з бацькамі, пасадзілі іх у турму, ці ўвогуле расстралялі, настаўнікі нам не распавядалі. Іх прымушалі клапаціцца толькі пра тое, каб мы былі такімі, як Паўлік Марозаў, і даносілі ўладам нават на сваіх бацькоў. А ўлады ўжо самі вырашаць, што з імі рабіць…

   У імя таго Марозава называлі школы і вуліцы, яму ставілі помнікі і прысвячалі апавяданні. Ён быў сімвалам той прадажнай і бесчалавечнай эпохі. І вось зараз, так выглядае сімвалічна, што ён вырас і састарэў, і па старой звычцы працягвае даносіць уладам, цяпер ужо на сваіх дзяцей. Гэта сапраўды сімвал той эпохі, якая знікае і зыходзіць у нябыт. Знікае таму, што Паўлік Марозаў, якія б сапраўдныя і рэальныя імёны ён не насіў зараз, не мае натуральнага працягу. Яго здрада і подласць не дала жаданага выніку. Ён аджыў сваё, а яго дзеці больш не хочуць даносіць уладам на сваіх дзяцей, і ўпрыгожваюць хату на Каляды і Новы год бела-чырвона-белымі колерамі…

   Увогуле, у беларускіх дзетак мінулым годам быў нязвыклы досвед, які застанецца ў іх генетычнай памяці на ўсё жыццё, і некалі будзе перададзены іх дзецям, і дзецям іх дзяцей. Прыкладам, адна дзяўчынка засталася на кароткі тэрмін у кватэры сама, як нечакана памылкова спрацавала сігналізацыя. На яе сігнал прыехаў атрад сілавікоў. Дзяўчынка як пабачыла іх у дзвярное вочка, то адразу схавалася і дзвярэй не адчыняла. А як яе пазней спыталі, чаму так зрабіла, яна адказала:

   – Я думала, што мяне прышлі арыштоўваць за тое, што я з мамай хадзіла на мітынг.

   Вось як сёння ўспрымаюць свет і рэчаіснасць беларускія дзеці.

   Я з дзяцінства найбольш памятаю адзін расказ сваёй мамы. Яна, як была дзіцянём, баялася, што бальшавікі арыштуюць яе бацьку. Чула ад дарослых, што так можа стацца. Бо яе бацька, мой дзед, нарадзіўся ў Амерыцы. І сапраўды яго маглі арыштаваць толькі за тое, што чалавек не там нарадзіўся, дзе яны лічаць дапушчальным. І мая мама вельмі плакала з-за гэтага ў сваім дзяцінстве, бо шкадавала свайго бацьку. А праз многа гадоў, калі ўжо дзіцянём быў я, то пачуў ад мамы гэты аповед. Я памятаю, як вельмі шкадаваў сваю маму і думаў тады, што як вырасту, то пакараю тых бальшавікоў за слёзы сваёй матулі…

   Нешта падобнае зараз думалі многія беларускія дзеткі, якія сустракалі Каляды і Новы год без сваіх бацькоў. Бо іх бацькоў арыштавалі за тое, што на думку некага яны не там гулялі…  

   Так нараджаецца новы беларускі светагляд, і прыходзіць новая беларуская рэчаіснасць, і новая беларуская эпоха…

   А наймацнейшым доказам прыходу гэтай новай беларускай эпохі ёсць той факт, што ў адно імгненне ў мільёнаў беларусаў адчыніліся вочы, і яны выйшлі пад сваімі бела-чырвона-белымі сцягамі дамагацца новай беларускай будучыні. Без Волі Нябёсаў такое немагчыма. Ну а калі яна ёсць, тая Воля Нябёсаў, то ніхто не зможа перашкодзіць ёй…

   Асабліва яскрава гэта становіцца зразумелым у гэтыя святочныя дні, паміж праваслаўнымі Калядамі і старым Новым годам, у гэты таямнічы перыяд, які ёсць надзвычай спрыяльным для разваг і роздуму…

 

   Віктар Сазонаў

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты