Навіны

Крымінальны "працэс чатырох" - трэцяе паседжанне

15 студзеня  ў Гародні адбылося трэцяе судовае паседжанне па крымінальнай справе чатырох чалавек, якіх вінавацяць у гвалце над міліцыянтамі. На лаве падсудных чатыры чалавекі: Міхаіл Юдзін, Вадзім Хіжнякоў, Сяргей Яфімовіч (жыхары Гародні) і Андрэй Севяртока (з гораду Масты). Вядзе працэс суддзя Генадзь Мазайла. Інтарэсы абвінавачаных бароняць 4 розныя адвакаты.

Працэс пачаўся 6 студзеня. Мужчын абвінавачваюць у тым, што 27 верасня, "дзейнічаючы ў змове, яны ўчынілі гвалт у дачыненні да міліцыянераў". Вядомыя прозвішчы двух пацярпелых — Заяц (жанчына-міліцыянер) і Башко.

Паводле матэрыялаў справы, Севяртока ля кінатэатра „Усход” ударыў Заяц кулаком па галаве і нагой па назе, Яфімовіч кінуў у яе невядомы прадмет. Затым Юдзін ударыў Башко па тулаве, руцэ і галаве, а Хіжнякоў кінуў у Башко невядомы прадмет. У Заяц сіняк на назе, у Башко — „фізічны боль і пакуты”. Усіх чацвярых фігурантаў абвінавачваюць паводле арт. 364 Крымінальнага кодэкса (гвалт у дачыненні да работніка міліцыі), Севяртоку — таксама паводле арт. 413 (уцёкі з-пад варты), бо ў дзень затрымання ён апынуўся ў бальніцы, адкуль сышоў. Пазней яго зноў затрымалі. 

15 студзеня на працэс падтрымаць падсудных прышлі больш 20 чалавек. 

У гэты дзень на працэсе выступіў сведка - следчы Міхаіл Шунянкоў, старшы ўпаўнаважаны Кастрычніцкага РАУСу, з аддзелу наркакантролю і злачынстваў супраць асобы. Ён адказаў на пытанні адваката і пракурора. 27 верасня Шунянкоў паводле пастановы канваяваў Севяртоку ў шпіталь хуткай медыцынскай дапамогі, дастаўляў яго проста з допыту. У шпіталі хуткай дапамогі быў адзін з Севяртокам. Там лекары сказалі затрыманага шпіталізаваць. Пасля размовы з лекарам, па словах следчага, Севяртокі не аказалася ў кабінеце доктара, ён збег. Сам Шунянкоў, як высветлілася ў судзе, 27 верасня пры затрыманні людзей каля цэнтру "Галактыка", не быў, нікога з абвінавачаных не затрымліваў.

Паўторнае апытанне сведкі Сарычава сталася немагчымым з-за таго, што ён пакуль не з'явіўся ў суд.

Працяг суду, на якім адбудзецца апытанне сведкі, даследаванне пісьмовых матэрыялаў справы і відэа падзей 27 верасня 2020 года, пройдзе 26 студзеня, прызначаны час - 10.30 і 14.30.

фота праваабаронца Рамана Юргеля

 

 

15.01.2021

Архіў

Іншыя навіны

Відэа

праваабарончыя сайты