Навіны

Працяг "справы пяці" у судзе Ленінскага раёну (фота)

18 студзеня ў судзе Ленінскага раёну адбываецца працяг разгляду крымінальнай справы ў дачыненні да 5 гарадзенцаў. Іх вінавацяць у парушэнні двух артыкулаў кодэксу. 

На лаве падсудных ажно 5 чалавек - браты Уладзімір і Юрый СедзянеўскіяАляксандр Якубоўскі, сёстры Жанна Захаркевіч і Надзея Сцепанцова. Працэс вядзе суддзя Ганна Лявусік. Дзяржаўным абвінаваўцам выступае старшы памочнік пракурора Аліна Чужаземец.

Усіх іх вінавацяць паводле артыкулаў 342, частка 1 і 364 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь. Справа пачатая за падзеі ў Гародні 6 верасня 2020 года.

18 студзеня ў судзе была агучана заява ад сведак з просьбай дапытаць іх з захаваннем дадатковых мераў бяспекі. Пракурор мяркуе, што трэба задаволіць такое хадайніцтва, паколькі ім ішлі пагрозы. Усе адвакаты выступілі супраць задавальнення такога хадайніцтва, паставіўшы пад сумнеў такія пагрозы, якія нічым не пацверджаныя. Абвінавачаныя падтрымалі пазіцыю сваіх адвакатаў. Суддзя пайшла "раіцца" у адпаведны пакой.

Пасля перапынку суддзя прадказальна задаволіла хадайніцтва пра "меры бяспекі". Дапытваць сведак будуць па-за межамі іх бачнасці.

Першым за дзвярыма апыталі міліцыянта Андрэя Матэйку. Час падзей ён не памятае, як планавалі прадухіліць парушэнні парадку - не памятае, колькі было людзей - таксама не памятае, лозунгі - не памятае. Заклікаў людзей стаць у счэпку не памятае. Памятае толькі бел-чырвона-белую сімволіку.

Потым апыталі омоновца Валянціна Сташэўскага. Нічога канкрэтнага суду паведаміць ён таксама не змог, абвінавачаных у час падзей 6 вреасня не бачыў і не памятае. Патрабаванняў міліцыі да дэманстрантаў разысціся таксама не памятае.

Далей сведкам выступіла омоновка Святлана Лазавец. Яна сказала, што людзі крычалі "Жыве Беларусь!" і "Фашысты!". Потым натоўп ішоў на ОМОН, узяўшыся за рукі. Памятае, што наносіліся ўдары, але кім канкрэтна - не памятае. Сцвярджае, што газ распылялі дэманстранты і пасля супрацоўнікам міліцыі аказвалі ў службовым транспарце першую дапамогу, прамывалі вочы. Да яе асабіста гвалт не ўжываўся, абавінавачаных не ведае і памятае. Потым сказала, што газ прымяняўся з абодвух бакоў супрацьстаяння.

Усяго ў гэты дзень было дапытана 7 сведкаў: чатырох прадстаўнікоў ОМОН (з іх дзве жанчыны) і трох інспектараў ДПС.

19 студзеня а 10.30 у Ленінскім судзе прадоўжыцца разгляд справы.

фота праваабаронца Рамана Юргеля

Архіў

Іншыя навіны

Відэа

праваабарончыя сайты