Навіны

Судзяць гарадзенцаў Фурманава, Разнічэнку і Кнігу

У Гародні 18 студзеня пачаўся першы суд за інцыдэнт на выбарчым пікеце 29 траўня па так званай "справе Ціханоўскага". На лаве падсудных знаходзяцца трое з дзесяці фігурантаў крымінальных справаў за 29 траўня: Дзмітрый Фурманаў, Яўген Разнічэнка і Уладзімір Кніга. Іх усіх абвінавачваюць у актыўным удзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак 29 траўня ў Гродне (ч.1 арт. 342 КК). Акрамя гэтага, Разнічэнку і Кнігу абвінавачваюць у гвалтоўных дзеяннях у дачыненні да міліцыянтаў (арт. 364 КК). Пацярпелымі па справе прызнаныя чатыры супрацоўнікі міліцыі.

Каго судзяць і за што? 

На лаве падсудных знаходзяцца тры чалавекі:

  • 36-гадовы палітвязень і вязень сумлення Дзмітрый Фурманаў — ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса.

Дзмітрый Фурманаў адміністраваў тэлеграм-канал "Гродно для жизни", быў каардынатарам ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай па Гародні.

Увечары 29 траўня Дзмітрый сядзеў за столікам на Савецкай плошчы і збіраў подпісы. Ён знаходзіўся ўдалечыні ад інцыдэнту, аднак сілавікі ў цывільным затрымалі актывіста разам з крэслам і змясцілі ў аўтамабіль. Сваякі Дзмітрыя паведамляюць, што пры затрыманні ён быў збіты да страты прытомнасці, спатрэбілася зашываць вуха. Некаторы час яго бацькі і дзяўчына трымалі галадоўку за вызваленне Дзмітрыя пад сценамі "Валадаркі", дзе знаходзіўся іх блізкі. У адказ на галадоўку ўлады перавялі Дзмітрыя ў жодзінскі ізалятар і прыгразілі затрымаць дзяўчыну Дзмітрыя Вольгу Каракіну, якая працягвала галадоўку, і неабыякавых людзей як удзельнікаў несанкцыянаванага масавага мерапрыемства.

  • 35-гадовы Яўген Разнічэнка — артыкулы 342 і 364 (гвалтоўныя дзеянні ў дачыненні да міліцыянтаў 29 траўня) Крымінальнага кодэкса.

Яўген быў падпісчыкам "Страна для жизни". На відэа інцыдэнту з падзеннем міліцыянта 29 траўня ў Гродне трапіў мужчына ў скураной куртцы — гэта і быў Яўген.

Да затрымання ён паспеў растлумачыць, што проста паклаў міліцыянта на зямлю ва ўзніклай патасоўцы: "Ён проста на мяне ўпаў, а я яго ўжо падхапіў адпаведна, каб не даць чалавеку стукнуцца пра нешта", — казаў Яўген. Акрамя таго, ён запэўніў, што "ніякай бойкі там на самай справе не было".

  • 39-гадовы Уладзімір Кніга — артыкулы 342 і 364 (гвалтоўныя дзеянні ў дачыненні да міліцыянтаў 29 траўня) Крымінальнага кодэкса.

Уладзімір быў валанцёрам, які збіраў подпісы за Святлану Ціханоўскую. Уладзімір — адстаўны прапаршчык АМАПу, які служыў амаль 10 гадоў. У 2012 годзе яго асудзілі за перавышэнне службовых паўнамоцтваў (ч. 2 арт. 426 КК) на 3,5 года.

Судовы працэс пачаўся са спазненнем, бо не ўсе жадаючыя змаглі патрапіць на судовы працэс. Адразу ў судовую залю патрапілі каля дзясятка студэнтаў-практыкантаў. Па словах студэнтаў БІП, яны не ведалі, што іх накіравалі менавіта на гэты працэс. Адвакатка Разнічэнкі заявіла хадайніцтва аб змене гэтай залы на большую, але суддзя сказала, што ўжо не будзе прыпыняць судовы працэс, магчыма, хадайніцтва будзе разгледжана пазней. У залю не патрапіла некалькі дзясяткаў людзей, сярод якіх — сваякі абвінавачаных, блогеры.

Справу разглядае суддзя Кастрычніцкага раёна Гродна Вольга Бекушава. Дзяржаўнае абвінавачванне падтрымлівае пракурор Мікіта Мыслівец. Па справе прызнаныя чатыры пацярпелыя міліцыянты. На суд з'явіліся толькі два пацярпелыя ад дзеянняў Разнічэнкі і Кнігі супрацоўнікі міліцыі —Уладзімір Казлоўскі і Александр Хваленя. Пацярпелыя супрацоўнікі АМАПу — Дзмітрый Рахунок і Віктар Буднік — на суд не змаглі з'явіцца па прычыне хваробы і сесіі. Участковы Казлоўскі адразу заявіў пазоў да Разнічэнкі аб кампенсацыі маральнай шкоды на суму 8 000 рублёў.

У судзе адразу будзе дапытаны абвінавачаны палітвязень Дзмітрый Фурманаў. Пасля гэтага будуць дапытаныя пацярпелыя і сведкі па справе. Пасля допытаў і вывучэння ўсіх матэрыялаў справы свае паказаннні дадуць Яўген Разнічэнка і Уладзімір Кніга.

Яўген Разнічэнка заявіў, што падчас утрымання пад вартай у яго з'явіліся праблемы са слыхам, таму прасіў пракурора зачытваць абвінавачванні грамчэй.

У чым іх абвінавачваюць па матэрыялах справы?

Пракурор Маслец зачытаў абвінавачванні кожнаму падсуднаму на 20 хвілін. Разнічэнку, Фурманава і Кнігу абвінавачваюць у арганізацыі "незаконнага масавага мерапрыемства 29 траўня пад выглядам пікетавання па збору подпісаў за вылучэнне ў кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай" без падачы заявы на дазвол правядзення масавага мерапрыемства. Па матэрыял справы, супрацоўнікі міліцыі і АМАПу прыехалі на Савецкую плошчу 29 траўня"ў сувязі з паступіўшымі заявамі ад грамадзян па нагоды прыставання жанчын да Ціханоўскага". Але, па версіі абвінавачвання, калі міліцыянты прыехалі для выясненя абставінаў, Ціханоўскі не выканаў іх законныя патрабаванні застацца на месцы, каб даць тлумачэнні, і стаў выдаляцца з месца інцындэнту, а Разнічэнка і іншыя асобы пачалі адцягваць увагу ад Ціханоўскага з мэтай выключэння яго затрымання, "падаючы яму магчымасць бесперашкодна пакінуць месца правядзення масавага мерапрыемства", прымянілі гвалт у адносінах да супрацоўнікаў міліцыі. Па версіі абвінавачвання, гэта быў раней распрацаваны план дзеянняў Ціханоўскага, Фурманавага і іншых асобаў, менавіта яны справакавалі сітуацыю.

Па абвінавачванню Дзмітрый Фурманаў па папярэдняй змове і раней распрацаваным плане дзеянняў, распаўсюджаным Статкевічам, Севярынцам і Ціханоўскім, дзейнічаючы з карыслівых меркаванняў за матэрыяльнае ўзнагароджанне ад Ціханоўскага, будучы каардынатарам па зборы подпісаў па Гродне і з'яўляючыся актывістам пратэстнага руху "Страна для жизни", у мэтах выканання сваёй ролі па стварэнні ўмоваў для здзяйснення злачынства, ажыццявіў шуканне іншых асоб: Разніченку, Кнігу і іншых асоб, здзейсніў злачынства, прадугледжанае арт. 342 Крымінальнага кодэкса.

Па абвінавачванні ўдзельнікі масавага мерапрыемству перашкаджалі супрацоўнікам АМАПа Рахунку і Будніку па затрыманні Ціханоўскага і змяшчэнню яго ў мікрааўтобус. Па версіі абвінавачвання, дзеянні падсудных пацягнулі за сабой парушэнне працы транспарту — тралейбуса №3. Але час, на які была прыпынена праца аднаго грамадскага транпарту, не ўдакладняецца. 

Разнічэнку абвінавачваюць па арт. 364 КК у гвалце ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў Уладзіміра Казлоўскага ў мэтах перашкоджання яго законнай дзейнасці з помсты за выкананне службовай дзейнасці. Згодна абвінавачванню, Разнічэнка схапіў Казлоўскага, пасля чаго паваліў яго на плітку, у выніку чаго Казлоўскі атрымаў не менш 2 удараў у галаву і брушную сценку. У выніку дзеянняў Разнічэнкі Казлоўскаму былі нанесеныя фізічныя пашкоджанні і пабоі, а таксама пашкоджанне форменнага абмундзіравання.

Усе абвінавачаныя не прызнаюць сваёй віны па ўсіх эпізодах.


Характэрна, што ўсіх траіх абвінавачаных ужо судзілі ў межах адміністрацыйнага працэсу за інцыдэнт 29 траўня ў Гродне праз скайп з СІЗА-1 на Валадарскага, дзе іх утрымлівалі больш за сем месяцаў. Так, Уладзіміра Кнігу і Яўгена Разнічэнку гродзенскі суд асудзіў на 7 сутак арышту кожнага па арт. 17.1 КаАП (дробнае хуліганства). Дзмітрыя Фурманава асудзілі ў такім жа парадку на 10 сутак па ч. 1 арт 23.4 КаАП (непадпарадкаванне законным патрабаванням міліцыі). А цяпер іх судзяць яшчэ і па крымінальных артыкулах.

Чакаецца, што неўзабаве пачнуцца суды над астатнімі затрыманымі 29 траўня ў Гродне. Праваабаронцам "Вясны" вядома, што 15 студзеня з СІЗА-1 Мінска ў гродненскае ІЧУ быў этапаваны Аляксандр Арановіч — кіроўцу аўтадома "Страна для жизни". Неўзабаве ў Гродне над ім мусіць пачацца суд. Яго будуць судзіць па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: арт. 342 (дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак у Гродне) і п. 13 ч. 2 арт. 293 (падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках). Апошняе абвінавачванне яму было выстаўлена ў канцы лістапада.

паводле spring96.org

фота spring96.org і "Гарадзенскай вясны"

Архіў

Іншыя навіны

Відэа

праваабарончыя сайты