Навіны
Перачытваючы Валянціна Таўлая
Калі надакучвае кампутар і Інтэрнет, бяру ў рукі які-небудзь зборнічак вершаў беларускага паэта і чытаю. І тады лёгка і хутка пачынаю адпачываць ад рознай палітычнай сусветнай мітусні, ад шматдзённых клопатаў і няпростага сёння чалавечага жыцця.
Каго ж з паэтаў і што ўзяць пачытаць цяпер? – задаю сам сабе пытанне. Ага, вазьму ж я пачытаю вершы Валянціна Таўлая. Даўно не чытаў яго паэзіі. Таленавіты ён быў, але пакінуў гэты свет зусім маладым – у трыццацітрохгадовым узросце. Колькі ж мог яшчэ напісаць для сваіх нашчадкаў добрых твораў і ўспамінаў гэты чалавек. Ды і першы свой зборнік малады паэт так і не патрымаў у руках, як, напрыклад, Максім Багдановіч.
Гартаю “Выбраныя творы” Валянціна Таўлая, выдадзеныя ў Менску ў 1951 годзе. Чытаю радкі:
Ідзе за годам год,
Сівеюць людзі, хаты, --
І ўсё ў ярме народ,
А над шляхамі – краты.
І ўсё фарбуюць брук
Крыві ахвярнай плямы.
Чуваць астрожнай брамы
На ўсю краіну грук…
Чытаю і здзіўляюся, як быццам гэтыя радкі Валянцін Таўлай напісаў нядаўна. Хаця напісаны яны былі 1 студзеня 1929 года ў вёсцы Рудаўка на Слонімшчыне. Уяўляеце – 92 гады таму напісаў паэт паэтычныя радкі, а яны вельмі актуальныя і сёння.
Чытаю далей. Верш “Дзяўчыне” пачынаецца так:
І зноў загарэліся нашыя зоры –
Аднак, не пабачымся мы:
Дарога мая напаткнулася ўчора
На шэрыя сцены турмы…
Верш Валянцін Таўлай напісаў у слонімскім астрогу ў верасні ў 1929 годзе. Працягваю чытаць іншыя вершы, а там зноў радкі пра астрог:
Мінуў астрожны дзень,
Як многа дзён другіх,
А колькі ж праміне
Яшчэ дзянькоў такіх?..
У 1933 годзе ў Варшаве Валянцін Таўлай напісаў верш “Наш май”. Першая і апошняя строфы гучаць, быццам гэта беларускі май ХХI стагоддзя з заклікамі:
На паняволеныя гоні
Ізноў прыходзіць Першамай.
А мы ўсё кайданамі звонім,
І волі ўсё няма, няма…
Гэй, узнімайцеся, як хмары,
Як хваля рэк вясной расце –
Па акупантах так ударым,
Што не далічацца касцей…
Ёсць у Валянціна Таўлая паэма “Таварыш”, напісаная на працягу дзесяцігоддзя ў 1936-1946 гадах. Гэта лепшая паэма паэта, адзін з найвыдатных яго твораў наогул. У паэме аўтар намаляваў яркі вобраз палітзняволенага, чалавека шырокай натуры, вялікага тэмперамету, якому вельмі цесна ў душнай камеры:
Дых спірала ў грудзях шырокіх –
Наваліўся на грудзі мур,
А на лаце асфальта – і кроку
Не было як ступіць яму…
“Лукішкія вершы” Валянцін Таўлай напісаў у Вільні ў Лукішках у 1935 годзе. Гэтыя паэтычныя радкі, нібы падводзяць усю турэмную рысу:
Я сам і пасядзець магу,
А вершам – часу шкода:
Шумець ім трэба на сцягу
І калыхаць паходы.
Глядзіў ў ваўчок як дзень так ноч, --
Не ўбачыш, чорт зіркаты,
Што я заўзята і даўно
Пілую вершам краты.
… Чытаю і перачытваю паэтычныя радкі Валянціна Таўлая. Такім ён і ўвайшоў у нашу паэзію, такім мы і будзем памятаць гэтага таленавітага паэта, дэвізам жыцця якога было:
Не ўдалося сёння, -- можа заўтра ўдасца:
Возьме наша некалі – дажывем пары…
Хай сядзяць, праклятыя, -- затрасі іх трасца! –
Нам дарога, хлопцы, проста на бары!
Архіў
← | Сакавік 2021 | |||||
---|---|---|---|---|---|---|
1 | 2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 |
8 | 9 | 10 | 11 | 12 | 13 | 14 |
15 | 16 | 17 | 18 | 19 | 20 | 21 |
22 | 23 | 24 | 25 | 26 | 27 | 28 |
29 | 30 | 31 |