Навіны

Новы крымінальны працэс у Гародні (абноўлена)

У Гародні 1 лютага ў судзе Кастрычніцкага раёну пачаўся новы судовы крымінальны працэс. На лаве падсудных Ігар Лазавік, які раней быў сведкам па крымінальнай справе Аляксея Лапы. Лазавіка судзяць па артыкуле 364 Крымінальнага кодэксу. 20 кастрычніка была пачатая крымінальная справа паводле падзей у ноч з 10 на 11 жніўня, калі Лазавік быў пасажырам збітага амапаўцамі Аляксея Лапы і сам быў збіты. Першы допыт адбыўся 13 лістапада пасля чаго ў справе доўга не было руху.

Справу разглядае суддзя Віталь Лабоцкі. Сведкамі выступяць міліцыянты Рахунок, Серада, Абрамчык, Чарняўскі, Цырукоў, Русель. Пачаткова справу павінен быў разглядаць суддзя Дзмітрый Кедаль, менавіта ён вядзе справу Аляксея Лапы. Аднак пазней справу перадалі суддзю Лабоцкаму, што выглядае досыць нелагічна.

Спярша Лазавік праходзіў па справе Лапы як сведка, а потым нечакана яго перавялі ў лік падазраваных і ўрэшце абвінавачаных.

"Пацярпеўшым" па справе праходзіць міліцыянт Дзмітрый Рахунок. Пракурор на працэсе - Георгій Смольскі, адвакат - Сяргей Ярашэвіч. 

Паводле версіі следства Ігар Лазавік нібыта нанёс Рахунку некалькі ўдараў. Лазавік з абінавачаннем нязгодны, ён лічыць сябе невінаватым.

У судзе вырашана ўстанавіць наступны парадак разгляду справы: даследаванні доказаў па справе, допыт абвінавачанага, пацярпеўшых і даследаванне матэрыялаў справы. 

У першы дзень Ігар Лазавік адказваў на пытанні пракурора. Ён расказаў, што ў той вечар, 11 жніўня, у раёне Плошчы Дзекабрыстаў перад машынай Лапы раптоўна стаў белы бус, невядомы чалавек у чорным нанёс удар па шкле аўтамабіля. Лазавіка выцягнулі з машыны, паклалі на асфальт, білі па галаве, плячах, нагах з двух бакоў. Пасля зашчапілі кайданкі на рукі, каля гадзіны давялося ляжаць на асфальце на бітым шкле. Потым прыехала машына хуткай дапамогі і забрала каля гадзіны ночы яго ў шпіталь хутай дапамогі. Там зрабілі КТ галаўнога мозгу, лекары пацвердзілі, што ў яго чэрапнамазгавая траўма, у 5 раніцы Лазавіка шпіталізавалі.

Лазавік падкрэсліў, што ў ніякіх масавых мерапрыемствах ён удзелу не браў, а людзі ў чорным былі без усялякіх знакаў адрознення. Ніякага супраціву нікому Лазавік не аказваў. Супраць яго была пачатая адміністрацыйная справа, якая пазней была спынена. Яшчэ пазней яе ўсё ж разглядалі, але прызналі яго невінаватым. Па факце таго, што яго беспадстаўна жорстка збілі, звяртаўся ў Следчы Камітэт, але той так і не пачаў крымінальную справу па факце збівання, прыйшоў адказ, што падстаў для справы нібыта няма.

Пасля гэтага ў судзе быў дапытаны пацярпелы омоновец Рахунок. Ён расказаў наступнае: "Работали в чёрной форме, со знаками различия. По рации сообщили, что возле кинотеатра "Октябрь", проходил несанкионированный митинг, люди стояли с плакатами. Увидели на заднем стекле авто такси бчб наклейку, у пассажира на коленях лежал бчб флаг. Прокричал им: "Выйти из автомобиля! Милиция!" - они не отреагировали. Авто начало скрываться с большой скоростью в сторону площади Декабристов. ГАИ преследовала такси. Блокировали такси, задержали всех, разбив стекло, вытянул Лозовика, который наносил 6 ударов по всем частям тела, применил физичесую силу, загиб рук и вызвали скорую помощь. Были отличительные знаки, шевроны, надписи ОМОНа, номер части. Бчб флаг был на коленях Лозовика. Подходя к авто, сказали, что милиция, выйти из такси марки "Шкода-Рапид". Машина подозревалась в наезде на сотрудников милиции. Такси, скрываясь на скорости, не реагировало на требования остановки".

Па словах Рахунка, ён спрабаваў адкрыць дзверку машыны, а Лазавік супраціўляўся затрыманню і наносіў удары рукамі і нагамі па бронежылеце і яго частках цела. На пытанне пракурора пра тое, як ён лічыць павінен быць пакараны Лазавік, Рахунок адказаў: "Наказать по усмотрению суда! Исковые требования - моральный ущерб - вред в 1000 рублей, перечислить детскому учреждению".

На пытанні адваката Рахунок адказваў наступнае: Не можа сказаць, што Лазавік удзельнічаў у масавым мерапрыемстве, як ён быў апрануты, не памятае. Па таксі палкай не біў, таксі паехала з хуткасцю, працягнуўшы па зямлі омоновца Конана, падбіўшы іншага - Логаша. Некаторых момантаў затрымання не памятае. Як затрымлівалі іншых людзей з таксі, не памятае. Затрымаць Лазавіка вырашыў самастойна, маўляў, былі падставы меркаваць, што Лазавік здзейсніў злачынства. Відэарэгістратара не было, яго не хапіла. Як і дзе стаяла таксі пры затрыманні, не памятае. Адкуль цялесныя пашкоджанні ўзяліся на целе Лазавіка, не ведае (!). Не памятае, хто кіраваў затрыманнямі (!). З рапартам па факце прычыненых яму цялесных пашкоджанняў з заявай у РАУС не звяртаўся. Следчага, які дапытваў яго па справе Лазавіка, не памятае.

Суддзю Рахунок таксама адказаў, што "при осуществлении должностных обязанностей получил телесные повреждения, гражданин сопротивлялся".

Адвакат Лазавіка, агучыўшы ў судзе пратакол допыту Рахунка, звярнуў увагу на істотную супярэчлівасць яго паказанняў.

Суддзя звярнуў увагу Лазавіка на тое, што яму Рахунком прад'яўлены грамадзянскі іск на выплату тысячы рублёў, Лазавік заявіў, што не пагаджаецца з такім выстаўленнем.

Далей пайшгло апытанне сведак. Першым сведкам выступіў омоновец Дзмітрый Серада. Ёні сказаў, што ў той вечар непасрэдна затрымліваў кіроўцу таксі Аляксея Лапу. Колькі было пасажыраў - не памятае, ці было ДАІ - не памятае. Рашэнне затрымліваць кіроўцу таксі прыняў сам, а ці давалі каманду затрымліваць таксі - не памятае. Памятае толькі Аляксея Лапу, а Ігара Лазавіка не памятае. Лапа нібыта ўжо быў пабіты, калі ён яго выцягваў з машыны. Адвакат звярнуў увагу суда на супярэчлівасці ў паказаннях Серады пасля здарэння і цяпер на судзе.

Далей быў апытаны наступны сведка - омоновец Аляксандр Чарняўскі. Ён паясніў, што таксама затрымліваў аднаго з пасажыраў таксі, але не Лазавіка. Іншага патлумачыць не можа.

Пасля гэтага ў судовым працэсе абвешчаны перапынак. Працяг разгляду справы 8 лютага а 14.30.

фота праваабаронца Рамана Юргеля

 

 
 
 
 

 

 
 
 
 

Архіў

Сакавік 2021
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031

Відэа

праваабарончыя сайты