Навіны
Незабыўная памяць
На зломе студзеня і лютага беларуская памяць Падляшша заўсёды засяроджваецца на трагічных падзеях, звязаных з пацыфікацыяй нашых вёсак атрадам польскага ўзброенага падполля пад камандаваннем Рамуальда Райса „Бурага„. У гэтым годзе адзначаем круглую 75 гадавіну гэтых падзей, калі на працягу тыдня былі забіты нявінныя людзі — ад дарослых па дзяцей.
Кожная такая смерць павінна ўшаноўвацца памяццю не толькі грамадскай, але і дзяржаўнай. З гэтай апошняй ёсць звычайна дрэнна, паколькі жывем у часе ідэалагічнага ўзвышэння гэтак званых выклятых жаўнераў, якім прыпісана беззаганнасць быццам святых асоб.
Раней, у часы камуністычнай улады памяць і ўшанаванне забітых беларусаў таксама замоўчвалася. Адным словам, толькі на нас саміх ляжала адказнасць, каб нявінна пралітая кроў нашых продкаў не ўступіла ў раку забыцця. З перспектывы часу бачым, як важным было памятаць і апісаць тую трагічную гісторыю, у якой прысутнічалі нашы бацькі і дзяды. У форме запісу гэтыя драматычныя падзеі з’явіліся спярша на старонках „Нівы” і потым у яе кніжным выданні, а таксама ў іншых беларускіх і польскіх медыя. Напэўна сямейная і грамадская памяць цягам звыш сарака гадоў была галоўным сховам гэтых падзей. Тут абавязкова трэба ўзгадаць асобу Юзэфа Антонюка з Бельска-Падляшскага, якому пры намаганнях іншых сем’яў удалося адшукаць магілу 31 вазака, што былі таксама закатаваныя атрадам пад камандаваннем „Бурага” ў лесе каля Пухалаў-Старых. Мужчыны ва ўзросце ад 17 да 56 гадоў, што на сваіх фурманках змушаны былі перавозіць ягоны атрад, былі ім таксама прысуджаны не толькі не смерць, але і вечнае забыццё ў невядомай магіле.
Дзесяцігоддзямі родныя вазакоў з Чыжоў, Пасечнік-Вялікіх, Краснага Сяла, Ягаднік ды іншых вёсак распытвалі і тайком шукалі месца іх пахавання. Дзякуючы іх намаганням у ліпені 1997 года была праведзена эксгумацыя астанкаў з магілы ў Кліхах, а таксама ў месцы забойства ў лесе каля Пухалаў-Старых на могілкі ў Бельску-Падляшскім. Там і знаходзіцца памятны крыж з прозвішчамі ўсіх памардаваных вазакоў. Вёскай, сімвалам нашай трагедыі, з’яўляюцца Залешаны. Менавіта там людская беларуская памяць і Божая ласка праз пабудову манастыра і царквы на векі вякоў не дадуць забыць нашай гісторыі. Знамянальнай падзеяй, якая мае аграмаднае значэнне для цяперашніх і будучых пакаленняў, былі рашэнні Сабора Епіскапаў Польскай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы, якія ўключылі ўсе ахвяры капітана Рамуальда Райса ў лік Святых Пакутнікаў Холмскай і Падляшскай зямлі.
У маёй памяці заўсёды, калі гаворым пра Залешаны, прыгадваюцца музыка і словы песні пра Залешаны ў выкананні жаночага дуэта з Варшавы, які ў канцы васьмідзясятых гадоў на аглядзе беларускай песні ў Беластоку спевам вяртаў наша трагічнае мінулае. Не забывайма гэтай песні і перадавайма яе маладым пакаленням.
А думаю, што пры нагодзе ўшанавання памяці нашых мучанікаў царкоўныя хары песню пра Залешаны павінны ўключыць у свой рэпертуар. Для нас таксама вельмі важным з’яўляецца тое, што ў Беластоку ў маёй парафіяльнай Свята-Духаўскай царкве ў гэтыя трагічныя дні адбываецца працэсія і малебен пры помніку „Памяці праваслаўных жыхароў Беласточчыны, ахвяр Другой сусветнай вайны і пасляваенных рэпрэсій”. З гэтага году малебен у памяць загінулым мае адбывацца двойчы. У апошнюю нядзелю студзеня, або першую лютага, у сумную гадавіну „крывавага рэйду «Бурага»” і 5 чэрвеня, або ў першую нядзелю чэрвеня, калі Праваслаўнай царквой у Польшчы адзначаецца памяць Святых Мучанікаў Холмскай і Падляшскай зямлі.
Такія ўрачыстасці нам абсалютна патрэбныя, каб маладыя пакаленні праваслаўных палякаў не лічылі «Бурага» ці «Лупашку» сваімі героямі, што, на жаль, мае месца ў апошнім часе.
На канец заклікаю ўсіх нашых чытачоў падтрымаць фінансава намаганні Беларускага гістарычнага таварыства і ініцыятывы Наша Памяць па ўшанаванні трагічных падзей ужо 75-гадовай даўніны.
Яўген ВАПА
Архіў
← | Сакавік 2021 | |||||
---|---|---|---|---|---|---|
1 | 2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 |
8 | 9 | 10 | 11 | 12 | 13 | 14 |
15 | 16 | 17 | 18 | 19 | 20 | 21 |
22 | 23 | 24 | 25 | 26 | 27 | 28 |
29 | 30 | 31 |