Навіны

"Справа пяці": паказанні сведак фактычна на карысць абвінавачаных

5 лютага ў судзе Ленінскага раёну прайшоў працяг разгляду крымінальнай справы 5 гарадзенцаў На працэс з'явіліся браты Уладзімір і Юрый Седзянеўскія, сёстры Надзея Сцепанцова і Жанна Захаркевіч. Пяты абвінавачаны - Аляксандр Якубоўскі зноў не з'явўся ў судзе. Пасля знікнення ён абвешчаны ў вышук. 

Усіх пяцёх вінавацяць за падзеі ў Гародні 6 верасня 2020 года паводле артыкулаў 342, частка 1 і 364 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь. У справе фігуруюць ажно 11 пацярпелых супрацоўнікаў МУС. Працэс вядзе суддзя Ганна Лявусік. Дзяржаўным абвінаваўцам выступае старшы памочнік пракурора Аліна Чужаземец.

Пракурор заявіла пра неабходнасць паўторнага выкліку сведкаў - кіроўцаў грамадскага транспарту. Выклік і допыт усіх сведак падтрымалі і адвакаты і абвінавачаныя. 

Пасля перапынку прайшоў допыт сведак аўтапарку і тралейбуснага ўпраўлення. Сведка Дзмітрый Саўко, кіроўца тралейбусу паясніў, што бачыў людзей са сцягамі, праезду ў бок шклозаводу не было, тралейбус прастаяў каля паўтары гадзіны, скаргаў ад пасажыраў не было. ДАІ не прапускала транспарт, потым дазволіла рух. Бачыў ОМОН каля ўніверсама "Брэст", падзей інцыдэнтукаля вуліцы Гарнавых і каля ўніверсаму не бачыў.

Далей сведкам была кіроўца тралейбуса Людміла Сабадаж. Сутыкненняў на плошчы Савецкай яна не бачыла, заторы на дарозе былі да драмтэатру. Людзей у счэпцы бачыла каля кнігарні "Раніца", яны стаялі спакойна. Затрымка тралейбуса была на 8 хвілін. На вуліцы Гарнавых яна бачыла сутыкненні, хаатычныя затрыманні людзей. Гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі не бачыла. Далей тралейбус праехаў свабодна. Не бачыла, што людзі наступалі на ОМОН, скаргаў і нараканняў з боку пасажыраў не было. Пракурор звярнуў увагу на супярэчнасці судовых паказанняў сведкі з яе ранейшымі тлумачэнні следчаму. Сведка паясніла, што следчы недакладна запісаў яе паказанні, людзі стаялі, але не ішлі ля "Раніцы", сцягоў і плакатаў яна не бачыла. Не бачыла, што людзі штурхалі омоновцев. Затрыманняў там не бачыла. 

Далей сведкам выступіў кіроўца Будзько з аўтапарку. Паясніў, што затрымка аўтобуса была на 10 хвілін. Людзі, якія ішлі з шарыкамі па ходніку, руху транспарту не заміналі, яны пераходзілі дарогу па абазначаным пераходзе. Бачыў на вуліцы Гарнавых аўтазакі, але ОМОН не бачыў. Аўтобус стаяў таму, што ДАІ перакрыла дарогу. Скаргай з боку пасажыраў не было.

Наступным у гэты дзень у судзе быў апытаны Раман Луцік, таксама кіроўца аўтапарку. Даў аналагічныя тлумачэнні, ніякага шэсця не бачыў, сутычак і інцыдэнтаў на вуліцы Гарнавых таксама не бачыў. Дарога была перакрыта ДАІ на кальцы каля філармоніі.

Пасля перапынку на 20 хвілін быў апытаны яшчэ адзін сведка - кіроўца Максім Андрыянаў. Інцыдэнтаў ён таксама не бачыў, іншыя тлумачэнні аналагічныя паказанням папярэдніх сведак.
Наступнае паседжанне ў працэсе прызначана на 8 лютага на 15.30. Плануецца апытанне "пацярпелых".
 
фота праваабаронца Рамана Юргеля
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 

Архіў

Іншыя навіны

Відэа

праваабарончыя сайты