Навіны

«…любеце ворагаў вашых…»

Чым далей я чытаю Нагорную Пропаведзь, тым у большы прыходжу адчай! «Вы чулі, што сказана: «Любі блізкага твайго і ненавідзь ворага твайго». А Я кажу вам: любеце ворагаў вашых, дабраслаўляйце кляцьбітоў вашых, рабеце дабро ненавісьнікам вашым і малецеся за крыўдзіцеляў вашых і за ганіцеляў вашых; каб сталіся вы сынамі Айца вашага, Які ёсьць у нябёсах; бо Ён загадвае сонцу Свайму ўзыходзіць над ліхімі і добрымі і пасылае дождж на праведных і няправедных. Бо, калі вы будзеце любіць тых, што любяць вас, якая вам узнагарода? Ці ж ня тое самае робяць і мытнікі? І калі вы вітаеце братоў вашых толькі, што асаблівага робіце? Ці ж ня гэтак тое самае робяць і язычнікі? Дык вось, будзьце дасканалыя, як дасканалы Айцец ваш Нябесны» (Паводле Мацьвея 5:43-48).
Чытаць гэта можна, калі ты ня маеш перад сабой асабістага ворага, які хоча зьнішчыць цябе і тваіх блізкіх… А калі такі вораг перад табой? Ты прыходзіш у поўны адчай! Але можа гэтага і хоча Ісус, каб я зразумеў, што без Бога, без Сьвятога Духа я не ў стане любіць ворагаў сваіх». Так я напісаў у сваёй кнізе «Біблейскія гісторыі Новага Запавету, ілюстраваныя паштовымі маркамі» у 2019 годзе. З той пары час ад часу мяне трывожыла гэта пытаньне і я нідзе не мог знайсьці на яго адказ (нават пры дапамозе «усёмагутнага» ГУГЛа!).
Але, тое, што для цябе зьяўляецца абсалютна невырашальным, для другога аказваецца банальна проста!
«Калі я свайго ворага раблю сваім сябрам – я яго забіваю» – вось, што я пачуў ад мудрага чалавека. Вось ён адказ на Божую Запаведзь любові да ворага! Зрабі зь яго сябра! Забіваеш ворага, але нараджаецца сябра!
Хрыстос дае прыклад такой любові ў «пераўтварэньні Саўла» (https://liawon.livejournal.com/23656.html).
 
Навяртанне Святога Паўла (1536-1541). Мікеланджела. Марка пошты Гвінэі, выдадзеная ў2012 годзе
 
Ці знайшоў я адказ на пытаньне, якое так доўга мяне мяне турбавала? Так, пачуў і знайшоў. Але… Але паўстала другое, ня менш складанае, ужо не тэарэтычнае, а практычнае пытаньне: як з ворага зрабіць сябра? Неяк па жыцьці адбываецца наадварот - сябры становяцца ворагамі… Ці хопіць мне часу хоць аднаго ворага «забіць» – зрабіць зь яго сябра? (Зьвярніце ўвагу: «забіць» і «зрабіць» – розьніца толькі на адну літару!). Ці я тая галава з ротам, каб толькі есьці і гаварыць?. А розуму і рук, каб нешта зрабіць, у мяне няма? Пытаньне адкрытае і яго вырашэньне залежыць толькі і выключна ад мяне.
Лявон Карповіч
Луна -Воля
11.02.2021

Архіў

Сакавік 2021
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031

Відэа

праваабарончыя сайты