Навіны

Рукі прэч ад Марфы, рукі прэч ад “Вясны”, рукі прэч ад праваабаронцаў! Заява Рады "Вясны"

Заява Рады Праваабарончага цэнтру “Вясна”

Мінск, 12 лютага 2021 г.

12 лютага нам стала вядома, што каардынатарцы валанцёрскай службы ПЦ “Вясна” Марфе Рабковай Следчым камітэтам было прад’яўленае новае, больш жорсткае абвінавачванне па ч. 2 арт. 285 (удзел у злачыннай арганізацыі)  і ч. 3 арт. 130 (распальванне варожасці ў дачыненні да іншай сацыяльнай групы, здзейсненае групай асобаў). Нагадаем, што Марфа Рабкова ўжо пяць месяцаў знаходзіцца пад вартай у СІЗА па абвінавачванні па ч. 3 арт. 293 КК (фінансаванне ды іншая падрыхтоўка масавых беспарадкаў).

Згодна з наноў прад’яўленымі абвінавачаннямі Марфе Рабковай пагражае да 12-ці гадоў пазбаўлення волі.

Новыя абівнавачванні Марфе Рабковай былі прад’яўленыя неўзабаве пасля дэманстрацыі па нацыянальным тэлебачанні фільма пад назвай “Траціл пратэста”,  у якім даводзіцца пра, нібыта, датычнасць нашай арганізацыі ў цэлым і каардынатаркі валанцёрскай службы Марфы Рабковай да нейкай тэрарыстычнай дзейнасці.

 

Праваабаронцы "Вясны" Марфе Рабковай выставілі новыя абвінавачванні. Ёй пагражае да 12 год турмы

Новыя абвінавачванні Марфе выставілі 11 лютага – пасля прапагандысцкага сюжэту на дзяржаўным тэлебачанні і ў дзень так званага УНС.

У сувязі з гэтым мы, сябры Рады ПЦ “Вясна” адзначаем наступнае:

ПЦ “Вясна” з’ўляецца правабарончай арганізацыяй, якая мае цалкам легітымныя мэты дзейнасці і ажыцяўляе яе зыходзячы з замацаванага ў Дэкларацыі  аб праве і абавязках асобных асобаў, груп і органаў грамадства заахвочваць і абараняць агульнапрызнаныя правы чалавека і асноўныя свабоды права кожнага індывідуальна альбо ў групе асобаў абараняць правы іншых.  

На працягу 25-ці гадоў дзейнасці наша арганізацыя рэгулярна сутыкаецца з актамі ціску, запалохвання і пераследу сябраў арганізацыі за ажыцяўленне праваабрончай дзейнасці, была пазбаўленая дзяржаўнай рэгістрацыі і вымушаная апошнія 18 гадоў абараняць правы чалавека ў краіне без рэгістрацыі Міністэрства юстыцыі.

У розныя гады нам пагражалі крымінальнай адказнасцю за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі, за дыскрыдытацыю Рэспублікі Беларусь, ці абвінавачвалі ў “грубым парушэнні дзеючага заканадаўства”. У 2011 годзе старшыня арганізацыі Алесь Бяляцкі ў выніку палітычна матываванага прысуду, вынесеннага ў парушэнне прынцыпаў справядлівага судовага разбіральніцтва, быў асуджаны на чатыры з паловай гады пазбаўлення волі за нібыта “фінансаванне беларускай радыкальнай апазіцыі”. Аднак арганізацыя працягвала і будзе працягваць сваю дзейнасць, нягледзячы на гэтыя перашкоды з боку афіцыйных уладаў, паколькі нашая праца патрэбная беларускім людзям, беларускаму грамадству.

Ад пачатку чарговага вострага крызісу правоў чалавека ў краіне ў траўні 2020 г., 18 сябраў нашай арганізацыі зведалі ціск і пераслед, уключаючы адміністрацыйныя арышты, за сваю актыўную праваабарончую дзейнасць. Чатыры сябры арганізацыі і валанцёры на дадзены момент знаходзяцца ў СІЗА, у тым ліку і каардынатарка валанцёрскай службы ПЦ “Вясна” Марфа Рабкова.

Мы ў чарговы раз заяўляем, што Марфа Рабкова з’яўляецца правабаронцай ПЦ “Вясна” і падвяргаецца рэпрэсіям выключна за сваю негвалтоўную дзейнасць па абароне правоў чалавека.

Любыя спробы стварэння грамадскага меркавання аб нібыта датычнасці Марфы Рабковай і ПЦ “Вясна” да нейкай “тэрарыстычнай дзейнасці” з’яўляюцца вартымі жалю спробамі маніпуляцыі грамадскім меркаваннем, спробамі стварэння вобраза Марфы як небяспечнай “тэрарысткі” ў вачах грамадскасці. Гэта грубейшым чынам парушае прэзумпцыю невінаватасці, гарантаваную Канстытуцыяй Беларусі яе грамадзянам, што ў сваю чаргу з’яўляецца парушэннем гарантый справядлівага судовага разбіральніцтва.

Як адзначыла Марфа Рабкова, “прадэманстраваны сюжэт з’яўляюцца хлуснёй і лухтой, паколькі мяне ніколі не арыштоваўлі на мяжы за нібыта падпал будынка ва Украіне пяць гадоў таму, а падчас падпалу невядомымі будынка падатковай інспекцыі ў Гомелі чатыры гады таму я была незаконна і прэвентыўна затрыманая напярэдадні “анты-дармаедаўскіх маршаў” і адбывала адміністрацыйны арышт.”

Што ж датычацца саміх прад’яўленых абвінавачванняў, то сябра Рады ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч адзначыў“Чарговыя спробы прыцягнуць да крымінальнай адказнасці па арт. 130 КК за нібыта распальванне варажнечы да такой неіснуючай асобнай сацыяльнай групы, як супрацоўнікі міліцыі, дзяржаўныя чыноўнікі ці іншыя прадстаўнікі дзяржаўнай улады, з’яўляецца яскравым прыкладам прававой непісьменнасці следчых СК, паколькі гэта супярэчыць міжнародным стандартам свабоды выказваня меркавання, неаднаразова сфармуляванымі экспертамі такіх аўтарытэтных міжнародных аганізацыяй, як ААН і АБСЕ.”

Мы расцэньваем нападкі дзяржаўных СМІ на ПЦ “Вясна” і прад’яўленне новых абвінавачанняў сяброўцы нашай арганізацыі Марфе Рабковай як працяг рэпрэсіўных дзеянняў у дачыненні да ПЦ “Вясна” і прадстаўнікоў праваабарончай супольнасці краіны ў цэлым.

Мы патрабуем неадкладна вызваліць з-пад варты правааброцаў ПЦ “Вясна” Марфу Рабкову, Андрэя Чапюка, Леаніда Судаленку і Таццяну Ласіцу, нашых калег з Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргея Драздоўскага і Алега Граблеўскага, а такскма сотняў іншы палітычных зняволеных.

Рукі прэч ад Марфы, рукі прэч ад “Вясны”, рукі прэч ад праваабаронцаў!

 

http://spring96.org/be/news/101876

12.02.2021

Архіў

Сакавік 2021
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031

Відэа

праваабарончыя сайты