Навіны

Размовы гэтае зімы

Яны хіба што муж і жонка, падумаў я. А можа проста суседзі. Ды гэта і не важна. Яны сталага веку мужчына і жанчына, якія патрапілі са мной у адзін ліфт і праехаліся разам усяго пару паверхаў. Але тыя некалькі слоў, якімі гэтыя людзі перакінуліся між сабой, не звяртаючы аніякай увагі на мяне, напраўду можна лічыць сімвалам часу, нейкай народнай мудрасцю, інтуітыўным разуменнем свету, і разам з тым прыманнем непазбежнасці лёсу і нейкую ўнутраную веру ў тое, што мы, беларусы, мусім прайсці сваю дарогу ад пачатку і да канца, якой бы яна не была. І што менавіта цяпер прыйшоў час, які мусіў прыйсці менавіта цяпер…

   – Халера ведае што ўжо ў нас стала рабіцца, – кажа ён і незадаволена круціць галавой. – Зусім нас за людзей ужо не лічаць.

   – А калі ў нас было лёгка?! – Адказвае яна і таксама незадаволена ўздыхае.

   – Што праўда, то праўда. Але так як зараз, то ўжо занадта. Трэба мяняць усё! І хутка!

   – А паглядзі што ў свеце робіцца! Усюды зараз халера ведае што. А ў нас жа заўсёды было горш чым усюды. Ну дык чаго ты хочаш?!

   – Горш то горш! А хай сабе і горш! Гэтым разам няхай і горш будзе, абы не так як зараз ёсць! У кожным выпадку трэба людзьмі заставацца! А без гэтага нічога не патрэбна!

   Яны выйшлі на нейкім там паверсе, я на першым, пайшоў па вуліцы і не мог забыцца гэтай размовы, якая на першы погляд была ні пра што. А на самой справе пра ўсё.

   Пра ўсё! Хоць і не зусім гладка выслаўленае, падзёртае, не звязнае лагічна… Але інтуітыўна ўсё ясна. Пра ўсё! А галоўнае пра тое, што людзі хочуць быць людзьмі. І не проста хочуць, а гатовыя дзеля гэтага ахвяраваць, прычым ахвяраваць тым, чым прыйдзецца. Абы дамагчыся свайго. Такая прага перамен, што дарогі назад няма.

   Словы “…абы не так як зараз ёсць…” азначаюць многае. Людзі паставілі кропку на пэўным этапе існавання. І зараз ужо бессэнсоўна старацца вярнуць усё назад. Калі нашы, менавіта нашы людзі кажуць “…хай сабе і горш будзе, абы не так як зараз…”, то становіцца ясна, нішто і ніхто не зможа вярнуць іх у ранейшы стан.

   Беларусы ў нядаўнія часы не асабліва імкнуліся да перамен. Гістарычны досвед мінулых стагоддзяў падказваў ім, што ў большасці выпадкаў тыя перамены ім выходзілі бокам. Амаль за кожным разам іх чакалі расчараванні і ў пераменах, і ў пераменшчыках. Таму беларусы вельмі асцярожна ставіліся да мажлівасцяў рэзкіх палітычных рухаў у невядомым кірунку і чарговых сацыяльных эксперыментаў над імі. Але вось зараз яны не асцярожнічаюць. Яны гатовыя рызыкнуць, і што самае дзіўнае, не будуць шкадаваць што рызыкнулі, нават калі іх чаканні і надзеі не спраўдзяцца. Так яны вырашылі. А яны ўпартыя. Гэта нацыянальная рыса такая. Калі ўпёрліся, то ўжо да канца.

   Нажаль, не ўсе гэта заўважаюць, ці больш правільна сказаць, не хочуць заўважаць. І тыя, што не заўважаюць, маюць сёння рэальную сілу і ўладу. Яны робяць налёты на грамадскія арганізацыі, на праваабаронцаў, журналістаў, прафсаюзных дзеячоў… Іх спецаперацыі супраць прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці носяць беспрэцэдэнтны па маштабах характар і падобныя на спецаперацыі ў зоне баявых дзеянняў. Уся сілавая машына дзяржавы задзейнічаная як магутны баявы арганізм…

   А пажылая пара ў ліфце ўсё адно стаіць на сваім. І не толькі гэтая пара.

   – Я думаў, што як нічога не атрымаецца ў нас памяняць гэтым летам, то плюну на ўсё і паеду за мяжу, – кажа малады хлопец такой жа маладой дзяўчыне.

   Гэта я пачуў ужо тады, як разважаючы пра сказанае пажылой парай у ліфце пакрысе дасунуўся да прыпынку грамадскага транспарту. А там стаялі яны. Можа хлопец з сваёй дзяўчынай, а можа проста знаёмыя…

   – Дык чаму не з’ехаў? – Пытаецца дзяўчына.

   – Не магу вось проста так узяць, і кінуць тут усё. Гэта я раней думаў, што як нічога не памяняецца, то паеду. А зараз думаю, што пакуль не памяняецца, датуль нікуды адсюль не крануся.

   А ў аўтобусе я пачуў яшчэ адну размову. Яшчэ адна пара размаўляла, людзі сярэдняга веку. Паўтараць яе няма сэнсу. Бо сэнс той размовы прыкладна такі ж, як і папярэднія. Яны, гэтай зімой, у асноўным на адну тэматыку.

   І, здаецца, тэматыку мяняць не збіраюцца ажно да тае пары, пакуль у гэтым натуральным чынам не адпадзе сама неабходнасць.

   Віктар Сазонаў.

Відэа

праваабарончыя сайты