Навіны
Вясны кліч і зімовы ўспамін
Нягледзячы на ўсялякія прыродныя анамаліі, вясна са сваім цяплейшым дыханнем памаленьку сігналіць сваё хуткае прыбыццё і ў падляшскія прасторы і панадворкі. Дзе-нідзе яшчэ на фоне чорнай зямлі кантрастуе доўгі язык снежнай даўніны ці шэрая і збітая купа замарожанай снежнай сумесі.
На небе чародамі з’явіліся дзікія гусі. Іхні крык апавяшчае радасць веснавога прывітання з наваколлем і людзьмі. Іхнія лятучыя ключы нагадваюць лацінскую літару V — быццам тую пераможную вікторыю, што плыве па небе.
Іхні прылёт гэта і перамога над зімою, над тысячамі пераадоленых кіламетраў па тое, каб тут ізноў пасяліцца і даць жыццё чарговым гусіным пакаленням. У мінулыя выходныя можна было амаль цэлы дзень задзіраць галаву ўгару, каб радавацца вестунам пачатку веснавога кругазвароту. А своеасаблівага і кранальнага іх крыку чалавечы род чакае проста з надзеяй.
На ўласныя вочы пашчасціла мне пабачыць над бацькоўскім домам нават па восем гусіных ключоў, лятучых разам і перафарматоўваючыхся проста ў палёце. Нават халодны і пранізлівы вецер не загнаў мяне дадому. Проста, заставалася толькі слухаць і любавацца пабачаным. А дома яшчэ паленыя печкі і цяпло, якое навейвае ўспаміны і схіляе да безупыннага ўглядання праз акно за птушынымі прылётамі. У пэўны момант здалося мне нават, што ўбачыў над вёскай і парку буслоў, якія сваім своеасаблівым кружэннем з’явіліся ў нябеснай прасторы.
Не меў я пад рукою падрыхтаванага бінокля, каб лепей прыглянуцца паветраным госцям, а, выбегшы на двор, ужо іх не пабачыў. Калі аднак узяць характэрную для буслоў манеру палёту, кружэння, ці нават цішыні вандроўкі без клёкату, то не дам сабе рукі адрэзаць, але хіба гэта былі яны — птушкі шчасця вясковага жыцця. Калі вяртаўся з панадворка, адразу станавіўся я пры печцы і разаграваў сваю ззяблую спіну. Ой, якая гэта добрая штука, тая хатняя пліта і печка.
Сам працэс распальвання, даглядання і выгарання ёсць адвечным угляданнем у таямніцу і моц агню, а таксама асэнсоўваннем крохкасці зямнога, якое і так прывядзе нас усіх у прах. Такая цырымонія даглядання агню. Агнём у кухоннай пліце займаліся жанчыны, але напаліць печкі ў маіх аднавяскоўцаў было справай мужчынскай занятасці. Палілі дровы, якія пакуль трапілі ў абдымкі агнявых языкоў, нарыхтоўваліся цягам доўгай і цяжкай працы.
Думкі, успаміны налятаюць адны за другімі, калі ў цішыні слухаеш трэск агню і курштаеш галавешкі, каб згарэлі да канца і такім чынам не дазволілі нам замерзнуць у халодныя дні і ночы. Як прыйдзецца жыць на вёсцы без печак, калі цалкам забароняць паліць драўляным палівам, нават са свайго лесу. Цяжка ўявіць гэта апошнім пушчанскім старажылам. Ну, без электрычнасці можна абысціся, як паказала апошняя зіма, але без печак паленых у холад два разы ўдзень — аніяк.
Тут яшчэ адзін зімовы наяўны ўспамін, да напісання якога не дайшлі проста рукі. З-за буйнога снегападу і марозу ў маёй роднай вёсцы электрычнасці не стала проста на тыдзень часу. Падаючыя пад цяжарам снегу дрэвы ў драбязгі парвалі драты і нават разбілі трансфарматарную скрыню. Адным словам калапс.Тады аднак хутка ў хатах з’явіліся не нафтавыя лямпы, званыя ў народзе калісьці газнікамі, а святлодыёдныя, якія свецяць вельмі ясна і пры тым не даюць аніякага паху. Мяса і астатнія прадукты з халадзільнікаў і маразілак людзі перанеслі ў шпіхерыкі ці піўніцы, дзе дастаткова было холаду, каб яно не сапсавалася. Значыць, можна было пражыць і вярнуцца ў канцы для знаёмай старажылам мінуўшчыны перыяду свайго дзяцінства і маладосці. Але тут пачало ім не хапаць аднаго.... Акурат на экранах тэлебачання загасцяваў расейскі серыял «Казачая любоў». Для нашага, праваслаўнага чалавека такой дозы расслабленасці і душэўнасці не было ўжо даўно. А тут прыйдзе, як сказалі электрыкі, абысціся тыдзень часу без любімых герояў. І здарылася неверагоднае. Пушчанскія людзі паехалі ў Гайнаўку набываць генератары электрычнасці, каб толькі не правароніць ні адной серыі, ні аднаго слова ці сцэны інтрыг, якія маланкава ідуць у ходзе акцыі.
Мяса ляжала там, дзе было вынесена, святлодыёдныя лямпы свяціліся перад і пасля заканчэння фільма. І так, як калісьці бывала, людзі пайшлі глядзець тэлевізар да суседзяў.
Яўген ВАПА