Навіны

Доўгае вызваленне

“Зіма будзе доўгай, трэба падрыхтавацца” – так казаў архіварыюс Шарлемань, адзін з герояў твора пісьменніка Яўгена Шварца. Гэтая п’еса-казка называецца “Цмок” (у арыгінале “Дракон”) і напісана яна была ў 1942-44 гадах, якраз у час другой сусветнай вайны. Пры Сталіну і Хрушчову рабіць яе пастаноўку на сцэне забаранялася. Намнога пазней у 1988 годзе рэжысёрам Маркам Захаравым па матывах гэтага твора быў зняты кінафільм “Забіць дракона”. Стужка стала культавай, а яе змест застаецца актуальным на ўсе часы. А што да гістарычнага развіцця на постсавецкай прасторы – то асабліва.

Былыя рэспублікі Савецкага саюзу па-рознаму і з розным поспехам пазбаўляліся ад камуністычнай спадчыны і русіфікацыі. Найлягчэй гэта было зрабіць тром краінам Балтыі, хоць у Латвіі, у параўнанні з суседнімі Эстоніяй і Літвой, было больш праблемаў, зважаючы на значную колькасць нелатышскага насельніцтва. Пра сярэднеазіяцкія рэспублікі з іх асаблівым гістарычным рэгіянальным менталітэтам тут гаварыць не будзем. Развіталіся з камунізмам у праваслаўных Грузіі і Арменіі, хоць дагэтуль не могуць пазбавіцца ад моцных уплываў Расеі. Прыйшла чарга і Украіны з Малдовай, праўда ў Малдове Расея стварыла ракавую пухліну ў выглядзе Прыднястроўя, а з Украінай увогуле развязала вайну і акупавала Крым.

Сама Расея катэгарычна адмовілася асудзіць злачынствы камунізму і ўжо 21-ы год паслядоўна аднаўляе таталітарную дзяржаву, якой кіруюць генетычныя нашчадкі чэкістаў-энкавэдыстаў. Беларусь Масква пусціла па гэтым шляху яшчэ раней. Па-сутнасці ў Расеі і Беларусі адбылася поўная ідэалагічная рэстаўрацыя ленінізму-сталінізму і зараз Крэмль і яго менскі філіял ужо практычна праводзяць масавыя рэпрэсіі, гатовыя да новага генацыду, гатовыя развязваць новыя знешнія ваенныя канфлікты, а то і войны.   

Вельмі цяжка ацаніць сённяшнія перспектывы развіцця падзей і сітуацыі ў Беларусі. З гледзішча гісторыі, тое, што адбылося ў жніўні мінулага году, наступныя паўгады і працягвае развівацца – гэта вельмі імкліва. З гледзішча асобнага чалавечага жыцця, людзей, якім выпала жыць у такі няпросты перыяд – працэсы ідуць вельмі марудна. Становішча досыць рэзкага пераходу ўлады ад тыднёвай разгубленасці летам да рэзкага ўзмацнення жорсткасці і рэпрэсій увосень, не стала нечым нечаканым. Татальнае разбурэнне прававога поля і таптанне ўсіх нормаў маралі таксама. Даўно зразумела, што гэтая антыбеларуская ўлада ставілася, трымалася і сілкуецца дагэтуль найперш падтрымкай Масквы. Але апошняе да нядаўняга часу чамусьці разумела істотна меншая частка беларускага грамадства. І толькі ад жніўня 2020 года гэтае разуменне нарэшце становіцца масавым і, спадзяюся, вызначальным.

Падзеі апошняга часу ў Беларусі як толькі не называюць – і “недарэвалюцыяй”, і фатальнай паразай і нараджэннем нацыі. Зразумела толькі адно – так як раней ужо ня будзе. Праз час гісторыкі дадуць дакладныя азначэнні, зробяць грунтоўны аналіз і дадуць найменне гэтаму перыяду. Але і цяпер ёсць нават такія меркаванні, што зараз тут, на гэтай тэрыторыі вырашаецца лёс і усёй Еўропы.  

А тое, што адбываецца зараз у Беларусі – гэта агульная расплата нашага народу за сярэдзіну 1990-ых. За тое, што адразу два пакаленні выбралі шлях “назад у СССР”. За тое, што не развіталіся з камуністычнай таталітарнай спадчынай. За тое, што на рэферэндуме 1995 года, хай сабе і несумленным, адмовіліся ад адзінай дзяржаўнай беларускай мовы, што прывяло да страшнай русіфікацыі, страты духовага імунітэту і далей па-сутнасці масавай калабарацыі. Думаецца, што такога маштабу нейкай асаблівай калабарацыі наша шматпакутная зямля, якая перажывала розныя нашэсці, яшчэ не ведала. Так што тысячу разоў мае рацыю Зміцер Дашкевіч, калі кажа, што калі чвэрць стагоддзя выбудоўвалася цэлая сістэма зла з удзелам вялізнай колькасці людзей, хуткага вызвалення і кардынальнай змены становішча ў краіне проста не магло быць.

Змаганне з цмокам будзе доўгім…    

Уладзімір Хільмановіч

17.03.2021 Тэгі: пераслед

Відэа

праваабарончыя сайты