Навіны

Яўген Вапа: Улады ў Беларусі мэтанакіравана знішчаюць усе незалежныя асяродкі

Апошнім часам адбываецца жорсткі ціск на не прызнаны ўладамі Саюз палякаў у Беларусі. Пра гэта размаўляем з Яўгенам Вапам – старшынём Беларускага саюза ў Польшчы – арганізацыі, якая аб’ядноўвае беларускую нацыянальную меншасць у Польшчы.

РР: Як нам, нацыянальнай меншасці ў Польшчы, ставіцца да таго, што зараз адбываецца з палякамі ў Беларусі?

Яўген Вапа: З прыходам Аляксандра Лукашэнкі да ўлады церпяць усе грамадзяне Беларусі. У тым ліку і польская нацыянальная меншасць. Нацыянальныя меншасці становяцца закладнікамі палітыкі, якая мае паказаць, што з дыктатарам трэба размаўляць на ягоных умовах.

РР: Калі раней пад пераслед траплялі перадусім кіраўнікі польскіх арганізацый  у Беларусі, то зараз гэта і школьніцтва, і настаўнікі, нават робяцца нейкія спісы вучняў, якія ходзяць на заняткі ў польскія школы.

Яўген Вапа: Гэта сумная сітуацыя. Не мусіць быць ні ў адной дзяржаве, каб меншасці станавіліся закладнікамі. Распальванне варажнечы паміж палякамі і беларусамі на дзяржаўным роўні выгадна Маскве. Для мяне тое, што адбываецца такое беззаконне ў Беларусі ў дачыненні да ўсіх грамадзян – гэта страшна. У Беларусі антыдэмакратычная дзяржава для ўсіх. Трэба было сённяшняй уладзе паказаць сілу, яна ўзялася за Саюз палякаў. Тыдзень раней узяліся за журналістаў і за праваабаронцаў. Гэта мэтанакіраваная палітыка, якая мае на мэце знішчыць усе незалежныя асяродкі.

Трэба памятаць, што ў гэтай сітуацыі важную ролю мае падтрымка Польшчы: шэф канцылярыі польскага прэм’ера Міхал Дворчык заявіў, што суддзі, які прысудзіў арышт Анжаліцы Борыс, бестэрмінова забаронены ўезд у Рэспубліку Польшча. То я хацеў бы таксама, каб бестэрміновую забарону на ўезд у Польшчу атрымалі ўсе суддзі, якія незаконна асудзілі беларускіх грамадзян. І каб гэта зрабіў увесь Еўразвяз.

РР: Як можам праявіць сваю салідарнасць з палякамі ў Беларусі? Мы ж дакладна ведаем, што значыць быць нацыянальнай меншасцю.

Яўген Вапа: Трэба пра гэта гаварыць. Мы за тое, каб кожная нацыянальная меншасць мела права на сваё развіццё, на сваю асвету, на сваю культурную тоеснасць. Мы гэта цалкам падтрымліваем. Мы не палітыкі. Наша дапамога – адкрыта пра гэта гаварыць і інфармаваць.

Гутарыў Міхал Андрасюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток

Чытай больш на: https://www.racyja.com/sumezhzha/yaugen-vapa-ulady-u-belarusi-metanakir/

26.03.2021
Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя

Архіў

Красавік 2021
1234
567891011
12131415161718
19202122232425
2627282930

Відэа

праваабарончыя сайты