Навіны
Жыць для Беларусі
Жыве Беларусь!
Фельетон пачынаю клічам, якім звычайна завяршаем святкаванні чарговай гадавіны аб’яўлення 25 Сакавіка 1918 года на геапалітычнай карце Еўропы Беларускай Народнай Рэспублікі.
Жыве Беларусь — бо ўжо звыш паўгода ў дваццаць першым стагоддзі маем дачыненне з палітычным беларускім паўстаннем супраць дыктатуры Аляксандра Лукашэнкі і затым поўнай падпарадкаванасці дзяржавы яе ўсходняму суседу. Цяпер у час крывавых палітычных рэпрэсій да ўласнага народа відаць аж надта выразна, як важным крокам у будучыню быў тадышні пачын нашых продкаў. Пачын, які суседзям і свету выразна і канкрэтна дэклараваў волю беларускага народа на сваю незалежную дзяржаву. Дзяржава, у якой усе яе грамадзяне, таксама і іншых нацыянальнасцей, маюць права на сваю моўную і культурную адметнасць.
Такім чынам тадышняя дэкларацыя Акту 25 Сакавіка па сённяшні дзень застаецца быць актуальнай і для кожнай дэмакратычнай дзяржавы. Ствараць сваю дзяржаву на зломе 1917 і 1918 гадоў ва ўмовах тадышняй мілітарнай і геапалітычнай сітуацыі аказалася нерэальным. Без уласных штыкоў на фоне пераўтварэнняў на палітычнай карце Еўропы не ўдалося абараніць свае незалежнасці. У палітыцы няма сентыментаў і тадышнія найбольшыя палітычныя гульцы пры дапамозе зброі і перамір’яў стараліся скласці новы парадак, але выгадны толькі з іх пункту гледжання.
Нічога затым дзіўнага, што многія гісторыкі канец Першай сусветнай вайны з яе канчатковымі пагадненнямі называюць перадумовай непазбежнага выбуху дваццаць гадоў пазней Другой сусветнай вайны.
У нашым беларускім выпадку, гаворачы пра міжнародныя гістарычныя абставіны, якія паклалі адмоўны адбітак на тым, што не ўзнікла ў 1918 годзе наша незалежнасць, то ідучы па чарзе трэба памятаць пра брэсцкі трактат ад 3 сакавіка 1918 года заключаны паміж нямецкай, аўстра-венгерскай, балгарскай і асманскай дзяржавамі і савецкай Расіяй наконт выхаду Расіі з вайны і падзелу сферы ўплываў у гэтай частцы Еўропы.
Раней 9 лютага 1918 года немцамі быў падпісаны ў Берасці дагавор з Украінскай Народнай Рэспублікай, якой аддаваліся значныя тэрыторыі беларускага арэалу ўключна з часткай Падляшша. Нямецкая палітыка дзялі і ўпраўляй на фоне яе канчатковай мілітарнай паразы здавалася не мець канца. Сваю паразу немцы і яе саюзнікі мусілі пракаўкнуць бы тую горкую жабу ў час падпісання версальскага трактату 28 чэрвеня 1919 года, які ўступіў у сілу 10 студзеня 1920 года ў Парыжы. Новы еўрапейскі лад, вызначаны брытанска-французскімі інтарэсамі і ўяўленнямі, не прадбачваў беларускай ці ўкраінскай незалежнасці, а партнёрам на ўсходзе бачылася ім савецкая Расея як пераемніца царскага партнёрства.
Беларусы і версальская канферэнцыя гэта тэма не толькі для гісторыкаў. Напрыклад, незалежная беларуская кінематаграфія павінна будзе паставіць палітычны трылер на тэму тадышняй сітуацыі. І ўрэшце канчатковы, палітычны ўдар па беларускай справе нанесла рыжская дамова ад 18 сакавіка 1921 года паміж Польшчай і савецкай Расіяй, якая падзяліла Беларусь паміж Варшавай і Масквой. Акурат мінае сто гадоў ад гэтай сумнай падзеі. Хай аднак тадышні ўрок гісторыі застаецца ў памяці не толькі палітыкаў, але перш за ўсё ў нацыянальнай памяці.
У сённяшняй неспакойнай Еўропе ёсць, на жаль, палітычныя сілы, якія правакуюць ідэямі вяртання ў часы рыжскай дамовы. Адкрытым тэкстам час ад часу агучвае такія развязкі расійскі палітык Уладзімір Жырыноўскі. Першапачаткова пры ўкраінскім крызісе прапанаваў Польшчы падзел Украіны. Цяпер робіць згадкі пра інкарпарацыю Беларусі з улікам прапаноў для польскага боку. Здаўна вядома, што такія палітычныя бомбы, не бываюць выпадковымі. За іх агучваннем стаяць своеасаблівыя крамлёўскія кансультацыі, якія маюць на мэце толькі адно — не дапусціць да якіх-колечы перамен на іхнім заходнім напрамку. Таму Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка — іх стаўленік і гарант іхніх інтарэсаў — для сваіх пратэктараў з’яўляецца толькі іхняй картай, хаця моцна сыгранай.
Памятаючы пра нашу гісторыю, бачым і зараз, як цяжка і складана будзе ажыццявіць ідэі Беларускай Народнай Рэспублікі. У юбілейную дату шануем нашых гістарычных герояў, але аддаем павагу ўсім змагарам сённяшняга часу.
Жыве Беларусь!
Яўген Вапа