Навіны

Справа чатырох: апошняе слова падсудных

29 сакавіка ў судзе Ленінскага раёну адбыўся працяг разгляду крымінальнай справы чатырох чалавек. 

Гэтых людзей вінавацяць па артыкуле 364 (частка 1) Крымінальнага кодэксу. Справа ідзе пра падзеі ў Гародні 27 верасня. На лаве падсудных чатыры чалавекі: Міхаіл ЮдзінВадзім ХіжнякоўСяргей Яфімовіч (жыхары Гародні) і Андрэй Севяртока (з гораду Масты). Севяртоку таксама вінавацяць па артыкуле 413.

Справу вядзе суддзя Генадзь Мазайла. Дзяржаўны абвінаваўца - памочнік пракурора Гародні Сяргей Петрашко. Пракурор прапануе судддзю пакараць падсудных наступнымі тэрмінамі: 

Міхаіла Яфімовіча і Вадзіма Хіжнякова - 2 з паловай гадамі пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму;

Міхаіла Юдзіна - 4 гадамі пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму;

Андрэя Севяртоку - 5 з паловай гадамі пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

фота праваабаронца Рамана Юргеля

29 сакавіка абвінавачаныя выступілі з апошнім словам. Першым выступіў Міхаіл Яфімовіч. Ён сказаў, што справа была пачатая незаконна, не было дастаткова дадзеных для пачынання крымінальнай справы, матэрыялы праверкі ў справе адсутнічалі, МАСК не прадаставіў іх нават у суд. Рапарты складзены і падпісаны адным чалавекам. Невядома чый подпіс на рапарце, што можа быць службовым падлогам. Гэтаму ўсяму ў судовым працэсе не дадзена належная ацэнка, не была праведзена экспертыза. Пацярпелыя омоновцы Башко і Заяц не звярнуліся з заявамі ў РАУС. Пракурорам не была дадзеная ацэнка законнасці пачынання крымінальнай справы. Доказы органамі следства атрыманыя з парушэннем заканадаўства. Не згодзен, што былі дзеянні групы асобаў, насамрэч сувязі паміж абвінавачанымі не было. Гэта выключае дзеянні групай асобаў. Яфімовіч сказаў, што ўпершыню ўбачыўся з іншымі абвінавачанымі толькі ў залі суду 6 студзеня 2021 года. Ён не ведаў, што людзі ў чорным былі супрацоўнікамі ОМОНа, знакі адрознення на гэтым чорным адзенні адсутнічалі. Яфімовіч кінуў толькі папяровы кубачак у бок дарогі, убачыўшы збіванне людзей, хочучы такім чынам адцягнуць увагу тых, хто біў. Ніякага гвалту ў дачыненні омоновкі Заяц не прымяняў. Відэарэгістратар на Заяц быў, хоць яна сказала, што забыла яго ўключыць. Але ў адказе УУС Гарадзенскага аблвыканкаму ўвогуле напісана, што відэарэгістратары не выдаваліся. Заяц на судзе на Яфімовіча не паказала. Фактычна ніякіх доказаў віны няма, таму Яфімовіч просіць суд поўнасцю яго апраўдаць і вызваліць з пад варты.

Слова Міхаіла Юдзіна было значна карацейшым. Ён сказаў, што шкадуе пра тое, што знаходзіцца ў судзе, мае працу, дзвюх малалетніх дачок і просіць яго апраўдаць.
 
Вадзім Хіжнякоў падтрымаў усё сказанае Яфімовічам. Ён сказаў, што доказаў яго віны не было як на этапе следства, так і ў судовым разглядзе справы і просіць яго апраўдаць.
 
Апошнім выступіў Андрэй Севяртока. Ён быў судзімы раней, але як ён сказаў за забойства бандыта. Сказаў пра сваю актыўную грамадзянскую пазіцыю, пра тое, што не ехаў у Гародню здзяйсняць нейкія гвалтоўныя дзеянні. Не згодзен з заключэннем псіхіятраў пра яго залежнасць ад алкаголю, не згодзен з характарыстыкай з працы. Прызнае, што ў пэўны момант выявіў жорсткасць у дачыненні да Заяц, але склаў свае прабачэнні ёй. Але з пазовам не згодны. З Башко ўвогуле не сутыкаўся. Лічыць, што не трэба адпраўляць грамадзян у месцы пазбаўлення волі без важкіх падставаў, каб яны там толькі радыкалізоўваліся. Заявіў, што ў прэсе ідзе нацкоўванне адной часткі грамадства на іншую. Дома ў яго засталася састарэлая маці. Заявіў, што ён не нясе небяспекі для грамадства і спадзяецца на справядлівы прысуд. Просіць суд прыняць узважанае рашэнне.
 
Прысуд па справе будзе агучаны 30 сакавіка ў 11 гадзін.

Архіў

Красавік 2021
1234
567891011
12131415161718
19202122232425
2627282930

Відэа

праваабарончыя сайты